Праваахоўнікі будуць выкарыстоўваць цяжкую тэхніку для дапамогі грамадзянам, якія трапілі ў цяжкую сітуацыю праз непагадзь. Пра гэта БелТА паведамілі ў МУС.
У сувязі са складанымі ўмовамі надвор’я міністр унутраных спраў Іван Кубракоў правёў селектарную нараду з удзелам начальнікаў ГУУС і УУС, Галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС і абласных упраўленняў Дзяржаўтаінспекцыі. Кіраўнікі далажылі аб становішчы на месцах. Па ўказанні кіраўніка праваахоўнага ведамства асабісты склад Дзяржаўтаінспекцыі і тых падраздзяленняў, якія задзейнічаюцца пры навядзенні парадку на дарогах і ліквідацыі наступстваў стыхіі, пераведзены на ўзмоцнены варыянт нясення службы.
На базе Галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС разгорнуты рэспубліканскі аператыўна-сітуацыйны штаб. Створаны аналагічныя штабы ў рэгіёнах. Акрамя супрацоўнікаў ДАІ, у іх уключаны прадстаўнікі іншых падраздзяленняў міліцыі грамадскай бяспекі, а таксама ўнутраных войскаў. Пастаўлена задача аператыўна правесці рэвізію наяўнай спецтэхнікі. Уся яна паступае ў распараджэнне ДАІ.
Іван Кубракоў даручыў кіраўніцтву ўнутраных войскаў максімальна вывесці на дарогі цяжкую тэхніку (усюдыходы, БТР, «Волат», «Тыгр» і г. д.) для садзейнічання камунальным службам у прыборцы снегу і грамадзянам, якія трапілі ў цяжкую сітуацыю. «Там, дзе ёсць неабходнасць у дапамозе, у тым ліку сіламі нашых супрацоўнікаў і вайскоўцаў, у прыборцы снегу пенсіянерам, ветэранам, — аказаць», — акцэнтаваў міністр.
Некаторыя ўчасткі дарог, у тым ліку абласнога і рэспубліканскага значэння, будуць закрывацца. «Лепш закрыць, пачысціць, чым у палоне апынецца вялікая колькасць транспарту», — адзначыў кіраўнік праваахоўнага ведамства. З улікам сітуацыі, якая склалася, ён таксама заклікаў грамадзян прыбраць асабістыя аўтамабілі з дваровых праездаў і абочын, каб не перашкаджаць праезду снегапрыборачнай тэхнікі.
Наладжаны цесны кантакт з падраздзяленнямі па надзвычайных сітуацыях, прадпрыемствамі аўтамабільнай прамысловасці для вылучэння дадатковых адзінак тэхнікі. «Звяртаем увагу аўтаўладальнікаў: калі вы трапілі ў дробнае ДТЗ, яго можна аформіць па еўрапратаколе без выкліку ДАІ. Пры неабходнасці атрымання кансультацыі тэлефануйце па кругласутачным нумары гарачай лініі 140. Калі вы трапілі ў цяжкую сітуацыю ў шляху, паведаміце пра гэта па тэлефоне 102 або ў чат-бот МУС «Мы заўсёды побач!» — падкрэслілі праваахоўнікі.