Top.Mail.Ru

Моднае назіранне. Тры галоўныя трэнды ў аксесуарах будучага сезона

Аксесуары ў асенне-зімовым сезоне перастаюць быць проста ўпрыгажэннямі. Яны становяцца шматфункцыянальнымі, яркімі і нават тэатральнымі. Дамы моды адзін за адным прапануюць перагледзець стаўленне да дэталяў: цяпер кожны аксесуар павінен не толькі дапаўняць вобраз, але і выконваць практычную задачу, прыцягваць увагу і выклікаць эмоцыі. У цэнтры ўвагі — тры трэнды: кулоны з карысным змесцівам, скураныя пальчаткі з прынтамі і спадальныя стужкі.


Футляр на шыі: з Сярэднявечча ў ХХІ стагоддзе

Пачнём з упрыгажэнняў. Звычайны кулон або падвеска ўжо нікога не здзіўляюць. Гэтым летам і восенню дызайнеры прапануюць замяніць іх на функцыянальныя аксесуары — невялікія футляры, якія носяць на шыі. Унутры можа быць усё, што заўгодна: мініяцюрны кашалёк, грабеньчык, ключніца, таблетніца, люстэрка, духі ці кейс для памады або цыгарэт. Некаторыя мадэлі — сапраўдныя шкатулкі для дробязяў: запальніцы, ручкі, парфумных пробнікаў. Такі аксесуар працуе як яркі акцэнт і адначасова пазбаўляе ад неабходнасці пастаянна корпацца ў сумцы. Стылісты раяць камбінаваць іх з аб’ёмнымі трэнчамі і аверсайз жакетамі. Чым незвычайней форма і фактура — тым цікавей выглядае вобраз.


Цікава, што мода на «карысныя» ўпрыгажэнні сыходзіць каранямі ў глыбіню стагоддзяў. Адзін з самых старажытных кулонаў-падвесак археолагі выявілі ў Паўночным Ёркшыры — яму амаль 11 тысяч гадоў. У Сярэднявеччы падвескі служылі абярэгамі і талісманамі, якія абараняюць ад злых духаў. У эпоху Рэнесансу велізарнай папулярнасцю карысталіся памандэры — шарападобныя падвескі з ёмістасцю для араматычных рэчываў. Тады ж увайшлі ў моду кулоны-зубачысткі і кулоны са скрабком для чысткі вушэй. Яшчэ адна гістарычная паралель — шатлен, упрыгожванне-ланцужок, да якога мацаваліся функцыянальныя прадметы: ключы, кашалёк, нажніцы, кішэнныя гадзіннікі. Шатлены былі вядомыя з часоў Сярэднявечча, а пік іх папулярнасці прыпаў на XVIII — пачатак XX стагоддзя.

Пальчаткі: ад сімвала статусу да вулічнага трэнду

Другі трэнд, які складана ігнараваць, — скураныя пальчаткі. У гэтым сезоне яны перасталі быць сумным чорным аксесуарам. Дызайнеры прапануюць каляровыя мадэлі — глыбокі бардовы, шакаладны, смарагдавы, гарчычны, — а таксама варыянты з прынтамі: клетка, палоска, анімалістычныя ўзоры. Пальчаткі сталі паўнавартаснымі акцэнтнымі элементамі, якія могуць задаць настрой усяму вобразу. Іх носяць з трэнчамі, паліто і нават з вячэрнімі сукенкамі. У спісе брэндаў, якія зрабілі стаўку на гэты аксесуар, — Tory Burch, Sandy Liang, Ferragamo і Dior. Стылісты рэкамендуюць выбіраць пальчаткі з падоўжаным краем — вышэй за запясце — і камбінаваць іх з кольцамі, надзетымі зверху. Гучыць незвычайна, але менавіта ў гэтым і заключаецца галоўны прынцып сезона: аксесуар павінен быць прыкметным.

У першай палове XX стагоддзя каляровыя пальчаткі ўжо перажывалі пік папулярнасці: яны былі неад’емнай часткай жаночага гардэроба і сімвалізавалі элегантнасць і статус. У 1920-х, у эпоху джаза, яркія пальчаткі дапаўнялі кароткія сукенкі-флэперы, падкрэсліваючы дзёрзкасць і свабоду таго часу.


Атласныя стужкі: ад каралеўскіх палацаў да подыумаў

Трэці трэнд, які пакарыў подыумы, — спадальныя стужкі. На паказах Fall-Winter 2026 іх можна было ўбачыць адразу ў некалькіх марак. Erdem, Alberta Ferretti, 7 For All Mankind, Ann Demeulemeester і Natasha Zinko прапаноўвалі мадэлі з доўгімі атласнымі палосамі, якія звісаюць з шыі, таліі або ўплецены ў валасы. Аднак цвіком сезона стаў брэнд Simone Rocha, які ў сваёй калекцыі паказаў шматлікія «ўзнагародныя» разеткі і атласныя стужкі, што ўпрыгожваюць сукенкі, жакеты і нават абутак. Яны дадаюць вобразу святочнасці і лёгкай нядбайнасці. Паўтарыць гэты прыём не так ужо складана: дастаткова дадаць да звыклага паліто ці блэйзера атласную стужку, якую завязваюць бантам на шыі або пакідаюць уздоўж спіны або па рукавах. Стылісты раяць выбіраць кантрасныя колеры — напрыклад, чорную стужку да бэжавага паліто або чырвоную да шэрага касцюма.

У атласных стужак доўгая і багатая гісторыя. Яшчэ ў Старажытнай Грэцыі жанчыны ўпляталі ў валасы палоскі тканіны, каб «ажывіць» вобраз. У Італіі ў сярэднія вякі стужкамі дэкаравалі інтэр’еры: спінкі крэслаў, балдахіны, цяжкія заслоны. Сапраўдны бум пачаўся ў XIV стагоддзі, а ў XVIII стагоддзі попыт на раскошныя стужкі рэзка ўзрос. Каралі ўпрыгожвалі стужкамі, нанізанымі каштоўнымі камянямі, нават абутак. Пры Людовіку XV у моду ўвайшлі сукенкі са шнуроўкай са стужак. Да XX стагоддзя атласная стужка каштавала дорага з-за складанай вытворчасці.


Што аб’ядноўвае гэтыя тры трэнды? Усе яны ператвараюць звычайныя для нас рэчы ў акцэнтныя, робячы вобраз жывым і запамінальным. Аксесуар перастае быць другарадным — ён становіцца галоўным героем. Функцыянальны кулон-футляр, яркія пальчаткі або атласная стужка могуць цалкам змяніць успрыманне базавага ўбора. Пры гэтым ні адзін з трэндаў не патрабуе вялікіх укладанняў: стужку можна купіць у краме тканін, старую падвеску замяніць на вінтажны футляр, а пальчаткі абраць не чорныя, а чырвоныя або ў клетку. Галоўны прынцып восені 2026 — аксесуары павінны працаваць на вобраз, а не проста дапаўняць яго.

Калі летам мы адмаўляліся ад лішніх дэталяў, то восенню і зімой — час эксперыментаў. Змешвайце фактуры, гуляйце з колерам і не бойцеся дадаваць да звыклага гардэроба нечаканыя элементы. 


Ягор ЧУРЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю