Такі асноўны пасыл прагучаў у Рэспубліканскім доме моладзі, дзе прайшла сустрэча актыву Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і кіраўніцтва маладзёжных грамадскіх арганізацый. У рамках мерапрыемства адбылося ўзгадненне і публічнае абвяшчэнне афіцыйнай Заявы Саюза моладзі і іншых каструктыўных аб’яднанняў у сувязі з 80-годдзем Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў.
«Мы, моладзь Рэспублікі Беларусь, звяртаемся да маладога пакалення нашай краіны і да нашых равеснікаў за мяжой у азнаменаванне 80-годдзя Перамогі... Гэта знакавая дата нагадвае моладзі Беларусі пра каштоўнасць і значэнне міру, свабоды і павагі да чалавечага жыцця, а таксама аб тым, як важна захоўваць і абараняць гэтыя каштоўнасці і нашу агульную вялікую спадчыну... Сёння, калі мінула 80 гадоў, сучасныя выклікі, такія як канфлікты, тэрарызм і эканамічныя крызісы, патрабуюць ад міжнароднай супольнасці адзінства і салідарнасці. Спробы перапісаць гісторыю, абяліць нацызм і гераізіраваць фашыстаў не толькі скажаюць факты, але і пагражаюць асновам гуманізму і мірнага суіснавання.
Мы, нашчадкі пакалення пераможцаў, павінны абараніць гістарычную праўду. Таму што менавіта захаванне гістарычнай праўды аб подзвігу беларускага, савецкага і іншых народаў, якія змагаліся супраць фашызму, мае вялікае значэнне для сучаснай моладзі. Гэта не толькі даніна павагі тым, хто ахвяраваў уласным жыццём дзеля свабоды і справядлівасці, але і важны ўрок пра тое, як лёгка могуць успыхнуць канфлікты і нянавісць, калі мы забудзем гісторыю» — гаворыцца ў Заяве.
— Усё проста гасне на фоне таго подзвігу, які здзейснілі нашы дзяды і прадзеды. І нядаўна Прэзідэнт нашай краіны акцэнтаваў увагу менавіта на вас з намі, на маладых людзях, падкрэсліваючы важнасць таго, каб мы не проста прыходзілі да памятных мясцін, а ведалі гісторыю сваіх сем’яў, гісторыі нашых пераможцаў. Таму што мы пакаленне нашчадкаў пераможцаў. І важна, каб гэтую памяць і далей намі перадавалася нашым дзецям і будучым пакаленням, — звярнуўся да прысутных перад падпісаннем заявы першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр ЛУК’ЯНАЎ.
Завяршылася мерапрыемства цырымоніяй ускладання кветак да помніка воінам-вызваліцелям Мінска, які знаходзіцца ў цэнтры беларускай сталіцы.
Алена ДРАПКО
Фота дадзены БРСМ