Інклюзіўныя кавярні пачалі з’яўляцца ў Беларусі шэсць гадоў таму. Іх сетка налічвае ўжо чатыры пункты — дзве ў Мінску і па адной у Брэсце і Магілёве. Гата дазволіла працаўладкавацца 11 чалавекам з рознымі парушэннямі здрароўя, у тым ліку з сіндромам Даўна і інвалідам-калясачнікам.
«Гэта не подзвіг, а проста работа»
Мы зазірнулі ў інклюзіўную кавярню, якая знаходзіцца ў цэнтры сталіцы, па вуліцы Інтэрнацыянальнай, 36. За стойкай — шэф-барыста і намеснік дырэктара па развіцці Наталля АСТАНІНА. Яна з’яўляецца інвалідам-калясачнікам і была адной з першых сярод інвалідаў, хто авалодаў гэтай прафесіяй у Беларусі. І сёння не толькі гатуе каву, але і навучае новых супрацоўнікаў.
— Для мяне гэта не подзвіг, а проста праца, як у мільёнаў іншых людзей, — прызнаецца Наталля. — Наша задача — зрабіць каву смачнай канкрэтна для кожнага кліента.
Нягледзячы на фізічныя асаблівасці барыста, у кавярні заўсёды шмат наведвальнікаў. Яны кажуць, што гэта самая смачная кава ў горадзе.
— У нас унікальны праект. Аматарам кавы цікава прыйсці, пагутарыць з намі. Гэта такі своеасаблівы крок наперад у сацыялізацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, — дадае шэф-барыста.
Пазнаёміла нас Наталля і са сваім напарнікам Васілём:
— У яго сіндром Даўна. Аднак часам ён з’яўляецца нашымі «нагамі» — выконвае даволі адказныя задачы, адвозіць дакументы, займаецца падатковымі пытаннямі.

Падставіць плячо
Намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Наталля КАРАВАЯ адзначыла, што ў кавярню прыйшла, каб удакладніць дэталі праекта, каб разумець, як можна развіць гэты цудоўны праект далей:
— Ён існуе дзякуючы падтрымцы з боку кампаніі А1. На дзяржаўным узроўні таксама шмат робіцца ў плане падтрымкі і сацыялізацыі інвалідаў. І вельмі важна аб’ядноўваць намаганні, каб дабіцца яшчэ больш значнага эфекта. Эфект відавочны: людзі з абмежаванымі магчымасцямі сацыялізуюцца, праяўляюць сябе, а гэты праект, у прыватнасці, паказвае грамадству, што такія людзі запатрабаваныя і могуць жыць, як усе.
Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Андрэй СТРЫГЕЛЬСКІ падкрэсліў, што горад зацікаўлены ў развіцці такіх ініцыятыў:
— Мы прапрацоўваем пытанне, каб у рабят была магчымасць дабірацца да месца працы з выкарыстаннем службы сацыяльнага таксі, якая дзейнічае ў Мінску. Дасягнута дамоўленасць наконт адкрыцця такой жа кавярні ў гарадскім цэнтры сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў «Расток». Не выключаю, што такія пункты могуць з’явіцца і ў іншых месцах, у тым ліку ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі маглі інтэгравацца ў паўнавартаснае грамадскае жыццё, займацца бізнесам і зарабляць.
Надзея ЗУЕВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ