Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашае ўсіх аматараў творчасці вядомага песняра на юбілейную выстаўку
«Купалаў дом — 100!», прысвечаную 100-годдзю набыцця Янкам Купалам дома ў Мінску. Праект раскрывае розныя аспекты жыцця першага народнага паэта Беларусі, яго родных і сяброў у доме на Кастрычніцкай, 36/40 — па адным з самых знакамітых адрасоў Мінска 1926–1941 гадоў.
Пасля доўгіх пераездаў сям’я Луцэвічаў нарэшце змагла спыніцца ў Мінску, дзе ім было наканавана набыць свой сапраўдны дом — не толькі цёплы прытулак, але і тое месца, дзе нараджаліся лепшыя творы беларускай паэзіі. Сюды, у дом на Паплавах, Янка Купала з жонкай Уладзіславай і сястрой Леакадзіяй пераехалі ў 1926 годзе. Будынак заўсёды быў напоўнены цёплымі ўсмешкамі сяброў і блізкіх. Тут часта ладзіліся літаратурныя сустрэчы, дзе чыталі вершы, спявалі і вялі шчырыя гутаркі. «Дом адчыненых дзвярэй» вартаваў сабака Журан, які жыў на верандзе і не выпускаў занадта сціплых гасцей без дазволу народнага паэта.
— На жаль, дом пад тапор не захаваўся, але дзякуючы гэтай выстаўцы мы з вамі быццам вяртаемся на сто гадоў назад, можам паслухаць песні, што гучалі ў Купалавым доме, убачыць, хто заходзіў у госці да песняра і пачуць, якія вяліся гутаркі, — выступіла з прывітальным словам дырэктар установы Ганна Галінская.
У экспазіцыі дэманструюцца арыгінальныя фотаздымкі, дакументы, успаміны сучаснікаў са збору Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, якія паказваюць паэта і яго жонку Уладзіславу як гасцінных гаспадара і гаспадыню Дома пад таполяй на Паплавах. Экспанаты знаёмяць з цікавымі гісторыямі, што здараліся на Купалавай сядзібе. Партнёр праекта — Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці — упершыню перадаў для экспанавання арыгінальныя дакументы, якія ўласнаручна падпісалі пры куплі дома Янка Купала і яго сястра Леакадзія Раманоўская ў жніўні 1926 года. Таксама да праекта далучыўся Віцебскі краязнаўчы музей, са збору якога ў Мінск вярнуліся тэлеграма і фотакартка Янкі Купалы.
— Мы вельмі рады, што нашы дакументы могуць экспанавацца ў Купалавым доме, бо часцей яны застаюцца ў архіве. А так пра іх даведаюцца іншыя. Спадзяёмся, што гэта не ўсе дакументы, якія захоўваюцца ў нашым архіве і датычацца Янкі Купалы. І калі будуць яшчэ знаходкі, з радасцю прадэманструем іх у сценах Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, — расказала намеснік дырэктара Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці Ірына Лукашэвіч.
На аснове прадстаўленых фотаздымкаў 1926 года ў зале музея супрацоўнікамі створана фотазона, якая вяртае наведвальнікаў у мінулае і дае магчымасць адчуць сябе гасцямі сям’і Луцэвічаў.
Падчас адкрыцця выстаўкі ў рамках акцыі «Чытаем Купалу разам» прагучалі творы паэта, напісаныя сто гадоў таму. Сярод іх — славуты верш-падзяка «За ўсё...», верш-падарожжа «Па Даўгінаўскім гасцінцы», рэдкі ў спадчыне народнага паэта верш-жарт з гарадскіх рэалій «І што я зрабіў такое...», гумарыстычныя
«Гутарка аб кепскай гаспадыні» і «Гутарка аб кепскім гаспадары», якія працягваюць традыцыю жанру гутарак у беларускай літаратуры.
Выстаўка працуе да 24 жніўня.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА