«Усё, аб чым дамовіцеся з беларусамі, мы выканаем у тэрмін»
Рабочы тыдзень кіраўніка дзяржавы пачаўся з пашырэння ўзаемадзеяння з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. Падчас сустрэчы з дэлегацыяй Разанскай вобласці на чале з губернатарам Паўлам Малковым Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў шырокае кола пытанняў, якія дазволяць вывесці супрацоўніцтва з гэтым рэгіёнам на больш высокі ўзровень. На парадку дня — узаемадзеянне ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы, новыя сумесныя праекты і агульныя пункты росту.
«Мы ўсё выканаем у тэрмін»
Вітаючы дэлегацыю Разанскай вобласці ў Мінску, Аляксандр Лукашэнка назваў гэты рэгіён самай-самай расійскай глыбінкай, дзе жывуць самыя-самыя брацкія для беларусаў людзі. «Я хачу, каб вы разумелі: вы прыехалі ў свой родны горад, — канстатаваў Прэзідэнт. — Мы заўсёды рады гасцям (хаця іх гасцямі не назавеш) з Расійскай Федэрацыі».
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што па-ранейшаму разважаць наконт магчымасцяў двух бакоў не вельмі актуальна: гэтыя магчымасці добра вядомыя. «Але я хачу, каб вы былі ўпэўнены ў тым, верылі ў тое: усё, аб чым ваша дэлегацыя, якая прыбыла ў Мінск, дамовіцца з беларусамі — прамыслоўцамі, аграрыямі, вытворцамі станкоў, пасажырскай тэхнікі, грузавой — мы ўсё выканаем у тэрмін, — адзначыў Прэзідэнт. — Мы людзі абавязковыя. Заўсёды былі. Такімі і застанёмся».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на нядрэнныя эканамічныя паказчыкі супрацоўніцтва Беларусі і Разанскай вобласці. «Мы за апошнія пяць гадоў у два разы павялічылі наш таварааброт, — канкрэтызаваў беларускі лідар. — А эканоміка заўсёды з’яўляецца асновай нашага жыцця. Мы хутка дасягнём 300 мільёнаў долараў тавараабароту. Але, вывучаючы кірункі супрацоўніцтва з вамі, я зразумеў, што толькі паглыбляючы гэтыя кірункі, мы можам значна дадаць».
«Вы ведаеце нашы магчымасці»
Па словах кіраўніка дзяржавы, гаварыць кіраўніцтву Разанскай вобласці аб тым, што Беларусь можа вырабіць і паставіць туды рознага кшталту тэхніку, найлепшыя ўзоры машынабудавання, няма неабходнасці. «Вы ведаеце нашы магчымасці, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Калі ў вас будзе жаданне наведаць нашы прадпрыемствы — калі ласка, выбірайце любыя».
Асаблівую ўвагу Прэзідэнт парэкамендаваў звярнуць на ўзаемадзеянне ў станкабудаванні. «Без станкоў няма аўтамабіляў, нічога няма, — падкрэсліў ён. — Мы ўмеем нешта рабіць. Сярод іх — і фрэзерныя, і шліфавальныя, і такарныя станкі. І многае іншае абсталяванне для станкоў і не толькі. Паглядзіце, пераканайцеся ў тым, што мы ўмеем штосьці рабіць, і вызначце для сябе тое, што мы павінны будзем вам паставіць».

Аналагічная прапанова беларускага лідара датычыцца будаўнічых матэрыялаў. Кампетэнцыі Беларусі ў сферы будаўніцтва таксама добра ўсім вядомыя.
«Вы вельмі падобныя прыроднымі ўмовамі на Беларусь, мы — на вас, — агучыў яшчэ адзін перспектыўны кірунак Аляксандр Лукашэнка. — Вы нямала робіце па меліярацыі. І ў вас, ведаю, планы салідныя па меліярацыі. Таксама, як і мы, ведзяце распрацоўкі тарфяных радовішчаў. Мы не страцілі гэтыя навыкі з часоў Савецкага Саюза. Калі ласка, калі трэба будзе навучыць вашых людзей, падказаць, дапамагчы і папрацаваць разам — мы заўсёды гатовы».
Прэзідэнт праінфармаваны, што айчынныя прадукты харчавання карыстаюцца ў Разанскай вобласці аўтарытэтам. Гэта датычыцца і адзення, і абутку, іншых тавараў з Беларусі. «Усё гэта мы ўмеем рабіць і гатовы супрацоўнічаць з вамі, пастаўляць вам па вашым жаданні адпаведную прадукцыю», — запэўніў разанскіх сяброў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка выказаў жаданне, каб падчас візіту ў нашу краіну прадстаўнікі дэлегацыі гэтага расійскага рэгіёна бліжэй пазнаёмілася з Беларуссю. «Калі, яшчэ раз падкрэсліваю, вы аб чымсьці дамовіцеся з беларускімі міністрамі або кіраўнікамі прадпрыемстваў, мы гэта бярэм на кантроль і абавязкова выканаем», — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт.
«Вы прыехалі да сябе дадому»
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што Разанская вобласць заўсёды славілася сваімі надзейнымі ваеннымі кадрамі. Па яго словах, вельмі шмат беларусаў у свой час заканчвалі Разанскае вышэйшае ваеннае вучылішча.
«І цяпер нямала іх служыць у нашых Узброеных Сілах, — удакладніў беларускі лідар. — І многія часці, якія расфарміроўваліся пасля распаду Савецкага Саюза, я захаваў у даніну павагі гэтым людзям, якія заўсёды ішлі наперадзе, якія змагаліся, ваявалі за нашы інтарэсы».

Аднак, як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, не толькі моцнай ваеннай школай славіцца Разанская вобласць. «Вы славіцеся і сваім прамысловым патэнцыялам, — удакладніў ён. — Гэта вельмі развітая, няхай і невялікая, вобласць Расійскай Федэрацыі. Гэта цэнтр, гэта глыбінка. Калі хочаце, глыбінка нашай самасвядомасці».
Беларускі лідар назваў разанцаў гераічнымі людзьмі. Па яго словах, 180 жыхароў Разанскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны змагаліся з ворагам у Брэсцкай крэпасці. «На тэрыторыі Беларусі тысячы разанцаў ваявалі і загінулі, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — 4,5 тысячы загінула гэтых людзей, абараняючы сваю тады зямлю. Таму я і гавару: вы павінны адчуваць, што вы прыехалі да сябе дадому».
«У нашых намерах — усебакова развіваць узаемадзеянне з Беларуссю»
У сваю чаргу, губернатар Разанскай вобласці Павел Малкоў, які, дарэчы, у якасці кіраўніка рэгіёна знаходзіцца ў Беларусі ўпершыню, выказаў удзячнасць беларускаму лідару за цёплы прыём, знойдзены час для абмеркавання магчымасцяў і перспектыў двухбаковага ўзаемадзеяння.

Губернатар падзяліўся ўражаннямі ад убачанага ў Мінску. «Чыстыя, прыгожыя, акуратныя, дагледжаныя вуліцы, шырокія праспекты, ні аднаго куточка, у якім не было б бачна гаспадарскага вока», — канкрэтызаваў ён.
Павел Малкоў адзначыў, што ўзаемадзеянне Беларусі і Расіі толькі мацнее. «Калі гаварыць пра Разанскую вобласць, у нашых намерах — усебакова развіваць узаемадзеянне з Беларуссю, — падкрэсліў ён. — Мы бачым, што гэтыя намеры абсалютна ўзаемныя. Беларусь — наш шматгадовы стратэгічны партнёр. Многае ўжо рэалізавана, шмат што яшчэ трэба будзе зрабіць. Цяпер Разанская вобласць гандлюе прыкладна са 100 краінамі свету. Пры гэтым Беларусь — гэта пятая частка ўсяго нашага знешняга тавараабароту: першае месца па экспарце, трэцяе — па імпарце. Год ад году ў нас тавараабарот расце, усё больш сумесных праектаў».

Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Даслоўна
«Ёсць вельмі трывалы фундамент, на якім далей будуем нашы адносіны»
Як адзначыў у размове з журналістамі губернатар Разанскай вобласці Павел МАЛКОЎ, Беларусь і Расію звязваюць вельмі цесныя сувязі. І Разанская вобласць — не выключэнне. «У нас вельмі вялікая колькасць самых розных праектаў, мерапрыемстваў, падпісана Пагадненне паміж Разанскай вобласцю і Рэспублікай Беларусь, ёсць асобны план мерапрыемстваў на 2025 — 2030 гады, — канкрэтызаваў ён. — Ужо рэалізаваны шэраг праектаў, кожны з іх развіваецца».

Па словах кіраўніка рэгіёна, Мінск наведвае не толькі афіцыйная дэлегацыя з Разанскай вобласці, а і бізнес-місія. «Сёння, па-першае, мы абмяркоўвалі тыя праекты, якія ўжо рэалізаваны, іх далейшую перспектыву, па-другое, дамаўляліся аб новых кірунках работы, — распавёў падрабязнасці сустрэчы з беларускім лідарам Павел Малкоў. — Цяпер наша ўзаемадзеянне ахоплівае ўвесь магчымы спектр кірункаў і пытанняў: пачынаючы ад прамысловасці, сельскай гаспададаркі, заканчваючы сацыяльна-гуманітарнай сферай».
«У нас наладжана вельмі сур’ёзнае ўзаемадзеянне ў галіне машынабудавання, — расказаў губернатар Разанскай вобласці. — Вялікія планы па далейшым развіцці гэтага кірунку. А, напрыклад, па фармацэўтыцы, вытворчасці медыцынскіх вырабаў мы пакуль робім першыя крокі. Дамовіліся, што будзем прапрацоўваць гэта пытанне далей».
- Высокую ацэнку губернатар даў будаўнічым кампаніям з Беларусі, якія працуюць на тэрыторыі Разанскай вобласці. «Культура вытворчасці на найвышэйшым узроўні, усё як пад лінеечку, апрануты прыгожа, акуратна — проста прыемна паглядзець, — такую выснову Павел Малкоў зрабіў пасля наведвання аднаго з будаўнічых аб’ектаў у Разанскай вобласці, на якім працуюць нашы суайчыннікі. — Высокая рэпутацыя будаўнікоў з Беларусі і так добра вядомая. Але калі ты гэта бачыш на свае вочы, хочацца гэта ўзаемадзеянне пашыраць».
Кіраўнік рэгіёна адзначыў, што Разанская вобласць бачыць у супрацоўніцтве з нашай краінай вялікі патэнцыял. «У Беларусі нашмат больш шырокі спектр магчымасцяў, — канстатаваў ён. — Глядзім, што ў першую чаргу цікава Рэспубліцы Беларусь у арганізацыі сумесных праектаў. У сваю чаргу, прапаноўваем свае кампетэнцыі».
Паспяховым кірункам супрацоўніцтва губернатар назваў узаемадзеянне з ААТ «Магілёўліфтмаш». Яно звязана не толькі з заменай ліфтоў на Разаншчыне. «У нас рэалізуецца сумесны праект па пастаўцы гатовага абсталявання і разварочванні сумеснай вытворчасці, якая разлічана не толькі на Разанскі рэгіён, а і на ўсе суседнія рэгіёны», —канкрэтызаваў губернатар.
Паспяховае ўзаемадзеянне ажыццяўляецца і ў адукацыйнай галіне. Напрыклад, кожная ВНУ Разанскай вобласці мае партнёрскія адносіны з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Беларусі. Канкрэтныя праекты рэалізуюцца па лініі таварыства «Веды». Ажыццяўляецца пастаянны абмен творчымі калектывамі.
Па словах губернатара, спектр узаемадзеяння Разанскай вобласці і Беларусі вельмі шырокі. «У нас назапашаны вялізны пералік праектаў, кірункаў узаемадзеяння, а, самае галоўнае, ёсць прамыя сувязі як на ўзроўні афіцыйных асоб, так і на ўзроўні прадпрыемстваў, асобных кампаній, арганізацый, — рэзюмаваў Павел Малкоў. — Ёсць вельмі трывалы фундамент, на якім далей будуем нашы адносіны».