Раскрыць патэнцыял і падтрымаць у памкненнях
Мерапрыемства арганізавана Маладзёжным саветам пры Савеце Рэспублікі і грамадскім аб’яднаннем «Беларускі саюз жанчын». У ім сёлета ўзялі ўдзел маладыя жанчыны ва ўзросце ад 18 да 31 года, якія прадстаўляюць рэальны сектар эканомікі і сацыяльную сферу ўсіх рэгіёнаў краіны. Задача форуму — раскрыць патэнцыял беларусак, падтрымаць іх у імкненні да сямейнага дабрабыту і развіць лідарскія якасці.
На адкрыцці форуму Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА адзначыла, што яго правядзенне стала ўжо добрай традыцыяй:

— Упэўнена, гэтыя форумы будуць праводзіцца на пастаяннай аснове. І ў іх будуць браць удзел маладыя, крэатыўныя, энергічныя жанчыны і дзяўчаты, — сказала спікер. — Жаночая сіла — вялікая. Гэты год для нас асаблівы. Прэзідэнт нашай краіны зрабіў нам вялікі падарунак: пра жанчыну гавораць цяпер па-іншаму. Але ў нашай краіне асаблівае стаўленне да жанчыны не новае. Гэта аснова нашай дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі: клопат пра сям’ю, пра жанчыну. Усё робіцца для таго, каб нашы жанчыны жылі шчасліва і маглі рэалізаваць сябе абсалютна ва ўсіх кірунках.
Наталля Качанава адзначыла, што жаночы форум летась даў свае вынікі, і сёння ён праводзіцца нават у рэгіёнах.
— І гэта правільна, таму што нас, жанчын, шмат, — падзялілася меркаваннем спікер Савета Рэспублікі. — Мы з вялікай радасцю сёння вітаем усіх вас і спадзяёмся, што гэты форум стане добрай традыцыяй у нашай краіне. Вельмі хацелася б, каб пасля таго, як вы прыедзеце ў свае гарады, раёны, аграгарадкі, вы падзеліцеся там прапановамі і думкамі, што будуць гучаць тут.
Старшыня Савета Рэспублікі таксама падзякавала арганізатарам мерапрыемства і адзначыла актуальнасць вынесеных на разгляд пытанняў — яны сугучныя тым асноўным кірункам, па якіх развіваецца Беларусь у бягучым пяцігоддзі.
— Вы ведаеце, што на другім пасяджэнні сёмага Усебеларускага народнага сходу мы вызначылі асноўныя кірункі развіцця нашай краіны. І сярод іх — дэмаграфічная бяспека, камфортнае жыццё для нашых грамадзян, развіццё моцных рэгіёнаў. Усе гэтыя пытанні сугучныя тэме сённяшняга форуму і павінны легчы ў аснову нашай далейшай сумеснай працы — заканадаўцаў і грамадскасці.
Старшыня Беларускага саюза жанчын, дырэктар прадстаўніцтва МТРК «Мір» у Беларусі Вольга ШПІЛЕЎСКАЯ назвала галоўны пасыл форуму — паказаць маладым дзяўчатам, наколькі яны важныя і задзейнічаныя ў краіне.

— Заўсёды цікава назіраць за работай секцый, думкамі моладзі, іх імкненнямі, мэтамі і задачамі, каб зразумець, у якім кірунку яны хочуць рухацца, — дадала Вольга Шпілеўская. — Моладзь сёння не лічыць кар’еру і сям’ю ўзаемавыключальнымі паняццямі, наадварот, у іх ёсць магчымасць паспяхова аб’ядноўваць гэтыя сферы, і гэта будзе актуальна заўсёды. Для іх таксама важная і роля маці — гэта самае знакавае, што мы заўсёды адзначаем. І добра, што нашы маладыя дзяўчаты гавораць пра сям’ю і каштоўнасці.
Старшыня Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі Аліна РЭЦЬКОВА адзначыла, што форум, які ўпершыню прайшоў у 2025 годзе, атрымаў станоўчую зваротную сувязь ад удзельніц — атрыманыя парады дапамагаюць беларускам у жыцці, а гэта — адна з задач мерапрыемства.
— Галоўнае — расказаць дзяўчыне, наколькі яна цудоўная, — адзначыла Аліна Рэцькова. — Сёлета мы вырашылі зрабіць падарунак, сабраўшы не членаў Маладзёжных саветаў і грамадскіх арганізацый, а дзяўчат, якія працуюць у рэальным сектары эканомікі. Раскрыць і паказаць ім грамадскае жыццё, расказаць пра Маладзёжны савет і Беларускі саюз жанчын, акунуць іх у фармат майстар-класаў і трэнінгаў. Яны будуць на секцыях разбіраць рэальныя кейсы, з якімі можа сутыкнуцца, напрыклад, маладая мама, калі ў яе нарадзілася дзіця. Безумоўна, мы закранём асноўныя тэмы, якія хвалююць кожную дзяўчыну. Мы ўпэўненыя, што дзяўчаты ў сваіх рэгіёнах перадаюць атрыманую інфармацыю. Магчыма, у далейшым яны зацікавяцца і іншымі нашымі мерапрыемствамі і праектамі.
Яна ХМЯЛЬНІЦКАЯ
Фота БелТА