Top.Mail.Ru

Моладзь прапаноўвае карысныя праекты

Фінал чацвёртага сезона рэспубліканскага праекта «Конкурс маладзёжных ініцыятыў» прайшоў у Маладзёжнай крэатыўнай прасторы ў Мінску. У 2024 годзе на конкурс паступіла каля 200 заявак з усёй краіны. Сярод прадстаўленых — праекты па патрыятычным выхаванні, развіцці творчасці, спорту, стварэнні адукацыйных праграм, крэатыўных прастор і не толькі. У нашым матэрыяле — пра некаторыя з іх.


Спаборніцтва для ўсіх і для лепшых?

Адбор праходзіў у некалькі этапаў: спачатку на раённым узроўні, потым на абласным або Мінскім гарадскім. Па выніках вызначылі 64 лепшыя праекты. Іх прадстаўнікі і атрымалі магчымасць прэзентаваць свае распрацоўкі на «рэспубліцы». Дарэчы, у 2024 годзе былі паспяхова рэалізаваны 23 праекты. На іх рэалізацыю выдзелілі 800 тысяч беларускіх рублёў.

З трэцяга сезона заслухоўванне ініцыятыў стала вочным. Такі падыход, на думку арганізатараў, дазваляе больш аб’ектыўна ацаніць праекты, адбор якіх ажыццяўляе Міністэрства адукацыі Беларусі. Арганізацыя самога конкурсу і каардынацыя рэалізацыі ініцыятыў даверана Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі.

Гуляй, развівайся, вучыся, натхняйся

Адна з прапанаваных на мерапрыемстве ініцыятыў — стварэнне ў парку «Школьны» г. п. Лёзна Віцебскай вобласці зоны для гульняў і камфортнага месца для адпачынку. Сам парк быў абсталяваны на пачатку 2000-х гадоў. У ім ужо ёсць сцэна, на якой рэгулярна праходзяць раённыя і абласныя фестывалі і канцэрты, але не хапае спецыяльнай прасторы для моладзі. Менавіта з гэтай прычыны быў прапанаваны праект пад назвай «Дето Мир»:

— Зрабіць наш раён больш прывабным для моладзі, стварыць умовы, у якіх ім захочацца заставацца, развівацца і ствараць сем’і — вось галоўная ідэя нашай ініцыятывы, — падзялілася Анастасія Дулуб, педагог сярэдняй школы імя М. В. Акцябрскай г. п. Лёзна. — А прымеркаваць наш праект мы хочам адразу да дзвюх важных дат — 80-годдзя з дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і 500-годдзя раёна.

Таму асаблівасцю зоны адпачынку стануць інтэрактыўны падыход і патрыятычны ўхіл: на пляцоўцы будуць размешчаны QR-коды, якія дазволяць наведвальнікам у гульнявой форме знаёміцца з гісторыяй сваёй малой радзімы. Прапануецца таксама ўстаноўка сучаснага гульнявога абсталявання, бяспечнага пакрыцця на дзіцячай пляцоўцы, міні-вяровачнага гарадка.

«Дето Мир» можа стаць пунктам прыцягнення для моладзі, падлеткаў, дзяцей і іх бацькоў. А калі ўлічыць, што Лёзна знаходзіцца ўсяго за 12 кіламетраў ад Расіі, абноўленая прастора зможа прымаць гасцей з суседняй Смаленскай вобласці.

Мастацтва, даступнае кожнаму

Педагогі Цэнтра творчасці г. Смаргоні (Гродзенская вобласць) сумесна з членамі дзіцячага і падлеткавага парламента распрацавалі ўнікальны праект — перасовачны форум-тэатр «Без меж і па-за ўзростам». Яго мэта — зрабіць спектаклі даступнымі для людзей, якія па розных прычынах не могуць наведаць культурныя ўстановы: дзяцей з нешчаслівых сем’яў, сірот, пажылых людзей, інвалідаў:

— «Фішка» нашага праекта ў яго мабільнасці: спектаклі змогуць убачыць жыхары розных куткоў раёна, у тым ліку вёсак. Гэта дапаможа разбавіць іх вольны час і прыўнесці радасць у іх жыццё, — распавёў вучань 11 класа ДУА «Гімназія г. Смаргоні» Назар Страх

Перад гэтым каманда праекта правяла апытанне сярод патэнцыяльных гледачоў. Высветлілася, што ідэя запатрабаваная, людзі чакаюць першых спектакляў. На сёння ўсё ўжо гатова да запуску, за выключэннем сцэны і трыбун. Асноўнай, але не адзінай, тэматыкай пастановак стане Вялікая Айчынная вайна. Удзел у іх плануюць прымаць 23 чалавекі, сярод якіх 15 — моладзь і валанцёры. А яшчэ дзяліцца сваім вопытам і атрымліваць радасць ад творчасці змогуць восем пенсіянераў з тэатральнай супольнасці тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва «Цёплы дом».

Новы старт для юных інжынераў

Сёння для сацыяльна-эканамічнага росту нашай краіне вельмі патрэбныя тэхнічныя спецыялісты. Менавіта таму на «Конкурсе маладзёжных ініцыятыў» была прапанавана наступная ідэя: стварыць прастору інжынернай накіраванасці «Лабараторыя будучыні» на базе ўстаноў вышэйшай адукацыі.

Бачыцца, што «Лабараторыя» будзе са спецыялізаваным абсталяваннем, якое дазволіць яе ўдзельнікам — выкладчыкам і студэнтам — абменьвацца вопытам і распрацоўваць інавацыйныя праекты. Прычым у планах не толькі навучанне, але і правядзенне выстаў, конкурсаў, лекцый з удзелам экспертаў у розных галінах: ад інжынераў да дызайнераў і праграмістаў.

Ініцыятыву на конкурсе прадставіла Аляксандра Гарбачык — студэнтка і сакратар пярвічнай арганізацыі ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» з правамі раённага камітэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Дзяўчына адзначыла, што штуршком да распрацоўкі праекта сталі неаднаразовыя выказванні кіраўніцтва нашай краіны аб важнасці развіцця інжынерных спецыяльнасцяў:

— Калі я даведалася пра конкурс, адразу зразумела, што хачу ўзяць у ім удзел менавіта з гэтым праектам. Да таго ж хочацца, каб мая ініцыятыва ўсё ж такі была рэалізавана, бо стварэнне такой прасторы дапамагло б моладзі яшчэ са школьных гадоў вызначыцца з будучай прафесіяй. А гэта, у сваю чаргу, умацуе кадравы рэзерв нашай краіны, — падзялілася студэнтка.

Гэтыя і іншыя ўдзельнікі ўжо прадставілі свае ініцыятывы конкурснай камісіі, у якую ўвайшлі парламентарыі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і Міністэрства адукацыі. На працягу месяца ім трэба вызначыць пераможцаў, якім будзе аказана фінансавая падтрымка ў рэалізацыі ідэй.

Фота прадастаўлена БРСМ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю