Top.Mail.Ru

«Я хачу прывезці ў Беларусь сваю сям’ю, бо тут бяспечна!»

Інфармацыя, распаўсюджаная шэрагам інтэрнэт-рэсурсаў аб грамадзяніне Афганістана, не адпавядае рэчаіснасці

У некаторых крыніцах на прасторах інтэрнэту распаўсюдзілася інфармацыя аб грамадзяніне Афганістана, які спрабаваў нелегальна трапіць у Еўрасаюз праз Беларусь і страціў руку нібыта з-за жорсткага абыходжання з ім беларускімі міліцыянерамі. Тое, што гэта фэйк, пацвердзілі і супрацоўнікі органаў унутраных спраў, і ўрачы, і сам мігрант. 

Як адзначыў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Іван НОВІКАЎ, грамадзянін Афганістана Джыхад Махамад Гуль прыбыў у Рэспубліку Беларусь з Расійскай Федэрацыі і 30 чэрвеня быў затрыманы ў Мінску з групай нелегальных мігрантаў. «На той момант у замежнага грамадзяніна скончыўся тэрмін дзеяння расійскай візы, якая давала яму права знаходжання ў нашай краіне, — удакладніў ён. — У сувязі з гэтым у адносінах да парушальніка было прынята рашэнне аб добраахвотнай дэпартацыі: 1 ліпеня ён выехаў у Расію».

Screenshot_1.png

Аднак мужчына незаконна вярнуўся ў Беларусь і 27 ліпеня звярнуўся ў сталічную ўстанову аховы здароўя па медыцынскую дапамогу. Пасля аказання меддапамогі быў адпушчаны, але праз два дні яго шпіталізавалі: на лячэнні ў бальніцы грамадзянін Афганістана знаходзіўся да 20 верасня.

Як паведаміла галоўны ўрач Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Вольга СВЯТЛІЦКАЯ, грамадзянін Афганістана, аб якім ідзе размова, быў дастаўлены ў гэту клініку брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі ў прытомнасці. «Аднак кантакт з ім не ладзіўся, паколькі гэты грамадзянін абсалютна не валодаў рускай мовай і вельмі дрэнна размаўляў на англійскай мове (ведаў усяго некаторыя словы), — удакладніла яна. — Улічваючы тое, што ён быў узяты на вуліцы і дастаўлены брыгадай хуткай дапамогі, мы праводзілі комплекснае абследаванне згодна з нашым пратаколам».

Screenshot_19.png

Кажучы аб стане здароўя пацыента, калі ён першы раз паступіў у бальніцу, галоўны ўрач расказала, што ў яго была істотна траўміравана рука — назіраліся паверхневыя пашкоджанні ў выглядзе ранаў мяккіх тканак правай кісці і правага перадплечча з прыкметамі інфіцыравання. «Грамадзянін не тлумачыў абставіны і тэрміны атрымання траўмы, — заўважыла Вольга Святліцкая. — Нашы супрацоўнікі прапанавалі яму шпіталізацыю, але грамадзянін паводзіў сябе негатыўна, ад шпіталізацыі адмовіўся і пакінуў наша аддзяленне».

Аднак ва ўстанову аховы здароўя брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі ён быў дастаўлены паўторна. «Пры гэтым назіралася сур’ёзнае пагаршэнне стану, — канстатавала Вольга Святліцкая. — Прыкметы запалення хутка нарасталі, з’явіліся прыкметы флегмоны (вострага гнойнага запалення мяккіх тканак. — „Зв“.), таму быў кансіліум. Грамадзяніну на англійскай мове (ён быў у прытомнасці, усё разумеў) было патлумачана, што, калі рука не будзе ампутаваная, то высокая верагоднасць смяротнага зыходу ў бліжэйшыя суткі-двое ад інтаксікацыі».

У выніку грамадзяніну Афганістана была зроблена аперацыя, у шпіталі ён правёў 52 дні. Беларускія медыкі зрабілі ўсё магчымае для захавання жыцця замежнага грамадзяніна. Выдаткі дзяржбюджэту на яго лячэнне перавысілі 56 тысяч рублёў і да гэтага часу не кампенсаваны.

Screenshot_2.png

«9 верасня ў Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі МУС з Прадстаўніцтва ўпраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў паступіў ліст, у якім паведамлялася аб тым, што ўказаны грамадзянін Афганістана хоча звярнуцца з хадайніцтвам аб прадастаўленні статусу бежанца, дадатковай абароны або прытулку ў Рэспубліцы Беларусь, — праінфармаваў Іван Новікаў. — Таксама паведамлялася аб тым, што ён знаходзіцца ў бальніцы з ампутаванай рукой».

22 верасня Дэпартаментам па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі дадзены адказ, што пасля завяршэння лячэння іншаземцу неабходна асабіста звярнуцца з хадайніцтвам аб абароне ва ўпраўленне па грамадзянстве і міграцыі УУС Віцебскага аблвыканкама. Таксама яму даецца магчымасць размяшчэння ў пункце часовага пасялення бежанцаў у абласным цэнтры.

8 кастрычніка грамадзянін Афганістана прыбыў у Віцебск для падачы хадайніцтва аб абароне. Органамі ўнутраных спраў іншаземцу аказваецца ўся неабходная дапамога і садзейнічанне.

Як паведаміў Джыхад Махамад Гуль, фізічная сіла з боку беларускіх міліцыянераў да яго не ўжывалася. «Я хачу прывезці ў Беларусь сваю сям’ю, бо тут бяспечна!», — сказаў ён і падзякаваў беларусам, якія аказвалі яму дапамогу і працягваюць гэта рабіць.

Вераніка КАНЮТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю