Сумеснае беларуска-расійскае ваеннае вучэнне «Захад-2025» не накіравана супраць нейкай канкрэтнай краіны ці краін. Пра гэта, як паведаміла прэс-службе Міністэрства абароны, заявіў начальнік Генеральнага штаба—першы намеснік міністра абароны Беларусі генерал-маёр Павел Муравейка.
«Сёння мы распачалі сумеснае стратэгічнае вучэнне ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі „Захад-2025“. Гэта планавае мерапрыемства, якое мы праводзім у мэтах удасканалення навыкаў камандуючых і камандзіраў па кіраванні групоўкамі войск пры выкананні задач па абароне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны», — падкрэсліў Павел Муравейка.
Ён асабліва адзначыў, што вучэнне не накіравана супраць нейкай канкрэтнай краіны або групы краін і з’яўляецца мерапрыемствам падрыхтоўкі да выканання задач па прызначэнні.
«Акрамя таго, мы ставім сабе за мэту павышэнне практычнай гатоўнасці органаў кіравання і войскаў да сумесных дзеянняў, а таксама павышаем палявую вывучку салдат, сяржантаў і афіцэраў», — сказаў Павел Муравейка.
Важным элементам мэт вучэння, паводле слоў прадстаўніка абароннага ведамства, з’яўляецца асваенне новых прыёмаў і спосабаў вядзення сучасных дзеянняў, а таксама выкарыстанне асноўных мер па павышэнні жывучасці, кіравальнасці і рэалізацыі задач па выкананні асноўных мерапрыемстваў у ходзе вядзення баявых дзеянняў.
«Вучэнне спланавана правесці ў два этапы. Першы прадугледжвае адіццё ўдараў сродкаў паветранага нападзення праціўніка, вядзенне і падрыхтоўку абарончых баявых дзеянняў, а таксама стварэнне ўмоў для абароны суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці. Змест другога этапа будзе ўключаць у сябе комплекс мерапрыемстваў па разгрому груповак праціўніка і ачысткі ад яго сваёй тэрыторыі. Гэта важны аспект гарантавання бяспекі і абароны краіны», — адзначыў Павел Муравейка.
Вучэнне плануецца правесці на трох палігонах і ўчастках мясцовасці ў Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай абласцях.
«Адразу хачу перасцерагчы ад лішніх інсінуацый і ілжывых абвінавачанняў. Усе мерапрыемствы праводзяцца на значнай аддаленасці ад нашых паўднёвых і заходніх межаў.
Асаблівасцямі вучэння з’яўляюцца тыя фактары, якія закладзены сёння ў сучасныя ваенныя канфлікты. Гэта актыўнае прымяненне сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, выкарыстанне беспілотных лятальных апаратаў на розных этапах вядзення баявых дзеянняў, захаванне жывучасці і забеспячэнне кіравальнасці падраздзяленняў, выкарыстанне актыўных перашкод і ў тым ліку штучнага інтэлекту для падтрымкі прыняцця рашэння», — расказаў першы намеснік міністра абароны.
У ходзе вучэння будуць адпрацаваны пытанні разгрупавання, маскіроўкі, захавання пунктаў кіравання, выкарыстоўваючы для гэтага складкі мясцовасці і мясцовую інфраструктуру нашай краіны.
У рамках падрыхтоўкі да вучэння за некалькі тыдняў да сённяшняга дня войскі занялі зыходныя раёны для яго правядзення, абсталявалі іх у інжынерных адносінах і стварылі ўмовы для адпрацоўкі асноўных пытанняў вучэння. Яны будуць адпрацоўвацца комплексна з прымяненнем і арганізацыяй узаемадзеяння розных родаў войск і спецыяльных войск.
«Ужо сёння першыя падраздзяленні правядуць баявыя стрэльбы на палігонах, адпрацоўваючы праблематыку барацьбы з беспілотнымі лятальнымі апаратамі, адбіццё ўдараў сродкаў паветранага нападзення і дзеянні ў змешаных баявых парадках.
Акрамя таго, мы плануем разглядаць і нарошчваць выкарыстанне рабатызаваных сістэм, штучнага інтэлекту для каардынацыі дзеянняў, сродкаў агнявога паражэння, радыёэлектроннай барацьбы і дзеяння падраздзяленняў на полі бою», — расказаў Павел Муравейка.
Ён таксама падкрэсліў, што вучэнне «Захад-2025» не пагроза трэцім краінам, а імкненне адпрацаваць пытанні ў рамках падрыхтоўкі сваіх Узброеных Сіл сумесна з войскамі саюзнікаў.
Фота: «Ваяр»«Разам з тым мы актыўна адсочваем усю ваенную актыўнасць, якая адбываецца паблізу нашых граніц і гатовы адрэагаваць на любыя правакацыі, якія могуць узнікнуць у ходзе правядзення вучэння», — адзначыў Павел Муравейка.