Змрочны лес, дзе ў кожным кутку можа падсцерагаць нечаканасць, падманлівая цішыня, у якой хаваецца дзікі звер, стрэльба, цяжар якой адцягвае руку, — здаецца, тут няма месца жанчыне. Аднак Наталля Філістовіч парушае ўсе стэрэатыпы пра слабы пол. 26 гадоў таму яна звязала сваё жыццё з лясной гаспадаркай і дагэтуль застаецца вернай свайму выбару. Як праходзяць будні жанчыны-егера, мы даведаліся, адправіўшыся на яе працоўнае месца — у лес.
Тое, чым хочацца займацца кожны дзень
З дзяцінства простая вясковая дзяўчынка Наталля шмат часу праводзіла ў лесе. Разам з сябрамі, гуляючы «ў вайну», будавала зямлянкі, збірала суніцы. Вёска навучыла дзяўчынку не баяцца цяжкай фізічнай працы, а блізкасць да прыроды навучыла бачыць прыгажосць у простых рэчах. «Як расце лес?», «Чаму тут расце мох, а там толькі багун?», «Ці ёсць у дрэў памяць?» — падобныя пытанні заўсёды хвалявалі маленькую Наташу, і ніхто не здзівіўся, калі пасля заканчэння школы дзяўчынка паступіла ў Полацкі тэхнікум лясной гаспадаркі (сёння Полацкі дзяржаўны лясны каледж). У жніўні 2000 года Наталля прыйшла ў Красненскае лясніцтва (Маладзечанскі раён) у якасці майстра лесу. Сустрэла былую студэнтку памочнік ляснічага Зоя Міхайлаўна Мянцюк, якая правяла для новай супрацоўніцы сапраўдны экзамен. Нягледзячы на адсутнасць жыццёвага і прафесійнага вопыту, Наталля змагла праявіць сябе і адразу заслужыць павагу калег. «Дзіўна, але не было ніякага непрымання. Леснікі адразу аднесліся да мяне з павагай, уважліва слухалі даручэнні і ніколі не сумняваліся ў маіх ведах. Думаю, гэта і паўплывала на маё рашэнне застацца ў гэтай сферы, у гэтым лясгасе», — успамінае жанчына.

Прайшло больш як чвэрць стагоддзя плённай працы ў галіне лясной гаспадаркі, і Наталля Філістовіч упэўнена, што выбрала правільны шлях. «Дзе яшчэ я змагу гуляць па лесе і атрымліваць асалоду ад спеваў птушак? — усміхаецца гераіня.
— Калі вярнуцца ў мінулае і зноў выбіраць свой шлях, маё сэрца ўсё роўна належыць лясгасу. Гэта тое, чым хочацца займацца кожны дзень».
У прафесію праз каханне
Наталля Філістовіч паспела папрацаваць начальнікам гадавальніка Гарадоцкага лясніцтва, інжынерам-радыёлагам, інжэнерам-лесапатолагам, лесніком, аднак на пасаду егера прыйшла праз каханне. Муж гераіні быў заўзятым паляўнічым. Менавіта ён адкрыў для Наталлі свет палявання і назірання за дзікімі жывёламі. Спачатку жанчына проста суправаджала яго, дамаўлялася ў лясгасе наконт дазволу на паляванне. Пасля яе зацікаўленасць заўважыла кіраўніцтва Маладзечанскага лясгаса і прапанавала перайсці на пасаду егера. Так любоў да чалавека перарасла ў любоў да яго захаплення.

У абавязкі егера ўваходзяць розныя біятэхнічныя мерапрыемствы, зімняя падкормка ласёў, аленяў і казуль, усталяванне саланцоў, падлік дзікіх жывёл на тэрыторыі лясгаса, арганізацыя і суправаджэнне паляванняў. Здаецца, апошняе зусім не стыкуецца з традыцыйным вобразам жанчыны, аднак Наталля Філістовіч абвяргае ўсе сацыяльныя стэрэатыпы. «Безумоўна, спачатку многія знаёмыя мяне не разумелі. У сучасным грамадстве распаўсюджана меркаванне, што паляванне — гэта дрэнна. Аднак калі не кантраляваць папуляцыю, прырода возьме сваё. Яна заўсёды перамагае чалавека, таму гэта проста неабходныя меры і для нас, і для іх», — лічыць егер. Жанчына вельмі добра памятае сваё першае «працоўнае» паляванне. Тым разам здабылі дзікага кабана. «Паляўнічы вельмі здзівіўся, калі даведаўся, што гэта маё баявое хрышчэнне, — смяецца Наталля. — Вельмі дапамог вопыт палявання з мужам». Аднак гераіня прызнаецца, што калі ідзе паляванне на самак, сэрца балюча сціскаецца, але такія законы жыцця...

Работа егера цесна звязана з фізічнай працай, але гэта ніколі не палохала жанчыну. Загартаваная вясковай паўсядзённасцю, яна спакойна выносіць складаныя асаблівасці працы: носіць цяжкія мяшкі з кормам для дзікіх жывёл, пераадольвае вялікія адлегласці пешшу. Гэта мы ўбачылі на свае вочы, калі разам з егерам адправіліся карміць сям’ю плямістых аленяў.
Жывёлы сустракалі карміцельку ўжо каля варот. І ў дождж, і ў снег, і ў спёку Наталля Філістовіч прыходзіць сюды карміць лясных звяроў. «Мяне фізічная праца падбадзёрвае», — прызнаецца егер.
Жыццё па-за лесам
Праца займае вялікую частку жыцця гераіні. Дзеці выраслі, паехалі вучыцца, і цяпер Наталля можа цалкам прысвяціць сябе справе жыцця. У сезон палявання жанчына кожныя выхадныя праводзіць у лесе. Паляваць у Маладзечанскі раён прыязджаюць з усёй краіны і нават з Расіі. Суправаджае егера на паляванне верная сяброўка — руская гончая Альма, якую яны разам з мужам узялі яшчэ шчанём. «У сезон палявання Альма гаўкае замест мяне», — жартуе гераіня. Аднак акрамя працы, жанчына паспявае займацца і любімымі хобі — вырошчвае хатнія кветкі, вяжа сурвэткі кручком, шкарпэткі, каб зімой у лесе было цёпла. «На агарод, вядома, часу няма. Але я не сумую. Жыву адна, мне многа не трэба».

Са студэнцкіх часоў важнай часткай жыцця Наталлі застаецца спорт. Кожная раніца пачынаецца з зарадкі. «На сур’ёзную трэніроўку, як раней, часу не застаецца, але мне хапае. Па рабоце часта прыходзіцца хадзіць пешшу ці ездзіць на веласіпедзе. Ён — мой трэнажор».
Наталля Філістовіч лічыць, што для беларускай жанчыны няма меж у любой прафесіі. Галоўнае — шчыра любіць тое, што робіш, і верыць ва ўласныя сілы.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Фота Лізаветы ГОЛАД