Майстар-клас па рабоце на сучасным артраскапічным комплексе даў у Лідскай раённай бальніцы галоўны пазаштатны траўматолаг Міністэрства аховы здароўя, дырэктар РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар медыцынскіх навук, прафесар Міхаіл Герасіменка.
Аб гэтым паведамілі БелТА ва ўстанове аховы здароўя.
Як растлумачылі спецыялісты, артраскапія — гэта малаінвазіўны метад дыягностыкі і лячэння суставаў, які шырока прымяняецца ў траўматалогіі і артапедыі. Ён заключаецца ў выкарыстанні спецыяльнага аптычнага прыбора — артраскопа ў суставе праз невялікія праколы. Гэта дазваляе траўматолаг-артапеда дэталёва агледзець унутраныя структуры сустава і пры неабходнасці адразу выканаць хірургічнае ўмяшанне
Артраскапія выкарыстоўваецца для дыягностыкі і лячэння розных захворванняў і траўмаў суставаў: пашкоджанне меніскаў і звязкаў каленнага сустава, разрывы рататарнай абшэўкі плечавага сустава, артрыты і артрозы на ранніх стадыях, запаленчыя і дэгенератыўныя захворванні суставаў, выкарыстоўваецца для выдалення храстковых або касцяных фрагментаў пасля траўмаў. Яе перавагі — мінімальная траўматычнасць, хуткае аднаўленне, высокая дакладнасць дыягностыкі, а таксама зніжэнне пасляаперацыйных ускладненняў і эстэтычны вынік — адсутнасць вялікіх шрамаў пасля працэдуры.
- Штогод у Рэспубліцы Беларусь выконваецца каля 5 тыс. такіх умяшанняў на рэспубліканскім, абласным і міжраённым узроўнях. «Артраскапічны комплекс закуплены за сродкі рэспубліканскага бюджэту, — сказаў Міхаіл Герасіменка. — Дзякуючы гэтаму ў Лідскай ЦРБ ствараецца міжраённы артраскапічны цэнтр, высокаспецыялізаваная дапамога тут будзе аказвацца жыхарам некалькіх раёнаў. Урачы, якія будуць тут працаваць, прайшлі падрыхтоўку ў гродзенскай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі».
З пачаткам работы міжраённага артраскапічнага цэнтра і асваеннем новых аперацый у планах у лідскіх медыкаў укараненне пратэзавання каленных суставаў.