Top.Mail.Ru

Многія якасныя і карысныя прадукты на нашых сталах — вынік работы вучоных

Навука на талерцы

Сёння ў выставачным цэнтры «БелЭкспа» распачынае сваю работу 32-я Міжнародная спецыялізаваная выстаўка-кірмаш PRODEXPO-2026, на якой прадстаўлены самыя смачныя навінкі харчовай прамысловасці. Як правіла, галоўны экспанент на гэтым форуме — беларускія прадпрыемствы. Але іх поспехі ў многім залежаць ад распрацовак вучоных, у прыватнасці, Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па харчаванні, які, дарэчы, з'яўляецца адным з арганізатараў PRODEXPO.

НПЦ па харчаванні займаецца навуковым суправаджэннем усіх галін харчовай прамысловасці. Па выніках мінулай пяцігодкі, дзякуючы рэалізаваным спецыялістамі цэнтра мерапрыемствам і праектам прадпрыемствамі краіны было выпушчана прадукцыі на суму больш чым 95 мільёнаў долараў.

Дзякуючы вучоным рэалізуюцца новыя ідэі, распрацоўваюцца лабараторныя тэхналогіі, якія пасля ўкараняюцца на прадпрыемствах. У рамках буйной дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмы «Інавацыйныя і лічбавыя тэхналогіі ў АПК» , разлічанай на 2026–2030 гады, цэнтр вырашае задачы, звязаныя з вытворчасцю прадуктаў харчавання.

Не кожная бульба можа стаць фры

Як расказаў намеснік генеральнага дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Навукова практычнага цэнтра НАН Беларусі па харчаванні Дзмітрый Зайчанка, адзін з кірункаў, у якім задзейнічаны вучоныя, — распрацоўка і ўдасканаленне тэхналогій вытворчасці бульбы-фры. У Беларусі ёсць прадпрыемствы, гатовыя выпускаць такі прадукт, але сёння важна падабраць тэхналагічныя рэжымы, адаптаваць вытворчасць пад уласную сыравіну і дабіцца стабільнай якасці, каб на паверхні брусочка захоўвалася хрумсткая скарыначка, раўнамерная тэкстура і колер.

Вучоныя працуюць над пашырэннем прадукцыі з высокім утрыманнем бялку, у тым ліку кансерваў на аснове бабовых культур. У найбліжэйшы час плануецца завяршыць праект па вытворчасці запатрабаванай сёння на харчовым рынку аквафабы. Яна «здабываецца» з адвару нуту (бабовай культуры). Ён канцэнтруецца, высушваецца і атрымліваецца раслінны бялок, максімальна прыбліжаны па складзе да яечнага.

Плануецца распрацаваць тэхналогіі вытворчасці новых відаў тлушчаў спецыяльнага прызначэння — замяняльнікаў малочнага тлушчу, якія можна будзе выкарыстоўваць для начыння вафель і цукерак. Такія напрацоўкі дазволяць знізіць імпарт падобнай замежнай прадукцыі. Вучоныя хочуць падабраць тлушчавыя кампазіцыі, у тым ліку з уводам вадкага расліннага айчыннага рапсавага алею. Стаіць задача стварыць прадукт са збалансаваным складам, багатым поліненасычанымі тлустымі кіслотамі без пагаршэння паказальнікаў якасці падчас захоўвання.

Для кандытарскай галіны вучоныя хочуць стварыць прадукцыю з нізкім утрыманнем цукру, якая будзе служыць крыніцай харчовых валокнаў, адрознівацца павялічанай колькасцю бялку. Сёння ў харчовай прамысловасці выкарыстоўваецца шэраг натуральных харчовых валокнаў, якія якраз і даюць салодкі смак. Сярод новых кандытарскіх прадуктаў будуць батончыкі і жэлейныя вырабы.

Бактэрыі для айчынных заквасак

Вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю біятэхналогій. Так,на адным з філіялаў цэнтра — дзяржпрадпрыемствае «Белтэхнахлеб» сумесна з Інстытутам мікрабіялогіі вядуцца работы па стварэнні айчыннага мікробнага кансорцыума і распрацоўкі на яго аснове тэхналогій вытворчасці ржаной закваскі для хлебапякарнай прамысловасці.

На біятэхналогіі звярнулі ўвагу і супрацоўнікі Інстытута мясамалочнай прамысловасці. У Беларусі плануецца ўпершыню распрацаваць тэхналогіі вытворчасці культур на аснове лактабактэрый для вытворчасці мясных і малочных прадуктаў. Бактэрыяльныя прэпараты забяспечваюць пэўныя біяхімічныя працэсы ў мясной сыравіне дзякуючы прадуцыраванню ферментаў, вітамінаў, бялкоў і незаменных амінакіслот. Так, павышаецца біялагічная каштоўнасць прадуктаў і іх бяспечнасць. Дабаўленне такіх культур павялічвае ўстойлівасць пры захаванні, паляпшае кансістэнцыю гатовага прадукту.

У малочнай прамысловасці лактабактэрыі даюць антымікробны эфект, а таксама прадуцыруюць спектр біялагічнаактыўных рэчываў. Актуальнай з’яўляецца распрацоўка на аснове мікраарганізмаў імпартазамяшчальнай прадукцыі — заквасак для вырабу розных малочных прадуктаў.

Акрамя таго, вядзецца работа па распрацоўцы тэхналогіі вытворчасці замарожаных канцэнтрыраваных заквасак для цэльнамалочных прадуктаў і сыроў.

Мяса без касцей і «энергазберагальны» цукар

Вучоныя клапоцяцца і пра пашырэнне асартыменту. 

У планах — распрацоўка новай тэхналогіі вытворчасці мяса птушкі мяккай сепарацыі, якая дазволіць выключыць утрыманне косткавых уключэнняў у сыравіне і палепшыць тэхналагічныя якасці і харчовую каштоўнасць прадуктаў.

Інстытут задзейнічаны ў буйной дзяржаўнай навукова-практычнай праграме «Інавацыйныя харчовыя тэхналогіі», заказчыкам якой з’яўляецца канцэрн «Белхарчпрам». 

У рамках яе плануецца стварыць навукова-метадалагічную базу хіміка-тэхналагічнага кантролю і ўліку пры вытворчасці цукру. Як заўважыў Дзмітрый Зайчанка, вытворчасць цукру — даволі складаны і энергаёмкі працэс. Заводы аснашчаюцца на высокім тэхналагічным узроўні і дзеючая на сёння база тэхнічнага хімкантролю павінна адпавядаць росту ўзроўню вытворчасці. Вызначаюцца параметры, якія трэба кантраляваць на кожнай стадыі цукру, пачынаючы ад якасці і паказальнікаў сыравіны. Распрацоўваюцца таксама рэсурсазберагальныя тэхналогіі атрымання цукру на аснове аптымізацыі прымянення дапаможных тэхналагічных сродкаў.

Вядуцца работы па ўдасканаленні тэхналогій вытворчасці і сумесна з ААТ «Белсолад».

У нашай краіне арганізаваны выпуск віскі, сёння гэта поўны працэс — ад атрымання збожжавых дыстылятаў да купажыравання, разліву. Адна з праблем, якую трэба вырашыць, пытанні разліватрываласці айчыннага прадукту.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю