Top.Mail.Ru

«Мой дзень!.. Не мой дзень...»

Баек ды розных гісторый пра рыбалку і рыбакоў — лічыць не злічыць: і праўдзівых, і непраўдзівых... Да ўсіх я стаўлюся з разуменнем, бо чалавек мой — таксама рыбак: калі-нікалі нядрэнны ўлоў дадому прыносіць. Але ж зараз гаворка не пра яго, не пра мужа, а пра суседа, які на рыбалку ў нашу вёску прыязджае ажно з Масквы. Не раз пыталася ў яго, навошта гэтак далёка, няўжо бліжэй вадаёмаў няма? «Ёсць, — кажа, — але тут і рыба смачнейшая, і лавіць яе цікавей».



Мне нават зразумела чаму. Таму што тут — яго карані, яго радзіма і хата (дзед у спадчыну пакінуў). Таму што ўсё тут з маленства сваё...

Дык вось надоечы пад абед заходзіць да нас Канстанцін, частуе мяне цукеркамі (праўда, нашымі... Яны, кажа, найсмачнейшыя, і я з ім згодна), а потым пачынае расказваць, як на рыбалку схадзіў.

— Ведаеш, не мой сёння дзень, — прызнаецца адразу. — Ну прыйшоў я, паставіў «тэлевізар» каля затокі. Адышоўся крышку далей — закінуў вуду, гляджу на паплавок. Раптам бачу — з вады нейкі хвост вытыркаецца... 

Якраз як у русалкі! І плыве не абы куды, а ў... мой «тэлевізар».

Думаю, вось гэта шанц! Такая рыба... Сама...

Я бягом даганяць! Выцягнуў «тэлевізар», а там — не паверыш — дзюрка.

Хацеў быў расстроіцца, што такую прыладу страціў, але не паспеў: убачыў, што маё вудзільна ў раку спаўзае. Пабег назад, злавіў і выцягнуў галаўня кілаграма паўтара.

Ад душы парадаваўся: харошая рыбіна! Стаў маракаваць, дзе ж яе прыхаваць, каб не псавалася.

Нічога лепшага не прыдумаў, як «пасадзіць» на вяроўчыну: прывязаў да лазовага куста, закінуў спінінг і — не паверыш! — ледзь не адразу падчапіў такога файнага шчупака. Во, думаю: удача за ўдачай! Мой дзень! І тым часам цягну, цягну шчупака да берага... Без ахвоты, але ж ён «ідзе» — усё бліжэй, бліжэй да мяне... Амаль каля ног ужо...

Не паверыш: у апошняе імгненне круць сваім хвастом і цягу.

Шкада, вядома, але ж, думаю, нічога не зробіш — такой бяды: на сёння і галаўня мне хопіць. Падыходжу да свайго лазовага куста, цягну за вяроўку, а рыбы — няма, толькі канец матляецца... Не, не мой сёння дзень! — заяўляе рыбак.

Я, вядома ж, спачуваю:

— І сапраўды, — кажу, — не твой.

— Вечарам зноў схаджу на рыбалку, — з надзеяй прамаўляе Канстанцін. — Можа, хоць ноч мая будзе?

Рыбакі — вялікія аптымісты. Яны заўжды спадзяюцца на лепшае. І, напэўна, правільна робяць.

Ірына Салата,

г. Гродна.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю