Сёння як ніколі важна памятаць пра мужнасць і самаахвяраванне тых, хто ваяваў, абараняючы інтарэсы сваёй краіны. У тым ліку — па-за яе межамі. Значны ўклад ва ўвекавечанне памяці пра подзвігі воінаў-інтэрнацыяналістаў, умацаванне сувязі паміж пакаленнямі ўносіць адна з залаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, дзе штогод праходзяць патрыятычныя мерапрыемствы.
«Нашчадкі Вялікай Перамогі» — абвяшчае надпіс на ўваходзе да экспазіцыі. І гаворка ідзе не толькі пра сем’і, што на працягу многіх гадоў захоўваюць памяць пра загінуўшых мужоў, сыноў і дачок, але і пра ўсіх нас. Тысячы беларусаў і воінаў Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі актыўна ўдзельнічалі ў войнах і лакальных канфліктах на тэрыторыях іншых краін у другой палове ХХ стагоддзя. Гэтаму і прысвечана першая частка выставачнай залы. А роля і значэнне прадстаўнікоў сённяшняга пакалення сілавых структур — прадаўжальнікаў баявых традыцый — раскрываецца ў другой яе частцы.
Да 35-годдзя вываду войскаў з Афганістана выставачную залу «Нашчадкі Вялікай Перамогі» мадэрнізавалі, дапоўніўшы новымі экспанатамі. Сярод іх — асабістыя рэчы і дакументы воінаў-інтэрнацыяналістаў, сувеніры, прывезеныя імі з далёкіх краёў, зброя і аскепкі снарадаў. І ў кожнай рэчы — свая гісторыя. Экспанаты ўнікальны, у асноўным — з сямейных калекцый. У адной з вітрын, напрыклад, прадстаўлены трафеі ўдзельніка разведвальных аперацый П. І. Тычыны: жэтон, свісток, пярсцёнак, ружанец. Тут жа і яго цюрбан — элемент маскіроўкі — разам з фальшывым пасведчаннем.
Як распавяла старшы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Наталля Обухава, гэтыя экспанаты збіраліся на працягу цэлага года. Дзякуючы актыўнаму ўдзелу у працесе саміх воінаў-інтэрнацыяналістаў, а таксама іх сем’яў, экспазіцыя служыць напамінам нашаму грамадству пра подзвігі яго грамадзян.
З гэтай мэтай у выставачнай зале праводзяцца тэматычныя мерапрыемствы, у ліку якіх — дыялогавыя пляцоўкі, экскурсіі, розныя праекты. Адна з такіх сустрэч, арганізаваная ў рамках праекту «Семейный альбом» і прысвечаная Герою Савецкага Саюза А. А. Мельнікаву, прайшла 7 лютага. Студэнцкай моладзі і навучэнцам сталічных навучальных устаноў пра сваю сям’ю расказала дачка воіна-інтэрнацыяналіста Марыя Андрэеўна Мельнікава.
Сёння ж выставачную залу наведалі школьнікі — навучэнцы ДУА «Сярэдняя школа № 132 г. Мінска», якія ўважліва слухалі кожнае слова экскурсавода, з заміраннем глядзелі ўнікальныя дакументальныя кадры. А 14-га лютага ў гэтай зале будуць ушаноўваць ветэранаў Афганскай вайны.
Аміна НАЗАРАВА
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА