У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы акадэміі навук прайшла прэзентацыя кнігі «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак: аналітычныя і даведачна-інфармацыйныя матэрыялы».
Як заўважыў дырэктар Інстытута мовазнаўства Ігар Капылоў, за 95 гадоў працы ўстановы надрукаваны сотні кніг, тысячы артыкулаў. Сярод іх ёсць знакавыя выданні, сапраўдны гонар акадэмічнай навукі. Напрыклад, як Гістарычны слоўнік, пяцітомны Тлумачальны слоўнік пад агульнай рэдакцыяй Кандрата Крапівы, комплекс граматычных і перакладных слоўнікаў. У гэтым шэрагу ён назваў і эпахальны праект, падрыхтаваны ў аддзеле дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі, — «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак», які паказвае багацце беларускай дыялектнай мовы. Праца была адзначана Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь. У пяці тамах гэтага выдання змешчаны 1791 карта, на якой паказаны моўныя багацці, сабраныя вучонымі падчас экспедыцый. Дзякуючы ім можна даведацца, якімі словамі ў розных кутках нашай краіны людзі называлі расліны, жывёл, з’явы прыроды, апісвалі сельскую гаспадарку, заняткі чалавека, побыт, светапогляд.
Новае выданне рабілася з мэтай абагуліць тое, што было зроблена стваральнікамі «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак», паказаць значэнне гэтай працы, звярнуць увагу на тое, якая багатая беларуская мова, і якія дыялектныя словы заслугоўваюць таго, каб быць уключанымі ў новы тлумачальны слоўнік, у творы пісьменнікаў, у мову сучаснікаў. І канешне, новае выданне — даніна памяці і пашаны людзям, якія прысвяцілі збіранню моўных скарбаў усё сваё жыццё.
Для падрыхтоўкі Атласа была складзена інструкцыя па збіранні лексічных адзінак, якая ўключала каля чатырох тысяч пытанняў, сярод якіх і тыя, дзякуючы якім можна было атрымаць уяўленне пра матэрыяльную і духоўную культуру беларусаў, пра рамёствы, абрады і звычаі. Як заўважыла загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Вераніка Курцова, каб сабраць на ўсё адказы, даследчыкам даводзілася штогод ехаць у вёскі і сядзець там сама мала па месяцу. Для прыкладу Юзэфа Мацкевіч, якая была рэдактарам і адным з аўтараў «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак», асабіста абследавала 31 населены пункт, падрыхтавала 238 карт.
Новае выданне расказвае, як ствараўся Атлас, якія мэты ставіліся перад даследчыкамі, колькі вёсак было даследавана, як шмат вядомых вучоных далучыліся да гэтай працы. У зборы матэрыялаў былі задзейнічаны таксама выкладчыкі і студэнты педагагічных інстытутаў з розных абласцей.
Абагульняючае выданне падказвае, як можна працаваць з «Лексічным атласам беларускіх народных гаворак», знаёміць з яго структурай, тыпамі лінгвагеаграфічных карт і іх асаблівасцямі. Так вучонымі было зроблена 1790 карт. У іх пададзены розныя тэмы, закранаецца комплекс моўных пытанняў (пашырэнне значэння слова, сінанімічныя назвы, словаўтварэнне, націск). Напрыклад, карты падкажуць, што ў беларусаў снег хутчэй «ідзе» (форма «падае» адзінкава сустракалася ў заходне-палескіх гаворак і частцы гаворак Гродзеншчыны). Нязвыклае сучаснікам слова «цяць» было пашырана на ўсіх тэрыторыях і магло ўжывацца з рознымі значэннямі: выцяць (ударыць, выразаць), уцяць (укусіць ці падкараціць, адрэзаць, адсячы), уцяцца (змокнуць), сцяць (зрэзаць, ссячы, збіць ці сціснуць), перацяць (пасячы).
А колькі розных варыянтаў ужывалася вяскоўцамі, каб апісаць надвор’е, напрыклад, сырое, з мокрым снегам: слота (слякаць, хлякаць, хлепата, хлюпа, шляпаніна ды іншыя). У літаратурнай мове можна сустрэць словы іней, шэрань, а былі ж і іншыя адпаведнікі гэтай з’яве, напрыклад, слова «шаць», якое, дарэчы, мае фіна-ўгорскае паходжанне. Дзякуючы такім рудыментам можна вывучаць гісторыю фарміравання лінгваландшафту. Словам «балота» маглі называць не толькі «топкае месца, багну», але і сухадольную сенажаць, размяклую глебу, гразь, мелкае возера, бруд у памяшканні, балотнае сена і нават лес. Ведаеце, як звалі жанчыну, якая ходзіць па хатах, абы каля печы не стаяць, нічога не рабіць? Наўрад ці штосьці падобнае вы знойдзеце ў слоўніках. А ў Атласе прадстаўлена 68 варыянтаў! Як вам такія: пахатуха, прайла, паквэстыя, пахадзяга, пахадыня, пахаджайка, пахадынька, пабягуха, пасядушка, бадзяка, паляндэра....
Канешне, новая кніга можа падказаць будучаму пакаленню мовазнаўцаў, якімі маршрутамі праехаць у пошуку слоў. Вось толькі паўтарыць працу, зробленую папярэднікамі, яны ўжо не змогуць: некаторыя з даследаваных вёсак апусцелі, ці там засталося па пару жыхароў, ды і носьбітаў мовы, якія маглі бы даць адказы на ўсе пытанні, які былі ў інструкцыі, распрацаванай для падрыхтоўкі атласа, ужо цяжка адшукаць. Затое «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак: аналітычныя і даведачна-інфармацыйныя матэрыялы» здольны падштурхнуць да новых даследаванняў, звязаных з гісторыяй мовы, вывучэннем яе багаццяў.