Як паведамлялася, Прэзідэнтам падпісаны закон «Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне». Дакумент распрацаваны з улікам практыкі прымянення папярэдніх амністый, аднак мае свае асаблівасці. Так, значна пашырана катэгорыя вызваленых.
Закон будзе прымяняцца толькі да асоб, якія маюць станоўчую характарыстыку ў перыяд адбывання пакарання. У асноўным пад яго палажэнні падпадуць тыя, хто здзейсніў злачынствы, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі ці менш цяжкія.
Амністыя не будзе распаўсюджвацца на тых, хто: будучы раней амніставаным, зноў учыніў наўмыснае злачынства; не пакрыў прычыненую шкоду; дапусціў асабліва небяспечны рэцыдыў злачынстваў; датычны да экстрэмісцкай або тэрарыстычнай дзейнасці; асуджаны да пажыццёвага пазбаўлення волі.
Ва ўсіх папраўчых установах ствараюцца спецыяльныя камісіі для разгляду пытанняў прымянення амністыі. Вынікі будуць даведзены індывідуальна кожнаму асуджанаму пад роспіс.
Нароўні з ДВП МУС непасрэдным суб’ектам выканання закона з’яўляюцца крымінальна-выканаўчыя інспекцыі. Яны вядуць працу як з тымі, хто вызваліўся з устаноў пенітэнцыярнай сістэмы, так і з асуджанымі да пакаранняў, не звязаных з пазбаўленнем волі.
У рамках кампетэнцыі будзе ажыццяўляцца кантроль за прыбыццём асоб, вызваленых з устаноў крымінальна-выканаўчай сістэмы, своечасовай пастаноўкай іх на ўлік, аказаннем ва ўзаемадзеянні з мясцовымі органамі ўлады садзейнічання ў бытавым і працоўным уладкаванні, рэгістрацыяй або аднаўленнем страчаных дакументаў.
Пры неабходнасці па ініцыятыве АУС пытанні, звязаныя з сацыяльнай і працоўнай адаптацыяй такіх грамадзян, могуць быць вынесены на разгляд мясцовых выканаўчых органаў улады.
Чакаецца, што амністыя закране амаль 8 тыс. асуджаных.