Улетку больш за ўсё небяспецы падвяргаюцца дзеці. Таму абавязкова растлумачце ім, як трэба сябе паводзіць на вадаёме, каб не трапіць у бяду. Не выпускайце іх з-пад увагі — заўсёды будзьце напагатове, бо дапамога можа спатрэбіцца ў любы момант. Памятайце, што з’яўляецеся для дзіцяці прыкладам, таму і самі строга выконвайце правілы паводзін на вадзе!
Адна з праблем купання — страта пачуцця меры, хаця доўгае знаходжанне ў вадзе прыводзіць да пераахаладжэння. Дрыжыкі павінны стаць падставай неадкладна выйсці на бераг і сагрэцца, напрыклад, зрабіўшы невялікую энергічную прабежку. Працягласць плавання залежыць ад тэмпературы вады і паветра, сілы ветру. Аптымальныя ўмовы — яснае зацішнае надвор’е ад +25 °С і вада не ніжэй за +18 °С.
Заходзьце ў ваду паступова, каб пазбегнуць рэзкага перападу тэмператур і спазму сасудаў. Не спяшайцеся акунацца адразу пасля моцнага перагрэву: адыдзіце ў цень, астыньце і толькі потым ідзіце плаваць. Не варта купацца на галодны ці поўны страўнік — лепш праз паўтары гадзіны пасля яды.
Ні ў якім разе не купайцеся ў навальніцу!
Здзяйсняючы далёкія заплывы, эканомна расходвайце сілы, час ад часу спыняйцеся перадыхнуць на вадзе: лежачы на спіне або прыціснуўшы калені і локці да грудзей і жывата (паплаўком). Не заплывайце далёка ад берага на надзіманых матрацах і кругах, асабліва калі навык плавання пакідае жадаць лепшага. У гэтым выпадку трымайцеся бліжэй да берага, каб у любы момант дакрануцца да дна нагамі.
Асноўныя правілы бяспечных паводзін на вадзе
1. Купацца толькі ў адведзеных для гэтага месцах.
2. Не заплываць за знакі агароджы зон купання.
3. Не купацца ў стане алкагольнага ап’янення, не ныраць з мастоў, прыстаняў і іншых месцаў.
4. Весці дбайнае назіранне за дзецьмі, якія купаюцца (на адлегласці выцягнутай рукі).
5. Не плаваць на надзіманых камерах.
6. Не весці гульні на вадзе, звязаныя з захопамі, не падаваць ілжывыя сігналы аб дапамозе.
7. Не падплываць блізка да суднаў, лодак.
8. Пры катанні на лодцы выконваць правілы руху на вадаёмах, абавязкова мець выратавальны круг і выратавальныя камізэлькі па колькасці пасажыраў, нельга перагружаць лодку і саджаць у лодку малалетніх дзяцей без дарослых.
Правілы паводзін на вадзе для дзяцей
1. Перад купаннем адпачні, не ўваходзь у ваду разгарачаным або спатнелым, зрабі размінку.
2. Уваходзь у ваду павольна і асцярожна, зайшоўшы ў ваду па пояс, спыніся і хутка акуніся з галавой.
3. Не адплывай далёка ад берага, не заплывай за папераджальныя знакі (разметку, буйкі).
4. Не знаходзься ў вадзе даўжэй як 15-20 хвілін.
5. У вадзе не стой без руху, плавай і купайся.
6. Не плавай адзін, асабліва, калі не ўпэўнены ў сваіх сілах.
7. Не наладжвай у вадзе гульняў, звязаных з хапаннем адзін аднаго за ногі, рукі, галаву.
8. Калі нешта напалохала цябе ў вадзе, не крычы, бо ў лёгкія можа трапіць вада.
9. Не заходзь у ваду вышэй за пояс, калі не ўмееш плаваць або плаваеш дрэнна.
10. Не заплывай у месцы руху маторных лодак, скутараў, суднаў і не набліжайся да іх.
11. Калі бачыш, што маторная лодка або скутар рухаецца на цябе, машы рукамі, каб цябе заўважылі, і адплывай у бок.
12. Не заплывай далёка на надзіманым матрацы або крузе, надзіманы плавальны сродак можа выйсці са строю або цябе аднясе ветрам далёка ад берага.
13. Не спрабуй плаваць на бярвёнах, дошках, самаробных плытах.
14. Разлічвай свае сілы пры заплыве так, каб іх хапіла на зваротны шлях да берага.
15. Пры з’яўленні стомленасці спакойна плыві да берага, некаторы час можна адпачыць лежачы або плывучы на спіне.
16. Не імкніся глыбока ныраць або плыць як мага даўжэй пад вадой.
17. Не нырай у незнаёмых месцах — на дне могуць аказацца камяні, карчакі, металічныя пруты і г. д.
18. Не чапляйся за лодкі, не залазь на знакі навігацыйнага абсталявання — бакены, буйкі і г. д.;
19. На вадзе сачы за малодшымі братамі (сёстрамі).
Здарэнні на вадзе
Сутарга. Узнікае даволі часта, прычым калі і дзе заўгодна, таму трэба абавязкова ведаць, як з ёй справіцца. Па-першае, не панікуйце. Зрабіце глыбокі ўдых і акуніцеся пад ваду з галавой. Моцна ўхапіце рукой вялікі палец і моцна цягніце ступню на сябе, пакуль зведзеная нага не выпрастаецца. Адразу ж плывіце да берага.
-
Вір. Удыхніце як мага больш паветра, акуніцеся ў ваду і, зрабіўшы рывок у бок цячэння, усплывіце.
-
Моцнае цячэнне. Выкарыстоўвайце яго, каб наблізіцца да берага, але не плывіце ўпоперак.
-
Зараснікі багавіння. Заблытацца ў іх непрыемна, але не так страшна. Трымаючыся на плаву, спакойна падцягніце ногі і асцярожна вызваліцеся.
Утапленне. Галоўнае — трымаць сябе ў руках: не боўтайцеся, супакойцеся і перавярніцеся на жывот ці на спіну, раскіньце як мага шырэй рукі і ногі — так вы паднімецеся на паверхню. Каб зрабіць новы ўдых, лежачы на жываце, падніміце галаву, а затым выдыхайце ў ваду. Лежачы на спіне — дыхайце павольна і глыбока. Не выдыхайце да канца, у лёгкіх заўсёды павінна заставацца паветра для падтрымання на плаву. У гэтых жа мэтах злёгку заграбайце рукамі ваду пад сябе. Трохі адпачніце і паволі перамяшчайцеся да берага.
Фота sb.by.