Top.Mail.Ru

Моладзь Ашмянскага раёна не супраць папрацаваць на канікулах

Жніво, ды яшчэ такое няпростае, як сёлета, — клопат агульны. Да агульнай талакі далучаецца і маладое пакаленне — школьнікі. Для іх гэта і працоўная загартоўка, і магчымасць самастойна зарабіць. На гэта звяртаў увагу і Прэзідэнт, падчас маштабнай рэспубліканскай селектарнай нарады па пытаннях уборачнай кампаніі. 


Аляксандр Лукашэнка заклікаў актыўна прыцягваць да падсобных работ на зернетаках старшакласнікаў і ўсіх, хто можа дапамагчы вёсцы ў гарачую пару. «У нас вельмі шмат падсобных работ, асабліва на зернетаках, і іншае, — сказаў тады кіраўнік дзяржавы. — Ну калісьці мы — я памятаю гэта па сваёй працы — выкарыстоўвалі дарослых школьнікаў. А чаму не запрасіць, не папрацаваць?!» Ён заклікаў не шкадаваць сродкаў, каб матэрыяльна падтрымаць юных памочнікаў.

Далучыцца да працоўнага лета маюць магчымасць не толькі студэнты ўніверсітэтаў, але і навучэнцы каледжаў, школьнікі. Варыянтаў вельмі шмат, і іх заўсёды гатовы прапанаваць у БРСМ. Прычым для гэтага зусім неабавязкова быць членам гэтай маладзёжнай арганізацыі — дапамогуць кожнаму. Уласны карэспандэнт «Звязды» даведалася, як арганізавана летняя занятасць у Ашмянскім раёне і, у прыватнасці, як працуецца летам хлопцам і дзяўчатам на мясцовым мясакамбінаце.


Першыя грошы і новыя сябры

Як паведаміла першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Юлія СУБАЧ, у 2026 годзе ў летні перыяд у Ашмянскім раёне плануецца працаўладкаваць 450 чалавек. У перыяд вясновых канікул ужо адпрацавалі чатыры экалагічных атрады, у якіх удзельнічалі 63 чалавекі, у асноўным школьнікі. Для іх арганізавалі падвоз да месца працы і назад. У кожным атрадзе быў прызначаны дарослы камандзір.


— Летняя занятасць для дзяўчынак і хлопчыкаў — гэта магчымасць зарабіць першыя грошы, атрымаць працоўны вопыт і знайсці новых сяброў, — адзначыла Юлія Субач.

Асноўныя кірункі дзейнасці студэнцкіх атрадаў уключаюць экалагічны, педагагічны і сельскагаспадарчы профілі. Падбор іх удзельнікаў пачынаецца ў лютым—сакавіку з правядзення акцый у школах і праз сацыяльныя сеткі, расказала першы сакратар маладзёжнай арганізацыі:

— Дзеці запісваюцца альбо ў пярвічных арганізацыях БРСМ, альбо наўпрост у раённым камітэце. Дарэчы, тым, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі, і непаўналетнім, чые сем’і знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, праца прадастаўляецца ў першую чаргу.

Сумесная праца з прымаючымі арганізацыямі праходзіць без канфліктаў і спрэчак, пацвердзіла Юлія Субач:

— Прадпрыемствы і арганізацыі ахвотна бяруць школьнікаў і навучэнцаў каледжаў на працу. Гэта сведчыць аб высокім узроўні развіцця працоўнага руху ў раёне. Мы імкнёмся максімальна працаўладкаваць усіх жадаючых.

«Гэта нам па сілах!»

Кожны год дзеці актыўна ўдзельнічаюць у працоўным руху. У 2026-м яны аказваюць пасільную дапамогу розным арганізацыям. Напрыклад, на Ашмянскім мясакамбінаце моладзь працуе да канца лета. У складзе кожнай змены — каля 30 чалавек. Яны дапамагаюць убіраць і добраўпарадкоўваць тэрыторыю, а таксама займаюцца будаўнічымі работамі, выконваючы задачы, якія адпавядаюць іх узросту.

Навучэнец Ашмянскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа Вадзім ЛУКАШЭВІЧ займае пасаду камісара ў атрадзе:


— Я ўжо трэці год з вялікім задавальненнем далучаюся да працоўнага лета. А адпачыць заўсёды паспееш — летнія канікулы працягваюцца аж тры месяцы. Арганізацыя працы на Ашмянскім мясакамбінаце выдатная. Акрамя ўсяго іншага, прадпрыемства арганізоўвае нам абед. Чаму ж не папрацаваць у добрай кампаніі?! Ды яшчэ і грошы за гэта атрымліваеш. А ўсё, чым мы займаемся, абсалютна нам па сілах.

Для вучаніцы Ашмянскай сярэдняй школы № 1 імя М. М. Гружэўскага Соф’і УЛАСІК гэта ўжо другое працоўнае лета. Дзяўчына лічыць, што калі ўдалося папрацаваць у атрадзе, значыць, канікулы прайшлі недарма:


— Часу для адпачынку летам шмат, таму падпрацоўка не ў цяжар. Да таго ж прыемна мець свае ўласныя зберажэнні. Ды і ў цэлым гэта цікава. 

Я даўно хацела дзе-небудзь папрацаваць, таму бацькі падтрымалі, калі мне захацелася ўступіць у атрад. Дарэчы, гэта ўсяго 10 працоўных дзён, не так ужо і шмат, а досвед атрымліваеш каласальны.

Для лепшай арганізацыі і бяспекі на працы побач з дзецьмі заўсёды знаходзіцца камандзір з ліку дарослых. Выкладчык сярэдняй школы № 2 г. Ашмяны Алеся САЗОН не першы год далучаецца да байцоў:


— Праца з дзецьмі — гэта заўсёды асаблівы вопыт. Мы вучым іх нечаму новаму і, вядома, самі шмат чаму вучымся ў моладзі. Важна, што гэта не толькі карысная праца, але і магчымасць завесці сапраўдных сяброў. Некаторыя дзеці прыходзяць у наш атрад, нават не ведаючы адзін аднаго, а потым становяцца блізкімі таварышамі. Мы стараемся зрабіць так, каб кожны знайшоў тут нешта цікавае і карыснае для сябе.

Магчымасць падрасці

Працоўны рух у Ашмянскім раёне дэманструе высокі ўзровень арганізацыі і падтрымку з боку мясцовай улады і прадпрыемстваў. Гэта не толькі дапамагае маладым людзям знайсці працу і зарабіць грошы, але і садзейнічае іх асобаснаму і прафесійнаму росту.


Завяршыцца працоўны семестр у канцы жніўня, а ў лістападзе падвядуць яго вынікі, узнагародзяць найлепшыя прымаючыя арганізацыі, камандзіраў, камісараў і байцоў студэнцкіх атрадаў.

Бацькі і дзеці пакідаюць станоўчыя водгукі аб працоўным леце. Многія хочуць папрацаваць і ў наступным годзе.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю