Top.Mail.Ru

МНС: Патрабаванні правілаў пажарнай бяспекі забараняюць выпальванне сухой расліннасці на корані

У краіне паспела ўстанавіцца цёплае надвор’е, і клапатлівыя домаўладальнікі ўжо ўзяліся за прыборку сваіх участкаў. Навесці парадак пасля халоднай і сырой зімы, акультурыць тэрыторыю, прыбраць сухую расліннасць і лістоту, утылізаваць смецце ці папросту спаліць — цалкам зразумелы занятак. Аднак важна гэта рабіць з розумам, выконваючы правілы пажарнай бяспекі.


У МНС нагадалі, што выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама ржышча і пажніўных рэшткаў з’яўляецца незаконным і ў адпаведнасці з артыкулам 16.40 КаАП цягне за сабой суровую адміністрацыйную адказнасць. Акрамя таго, у выпадках, калі такія дзеянні прыводзяць да прычынення ўрону ў асабліва буйным памеры, можа наступіць і крымінальная адказнасць.

Упаўнаважанымі органамі, надзеленымі правам на складанне пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях па арт. 16.40 КаАП, з’яўляюцца падраздзяленні Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, дзяржаўных прыродаахоўных устаноў, якія ажыццяўляюць кіраванне запаведнікамі і нацыянальнымі паркамі, а таксама органаў, якія ажыццяўляюць дзяржкантроль у галіне выкарыстання, аховы, абароны і ўзнаўлення лясоў.

«Патрабаванні правіл пажарнай бяспекі таксама забараняюць выпальванне сухой расліннасці на корані, на прыдамавой тэрыторыі, зямельных участках, выдзеленых для вядзення калектыўнага садоўніцтва або дачнага будаўніцтва. У гэтым выпадку адміністрацыйная адказнасць надыходзіць у адпаведнасці з артыкулам 24.36 КаАП», — адзначылі ў ратавальным ведамстве.

Таксама ў МНС растлумачылі, што на прыдамавой тэрыторыі і зямельных участках дапускаецца развядзенне вогнішчаў, выкарыстанне спецыяльных прыстасаванняў для прыгатавання ежы — мангалаў, грыляў, барбекю і іншага — пры ўмове выканання правілаў бяспекі. У прыватнасці, разводзіць вогнішчы варта пры ўмове забеспячэння бесперапыннага візуальнага кантролю за працэсам гарэння і тлення, а таксама без выкарыстання для распальвання лёгкаўзгаральных і гаручых вадкасцяў (за выключэннем вадкасцяў, спецыяльна прызначаных для распальвання).

Месцы для ўладкавання вогнішчаў павінны быць ачышчаны ад гаручых рэчываў і матэрыялаў, сухой расліннасці і забяспечаны сродкамі тушэння. Працэс гарэння і тлення павінен ажыццяўляцца такім чынам, каб полымя і іскры не пападалі на гаручыя элементы будынкаў, гаспадарчых збудаванняў, на гаручыя рэчывы і матэрыялы. Пры гэтым бяспечная адлегласць вызначаецца грамадзянінам самастойна, зыходзячы з памераў вогнішча, віду гаручых матэрыялаў і ўмоў надвор’я. Пасля заканчэння працэсу гарэння рэшткі падпаленых і тлеючых матэрыялаў павінны быць патушаныя да поўнага спынення тлення.

Калі ж вы сталі відавочцам гарэння сухой расліннасці, варта ацаніць абстаноўку. «Калі ачаг невялікі, збіце полымя звязкам пруцікаў або галінак дрэў, закідайце пяском або заліце вадой. Затым патушыце пажар і не сыходзьце датуль, пакуль не пераканаецеся, што агонь не разгарэўся зноў. Калі ж ачаг вялікі, неадкладна патэлефануйце па нумарах пажарнай службы», — заключылі ў МНС.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю