Беларускія трактары родныя для Азербайджана па многіх прычынах. Па-першае, шмат тэхнікі пад маркай «Беларус» працавала ў гэтай рэспубліцы ў савецкі перыяд. І працягваюць пакідаць значны след: класічная мадэль МТЗ-80 (выпускалася да сярэдзіны 1980-х гадоў) да гэтага часу сустракаецца ў парках. Трактар бездакорны і надзейны. І такія старажылы павышаюць імідж нашай тэхнікі, даказваюць яе безумоўную надзейнасць.
Па-другое, з 2007 года актыўна развіваецца партнёрства МТЗ і Гянджынскага аўтамабільнага завода па зборы беларускай тэхнікі ў Азербайджане. За амаль дваццаць гадоў выпушчана больш за 14 тысяч адзінак. І ў гэтага партнёрства ёсць вялікія стратэгічныя перспектывы. Пра іх расказалі кіраўнікі прадпрыемстваў падчас наведвання Мінскага трактарнага завода дэлегацыяй Гянджынскага аўтамабільнага завода.
Азербайджанскі партнёр МТЗ асвоіў зборку 16 мадэляў нашай тэхнікі. Генеральны дырэктар ААТ «МТЗ» Тарас Мурог расказаў, што ўстойлівым попытам карыстаюцца ў Азербайджане мадэлі магутнасцю 80, 90 і 120 конскіх сіл. Але абмяркоўваецца магчымасць пашырэння магутнаснага рада і наменклатуры тэхнікі. На яго думку, ёсць перспектывы ў міні-трактароў для бахчаў і фермерскіх гаспадарак, магутнай тэхнікі (350 конскіх сіл) для буйнатаварнай сельскагаспадарчай вытворчасці. У гэтым годзе плануецца паставіць азербайджанскім партнёрам 700 машынакамплектаў. Але гэта — самы мінімальны парог. Як адзначыў Тарас Мурог, мэтай з’яўляецца планка ў 1000 адзінак. І такія перспектывы праглядаюцца.
Старшыня назіральнага савета ВА «Гянджынскі аўтамабільны завод» Ханлар Нуру аглу Фаціеў канстатаваў, што доля беларускай тэхнікі, якая збіраецца на заводзе, што ён узначальвае, складае каля 80 працэнтаў. І гэта сведчыць аб яе якасці і канкурэнтаздольнасці. У адваротным выпадку, такіх высокіх паказчыкаў было б немагчыма дасягнуць: канкурэнцыя ў Азербайджане досыць сур’ёзная. Адзначыў наш партнёр і актыўнае ўкараненне сучасных тэхналогій Мінскім трактарным заводам. Новыя мадэлі абсталёўваюцца рознымі аўтаматызаванымі і лічбавымі сістэмамі дакладнага земляробства. Ханлар Нуру аглу Фаціеў паабяцаў, што ў пачатку мая на вялікай міжнароднай выставе будзе вялікая прэзентацыя менавіта сучасных аграрных тэхналогій, якія закладзены ў новых мадэлях МТЗ.
У бліжэйшай перспектыве, запэўніў ён, вывад сабранай у Азербайджане беларускай тэхнікі на рынак Турцыі. Першыя пастаўкі планавалася ажыццявіць яшчэ ў пачатку дзесяцігоддзя, але пандэмія і звязаныя з ёй абмежаванні і турбулентнасці ссунулі па часе рэалізацыю гэтай стратэгіі. Але задача выхаду на рынкі трэціх краін пастаўлена Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым. І яна будзе выканана.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ