Top.Mail.Ru

МНС: Масавыя гулянні патрабуюць асаблівай увагі да ўласнай бяспекі

Традыцыйнае свята «Купале», вядомае таксама як «Александрыя збірае сяброў», адбудзецца 11 і 12 ліпеня ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна. 


Мерапрыемства нязменна прыцягвае тысячы гасцей сваёй маштабнасцю, яркасцю і непаўторнай атмасферай: карагоды, песні, гульні — усё тое, без чаго нельга ўявіць народнае свята. Але работнікі МНС папярэджваюць: масавыя гулянні патрабуюць асаблівай увагі да ўласнай бяспекі.

Збіраючыся на свята, грувасткія сумкі і аб’ёмныя заплечнікі лепш пакінуць дома — у шчыльным натоўпе яны будуць перашкаджаць і ствараць лішні дыскамфорт. Адзенне павінна быць зручным: гальштукі і туфлі на высокім абцасе — не лепшы выбар для такога мерапрыемства. Нішто не павінна скоўваць рухі і адцягваць увагу.

Але самая сур’ёзная небяспека пры вялікай колькасці людзей, адзначаюць спецыялісты, — гэта феномен неўсвядомленага эмацыянальнага «заражэння». Калі натоўп ахоплівае паніка, людзі губляюць індывідуальнасць і становяцца часткай разбуральнай сілы. Адбываецца гэта раптоўна, таму важна не прапусціць момант, захоўваць стрыманасць і кантраляваць свае дзеянні.


Як падкрэсліваюць работнікі МНС, унутры натоўпу асноўнае правіла — ніколі не рухацца супраць яго патоку. Старайцеся трымацца далей як ад цэнтра, так і ад краёў, дзе нагрузка асабліва вялікая. Небяспеку ўяўляюць і нерухомыя перашкоды на шляху — слупы, дрэвы, платы, урны, будынкі, іх шкляныя вітрыны або вузкія праходы. У шчыльнай масе людзей неабходна зашпіліць адзенне, кінуць прадметы ў руках, па магчымасці — зняць абутак на абцасах. І ні ў якім разе не спрабуйце падняць рэч, што ўпала, нават калі яна вельмі дарагая, — жыццё важней. Рукі лепш трымаць счэпленымі ў замку, складзенымі на грудзях або прыціснутымі да корпуса — так зніжаецца рызыка ўдушша.

Аміна НАЗАРАВА
Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю