Праваслаўнае свята Вадохрышча цесна звязана з мноствам абрадаў і традыцый. Адным з самых папулярных і займальных звычаяў лічыцца купанне ў купелі. Напярэдадні гэтай урачыстасці выратавальныя службы падрыхтавалі некалькі простых рэкамендацый, якія дапамогуць удзельнікам бяспечна акунуцца ў ледзяную ваду, захаваўшы здароўе і жыццё.
Па-першае, за некалькі гадзін да выхаду з дому не забудзьце паесці. Таксама звярніце ўвагу на выбар гардэроба. Варта падрыхтаваць не толькі цёплае і зручнае адзенне, але і якое хутка расшпільваецца і зашпільваецца. Абавязковы атрыбут, які варта ўзяць, — шапка. А таксама абутак, таму што хадзіць па лёдзе басанож — ідэя не вельмі добрая. Яшчэ як варыянт — цёплыя шкарпэткі.
Па-другое, спускаючыся ўніз, не залазьце пад ваду з галавой — сасуды вашага галаўнога мозгу наўрад ці гатовыя да такога шоку. Шок ад холаду — рэальная з’ява і праблема, якая ўзнікае з-за імклівай страты тэмпературы цела. Разам з тым не бойцеся і адразу заходзьце ў ваду на патрэбную глыбіню, але лепш не плавайце — сэрца і без таго стане біцца часцей. У цэлым, у купелі непажадана знаходзіцца больш за хвіліну.
Як толькі вы зноў усталі на ногі, хуценька сагравайцеся, раяць спецыялісты. Расцірайце сябе ручніком, пераапраніцеся ва ўсё сухое, не забудзьцеся пра чай.
Першыя прыкметы таго, што арганізм знаходзіцца ў стане шоку — дрыжыкі, пасінелая скура, вусны, балючыя пальцы рук і ног. Калі ўсё гэта праяўлена ў лёгкай ступені, дапаможа фізкультура: інтэнсіўныя практыкаванні разагрэюць ваша цела. У выпадку сярэдняга і цяжкага пераахаладжэння трэба прасіць дапамогу: расціранне, масаж, цёплае адзенне і, нарэшце, ложак.
У любым выпадку, памятайце, што самалячэнне — заўсёды, як кажуць, на свой страх і рызыку. Таму даверцеся прафесіяналам, а менавіта — медыцынскай брыгадзе, якая дакладна будзе дзяжурыць на месцы купання.
Не забывайце, што вы ўсё ж такі на лёдзе. І тут дзейнічаюць тыя ж правілы, што і падчас зімовай рыбалкі. Купанне дзяцей — толькі пад наглядам бацькоў або дарослых. Заходзіць за спецыяльныя агароджы, прыводзіць з сабой жывёл і скакаць з натоўпам сяброў на краі купелі — таксама ў стоп-лісце вашых дзеянняў.
Будзьце асцярожныя! Беражыце сябе!
Яна ВАЛАСАЧ