Новы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Павел Муравейка падключыцца да кантролю за стратэгічнымі праектамі і работы са зваротамі грамадзян. Аб гэтым у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» расказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой, паведамляе БелТА.
«Павел Мікалаевіч будзе займацца кантролем за шэрагам стратэгічных праектаў, звязаных не толькі з ваенна-прамысловым комплексам, але і ў рамках рэгіянальных праграм. Будзе каардынаваць інстытут памочнікаў Прэзідэнта ў рэгіёнах і займацца зваротамі грамадзян, — адзначыў Дзмітрый Крутой. — Я думаю, гэта будзе вялікая дапамога і недзе нават паскарэнне пэўных працэсаў. Ён добра ўзаемадзейнічае з людзьмі, інакш кажучы, цывільная частка яго кар’еры таксама даволі нядрэнная. Ён валодае добрым аналітычным складам розуму і можа дапамагчы ў падрыхтоўцы пэўных матэрыялаў па лініі грамадзянскіх ініцыятыў».
Дзмітрый Крутой растлумачыў, што кіраўніку дзяржавы паступае вялікая колькасць зваротаў, у тым ліку з сацыяльных сетак. І з усяго гэтага масіву трэба вызначыць найбольш важныя тэмы, якія сапраўды патрабуюць увагі з боку Прэзідэнта.
«Праводзіцца работа ўнутры Адміністрацыі па ўдасканаленні дзейнасці гэтага падраздзялення. Я думаю, што каардынацыю гэтай работы таксама ўзначаліць Павел Мікалаевіч», — дадаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.
Сам Павел Муравейка ў каментарыі журналістам адзначыў, што на новай пасадзе яму трэба будзе паглядзець на бягучыя ў краіне працэсы з іншага ракурсу. «Каб можна было гарантавана забяспечыць бяспеку краіны», — падкрэсліў ён.
Як паведамлялася, у канцы верасня Аляксандр Лукашэнка назначыў Паўла Муравейку намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што гэту кандыдатуру яму ніхто не рэкамендаваў, гэта была яго асабістая прапанова і рашэнне, часткова нечаканая як для цяперашняга кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта, так і для Дзяржсакратарыята Савета бяспекі, ваенных. «Таму будзьце свабодны ад усіх», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што гэта кадравае рашэнне накіравана на тое, каб атрымаць альтэрнатыўны пункт гледжання на сітуацыю ва Узброеных Сілах ад дасведчанага, прафесіянальнага чалавека. «Альтэрнатыўны, канкурэнтны пункт гледжання павінен існаваць на самым высокім узроўні. Гэта мне патрэбна. Я хачу, каб нашы Узброеныя Сілы былі гатовы да самых сур’ёзных сутыкненняў, мерапрыемстваў, каб іх пазбегнуць, — заявіў беларускі лідар. — Наша мэта адна — абараніць той кавалак зямлі, на якім мы жывём».