Top.Mail.Ru

МНС нагадвае аб правілах бяспекі на лёдзе

Пакуль адны жартуюць пра адлігу зімой, іншыя выпрабоўваюць сябе на смеласць — выходзяць на лёд, які дзе-нідзе ўсё-такі ўтварыўся. Менавіта да такіх жартаўнікоў у сваім акаўнце TіkTok з іроніяй звяртаецца і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, апублікаваўшы відэа пра адзінокага чалавека на льдзіне, вакол якога — вада. Гучыць песня са знакамітага мультфільма. І надпіс з тэкстам: «Не выходзь на лёд, калі ты не маманцяня».


А такія «маманцяняты» ўсё ж такі з’яўляюцца. Так, днямі ратавальнікі аказвалі дапамогу рыбаку ў Сенненскім раёне. Пры дапамозе ратавальнай дошкі і вяроўкі яны дабраліся да палонкі і дасталі мужчыну 1950 года нараджэння з вады, даставілі яго на бераг і перадалі брыгадзе хуткай медыцынскай дапамогі.

Як высветлілася, мужчына прыехаў на возера заняцца любімай справай. У нейкі момант пенсіянер праваліўся пад лёд, але дзякуючы ратавальнай камізэльцы яму ўдалося ўтрымацца на плаву да прыезду ратавальнікаў. Менавіта дзякуючы камізэльцы ён і застаўся жывы, абышоўся толькі пераахаладжэннем. Дарэчы, ратавальная камізэлька — цяпер абавязковы атрыбут пры выхадзе на лёд, вызначаны заканадаўствам.

Мужчына днямі праваліўся пад лёд і на рацэ Свіслач у Мінску. На шчасце, да месца выкліку своечасова прыбылі ратавальнікі. Што прымусіла мужчыну выйсці на нетрывалы лёд? Як ён сам патлумачыў, такім чынам вырашыў скараціць шлях дадому. Таўшчыня лёду, між іншым, складала два сантыметры. У той час як адносна бяспечнай лічыцца таўшчыня не менш за 7–10 сантыметраў.

Правярайце на трываласць

Міністэрства па надзвычайных сітуацыях заклікае грамадзян, асабліва аматараў зімовай рыбалкі, быць разважлівымі, перш чым выйсці на лёд, выконваць правілы бяспекі.

«Пры нулявой, а тым больш плюсавой, тэмпературы паветра, што захоўваецца на працягу трох сутак, трываласць лёду змяншаецца на 25%, — звяртае ўвагу намеснік начальніка цэнтра ўзаемадзеяння з грамадскасцю і СМІ МНС Анастасія Швайбовіч. — Распазнаць трываласць лёду дапаможа колер ледзянога покрыва. Найбольш моцны лёд мае празрысты сіні колер, слабы — непразрысты белы, далікатны — шэры і шэры „ў крапінку“. Правяраць лёд на трываласць неабходна не толькі візуальна. Трэба пастукаць па лёдзе звычайнай палкай (не нагой!). Калі ў выніку вашых дзеянняў з’явілася вада, то на такі лёд ступаць не варта».

Ніколі не будзе моцным лёд каля вусця рэк і прытокаў, паблізу крыніц, якія б’юць, і сцёкавых вод. Нетрывалы ён і каля дрэў, кустоў і чароту. Катэгарычна забараняецца выходзіць на лёд у перыяды яго замярзання і раставання!

Чалавек, які збіраецца выйсці на лёд, павінен да гэтага рыхтавацца. Недарэмна ў народзе кажуць: выратаванне тапельца — справа рук самога тапельца. Правільная экіпіроўка захавала жыццё не аднаму аматару зімовай рыбалкі. 

Пры выхадзе на лёд рэкамендуецца ўзяць з сабой хаця б мінімальны набор ратавальных сродкаў: камізэльку, вяроўку, палку, дошку. Не варта свідраваць некалькі лунак побач, забараняецца збірацца на лёдзе вялікімі групамі. Лепш за ўсё рыбачыць у тых месцах, дзе ёсць станцыі Таварыства ратавання на водах, — там заўсёды дзяжураць спецыялісты. У небяспечнай сітуацыі яны абавязкова прыйдуць на дапамогу.

«Абавязкова размаўляйце з дзецьмі аб небяспецы выхаду на лёд, гульняў там, — падкрэслівае Анастасія Швайбовіч. — Ні ў якім разе не дазваляйце дзецям накіроўвацца на вадаёмы без дарослых!»

Без панікі і мітусні

Калі вы выйшлі на лёд і адчуваеце, што ён пад вамі пачынае трэскацца, неабходна павольна і акуратна вярнуцца ў той бок, з якога вы прыйшлі. Ні ў якім разе нельга хутка бегчы па лёдзе. Такія паводзіны могуць толькі справакаваць хуткі раскол паверхні, і вы праваліцеся.

Калі вы ўсё-такі праваліліся пад лёд, у першую чаргу не панікуйце. Ёсць шанц, што вас пачуюць, а таму клічце на дапамогу. 

Паспрабуйце трымацца на плаву. Перасоўвайцеся да таго краю палонкі, адкуль ідзе цячэнне. Дабраўшыся да краю, паспрабуйце налегчы грудзьмі на край лёду і, закінуўшы нагу, выбірайцеся на лёд. Не пакідайце спроб выбрацца, нават калі лёд ламаецца. Пасля таго, як асноўная частка тулава апынецца на лёдзе, адкаціцеся далей ад палонкі. Павольна і асцярожна паўзіце да бяспечнага месца, адштурхоўваючыся рукамі і нагамі.

У ледзяной вадзе дастаткова правесці некалькі хвілін для крытычнага пераахаладжэння, пасля якога ўжо немагчыма аднаўленне жыццёва важных функцый арганізма. А таму, як кажуць у народзе, лепш сто разоў падумаць.

Калі вы сталі відавочцам сітуацыі, у якой чалавек праваліўся пад лёд, не заставайцеся безуважным. Аднак, каб дапамагчы неабходна ведаць наступнае. Ацаніце свае сілы — калі вы ў іх упэўнены, паспрабуйце дапамагчы, але не забывайце аб сваёй бяспецы. Ні ў якім разе нельга набліжацца да краю палонкі. Для выратавання можна выкарыстоўваць палку ці элемент адзення. Неабходна легчы на жывот, працягнуць палку ці адзенне пацярпеламу так, каб ён схапіўся. Дзейнічаць трэба хутка і без мітусні. Выцягнуўшы пацярпелага з палонкі як мага хутчэй, аднясіце яго ў бяспечнае месца і выклічце хуткую медыцынскую дапамогу. У чаканні прыезду прафесіяналаў неабходна аказаць першую дапамогу.

Прэв’ю: з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Па тонкім лёдзе

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю