Top.Mail.Ru

МТЗ перадаў каледжам аграрнай галіны партыю сучасных трактароў

Энерганасычанае навучанне


Цырымонія ўручэння ключоў ад 28 трактароў BELARUS 1523.3 прадстаўнікам каледжаў краіны, якія займаюцца падрыхтоўкай спецыялістаў у сельскагаспадарчай галіне, прайшла ў ААТ «МТЗ».


Тэхніку набыла Акадэмія нацыянальнай адукацыі. На 2026 год запланавана набыццё трактароў мадэляў 3522, 2022 і 1523.3. Па словах генеральнага канструктара ААТ «МТЗ» Ігара ЗЯМЦОВА, яны адпавядаюць актуальным патрабаванням рынку і эксплуатацыі:

— Навучацца неабходна з улікам новых дапрацовак, паколькі менавіта з такой тэхнікай сутыкнецца чалавек на практыцы. Вучыць трэба заўсёды, нават крыху забягаючы наперад. А пакуль студэнты вучацца, завод развіваецца і выпускае новыя мадэлі.

Генеральны канструктар адзначыў і іншыя распрацоўкі завода. Сярод іх — трактар BELARUS 5425 магутнасцю 500 к. с., гусенічны трактар і шахтавая машына. Тэхніка адпавядае міжнародным патрабаванням і праходзіць выпрабаванні. Вынікі, у цэлым, станоўчыя, гаспадаркі даюць добрыя водгукі. Паралельна МТЗ уносіць змяненні ў мадэлі, якія раней выпускаліся, і рыхтуецца да наступнага ўзроўню трактарабудавання.



— Свет не стаіць на месцы, з’яўляюцца новыя патрабаванні да гідраўлікі і агрэгатавання. Завод павінен не адставаць ад сучасных трэндаў і адпавядаць запытам часу, — сказаў Ігар Зямцоў.

Як адзначыла рэктар Акадэміі нацыянальнай адукацыі Вольга РЫБАКЛЮЧАВА, у ходзе дзяржаўнай праграмы «Беларусь інтэлектуальная», разлічанай на 2026–2030 гады, запланавана ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі 76 трактарамі. На цяперашні момант з сённяшняй партыяй каледжам перададзены 61 трактар, у гэтым годзе плануецца перадача яшчэ 15.


— Тэхніка аснашчана сістэмай дакладнага земляробства. Гэта дасць магчымасць будучым спецыялістам асвойваць перадавыя тэхналогіі вядзення сельскай гаспадаркі, атрымліваць практычныя навыкі работы з сучасным абсталяваннем і знаёміцца з лічбавымі рашэннямі, якія сёння актыўна ўкараняюцца ў аграпрамысловым комплексе, — лічыць рэктар.

Яна звярнула ўвагу, што ў 2027 годзе Міністэрства адукацыі плануе стварыць цэнтры рабатызацыі і аўтаматызацыі вытворчасці ў кожнай вобласці. Цэнтры будуць мець міжгаліновы характар і будуць накіраваны на рэалізацыю праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця ў частцы рабатызацыі.


— Да 2030 года плануецца павялічыць колькасць робатаў з 13 да 100 адзінак на 10 тысяч насельніцтва. Падрыхтоўку спецыялістаў таксама ўжо трэба планаваць, каб выпускнікі каледжаў разумелі, з чым будуць працаваць, — падкрэсліла Вольга Рыбаключава.

Віктар ЛЮБІМАЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю