Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі расказала аўтамабілістам, як паводзіць сябе на дарогах у складаных умовах надвор’я.
На сераду Белгідрамет аб’явіў аранжавы ўзровень небяспекі, таму што ў многіх раёнах краіны пройдуць моцныя ліўні і навальніцы са шквалістым узмацненнем ветру парывамі 15-20 м/с.
У МУС адзначылі, што ў такіх складаных умовах надвор’я аўтамабілістам трэба прытрымлівацца бяспечнага скораснага рэжыму, а таксама выконваць дыстанцыю і бакавы інтэрвал.
У ветранае надвор’е і навальніцу не варта паркавацца пад дрэвамі, а таксама каля канструкцый з высокай паруснацю і слаба замацаваных. Пры пагаршэнні бачнасці трэба ўключыць блізкае святло фар, а калі з-за дажджу няма магчымасці працягваць рух, то лепш спыніцца за межамі праезнай часткі і ўключыць «аварыйку».«Пры трапленні ў паласу моцнага дажджу трэба плаўна знізіць хуткасць, устрымацца ад рэзкіх манеўраў і тармажэнняў», — рэкамендуюць у ведамстве.
У МУС таксама падкрэслілі, што супрацоўнікі міліцыі арыентаваны на аказанне дапамогі ўдзельнікам дарожнага руху, якія трапілі ў цяжкую сітуацыю.Пешаходам рэкамендуецца пачынаць пераход дарогі толькі пасля таго, як яны пераканаюцца, што вадзіцелі іх заўважылі і паспелі спыніцца. Таксама будзе правільным рашэннем адмовіцца ад перамяшчэння на сродках персанальнай мабільнасці і веласіпедах у такое надвор’е.
Фота з адкрытых крыніц