Сёння кіберзлачыннасць становіцца ўсё больш арганізаванай дзейнасцю, таму поўнай няўразлівасці — ні на дзяржаўным, ні на персанальным узроўні — дасягнуць немагчыма. Адзіны спосаб паменшыць рызыкі — гэта выкананне правіл лічбавай бяспекі. У МУС нагадваюць: вельмі важна навучаць дзяцей і пажылых сваякоў асновам бяспечных паводзін у інтэрнэце, а на прадпрыемствах — мэтанакіравана фарміраваць адпаведную культуру ў працоўных калектывах.
Справа ў тым, што зламыснікі аператыўна рэагуюць на любыя змены ў лічбавай прасторы. У прыватнасці, яны ўжо адаптаваліся да пераходу сістэмы аховы здароўя на электронныя рэцэпты і бальнічныя і актыўна выкарыстоўваюць іх як нагоду для тэлефонных званкоў грамадзянам:
— Грамадзянам тэлефануюць па розных прычынах, з розных тэлефонаў. Прадстаўляючыся той ці іншай установай аховы здароўя, прапануюць прайсці электронную рэгістрацыю, перадаць свае персанальныя даныя. Нічога паведамляць нельга. Ні Міністэрства аховы здароўя, ні іншыя дзяржаўныя органы не просяць правесці аўтэнтыфікацыю, паведаміць якія-небудзь паролі, коды ці асабістыя даныя, — расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці крымінальнай міліцыі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, палкоўнік міліцыі Андрэй Кавалёў.
Паводле яго слоў, замежныя калегі актыўна дзеляцца аператыўна-тэхнічнай інфармацыяй, што дае магчымасць выбудоўваць эфектыўнае ўзаемадзеянне. Цяпер такое супрацоўніцтва вядзецца з 89 краінамі свету ў мэтах аператыўнага абмену данымі і раскрыцця злачынстваў.
— На сёння ў Рэспубліцы Беларусь створана сур’ёзная заканадаўчая база і тэхнічныя бар’еры, дзякуючы якім нават выкрадзеныя грашовыя сродкі вывесці аднамомантна практычна немагчыма, — адзначыў Андрэй Кавалёў. — Чым раней нашы пацярпелыя звернуцца ў міліцыю, у дзяржаўныя органы і раскажуць, што ў дачыненні да іх здзейснена злачынства, тым больш шанцаў, што іх грашовыя сродкі будуць заблакіраваныя, застануцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. І дзякуючы сумеснай рабоце Следчага камітэта, Парка высокіх тэхналогій і банкаўскай супольнасці гэтыя грашовыя сродкі можна будзе вярнуць.
Аміна НАЗАРАВА
Фота з адкрытых крыніц