У Міністэрстве ўнутраных спраў падвялі вынікі комплексу аператыўна-прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на супрацьдзеянне незаконнаму абароту наркотыкаў, паведамілі БелТА ў МУС.
«Намаганні мы засяродзілі на асобах, якія знаходзяцца на ўліку за спажыванне забароненых рэчываў, раней судзімых за нарказлачынствы, а таксама на ўразлівых катэгорыях грамадзян — пажылых і непаўналетніх, якія пражываюць разам з нарказалежнымі. Асаблівай увагай ахапілі схільную да негатыўнага ўплыву моладзь. Усяго ў адрасную прафілактычную работу ўцягнулі больш за 2 тыс. Акцэнт зрабілі на спыненні паставак наркотыкаў, недапушчэнні іх збыту ў месцах масавага адпачынку моладзі і зніжэнні колькасці атручэнняў забароненымі рэчывамі. Правядзенне такіх мерапрыемстваў у комплексе з іншымі мерамі спрыяльна ўплывае на аздараўленне аператыўнай абстаноўкі», — адзначылі ў МУС.
У ведамстве падкрэслілі, што з пачатку года зменшылася колькасць нарказлачынстваў, а таксама злачынстваў, учыненых раней судзімымі, на трэць — затрыманых падлеткаў. У паўтара раза скарацілася колькасць атручэнняў, у два разы — смяротных перадазіровак.
«З незаконнага абароту канфіскавана амаль 1,3 тыс. кг наркотыкаў і псіхатропаў. Асноўная іх частка накіроўвалася транзітам з краін Еўрасаюза ў Расію, адкуль дробнымі партыямі вярталася для рэалізацыі ў нашу краіну, — расказалі ў МУС. — Сярод датычных да абароту наркотыкаў стала больш замежнікаў. Толькі з пачатку года да адказнасці прыцягнуты звыш 120 чалавек з 20 краін. У ходзе комплексу мерапрыемстваў затрыманыя восем грамадзян іншых дзяржаў з 11 кг наркотыкаў. У іх ліку — двое расіян, якія перавозілі 3,5 кг альфа-PVP. Іншы прыклад — выяўленне госця краіны, які меў пры сабе 5 кг небяспечных псіхатропных рэчываў».
Пры гэтым колькасць беларусаў, уцягнутых у наркаспаўсюджванне, зніжаецца — маштабная інфармацыйная работа аб прадугледжанай адказнасці, звязанай з вялікімі тэрмінамі зняволення, сапраўды эфектыўная.
У ведамстве нагадалі, што крымінальная адказнасць за збыт наркотыкаў (а да яго адносіцца і перадача каардынатаў закладкі праз Інтэрнэт) у Беларусі надыходзіць з 14 гадоў. За названыя дзеянні пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 25 гадоў. Аднак законам прадугледжана магчымасць вызвалення ад крымінальнай адказнасці пры добраахвотнай здачы наркотыкаў і актыўным садзейнічанні ў спыненні злачынстваў, звязаных з іх незаконным абаротам.