Top.Mail.Ru

МУС — бацькам: сачыце за актыўнасцю дзяцей у сацсетках і колам іх зносін

Праваахоўнікі заклікаюць бацькоў узмацніць кантроль за дзецьмі ў перыяд канікул, паведаміла БелТА са спасылкай на МУС.


У сувязі з пачаткам летніх канікул у ведамстве нагадваюць бацькам аб найважнейшай задачы дарослых — кантролі за дзецьмі. «Сачыце за іх актыўнасцю ў сацыяльных сетках, цікаўцеся колам зносін, у тым ліку віртуальным. Не пакідайце малалетніх без нагляду. Гэта дапаможа прадухіліць праблемы, зберагчы ад бяды і забяспечыць бяспечныя канікулы», — падкрэслілі ў МУС.

Праваахоўнікі таксама нацэлены на забеспячэнне бяспекі дзяцей. Сярод задач — прафілактыка дзіцячага дарожна‑транспартнага траўматызму, прафілактыка злачынстваў у дачыненні да непаўналетніх, у тым ліку ў інтэрнэце; недапушчэнне ўцягвання падлеткаў у супрацьпраўную дзейнасць; стварэнне бяспечных умоў у месцах іх масавага знаходжання — толькі частка мер па абароне дзяцінства, якія штодня выконваюць міліцыянты.

Сёння адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей. У Міністэрстве ўнутраных спраў нагадалі, што вялікая ўвага надаецца рабоце з падрастаючым пакаленнем. «Сапраўдных патрыётаў і будучых абаронцаў правапарадку рыхтуюць у двух спецыялізаваных ліцэях МУС у Мінску і Магілёве. Для дзяцей рэгулярна арганізоўваюцца спартыўныя святы, турыстычныя злёты, займальныя і пазнавальныя экскурсіі на спартыўныя і культурныя аб’екты рэспубліканскага значэння, паездкі па знакавых месцах. Захаванне гістарычнай памяці, пераемнасць пакаленняў, усебаковае інтэлектуальнае, фізічнае і маральнае развіццё — аснова фарміравання асобы», — адзначылі ў прэс‑службе.

Акрамя таго, штогод праводзяцца акцыі МУС «Сям’я! Служым разам!», «За бяспеку — разам!». Праваахоўнікі таксама далучаюцца да рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці», шэфствуюць над школамі‑інтэрнатамі і аказваюць адрасную дапамогу тым, хто ў ёй мае патрэбу.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю