У МНС нагадалі пра фактары небяспекі пры навальніцы і моцным дажджы, паведамляе БелТА.
У ведамстве адзначылі, што раніцай і днём 6 жніўня ў краіне чакаюцца навальніцы, у асобных раёнах па паўднёва-ўсходняй частцы — моцныя дажджы. У сувязі з гэтым узнікае шэраг фактараў небяспекі. Сярод іх — пашкоджанне (абрыў) ліній сувязі і электраперадачы, парушэнне электразабеспячэння, пашкоджанне (абвальванне) слаба ўмацаваных канструкцый, дахаў будынкаў, збудаванняў, падзенне дрэў, зніжэнне бачнасці, цяжкасць руху транспарту.
Акрамя таго, павялічваецца верагоднасць узнікнення дарожна-транспартных здарэнняў, гібелі людзей на вадзе пры купанні, падтаплення асобных дамоў, гаспадарчых пабудоў, агародаў, сельгасугоддзяў, аўтадарог мясцовага значэння.