Музей зубра адкрылі ў Брэсце. Падзея прымеркавана да 86-й гадавіны заснавання Брэсцкай вобласці, перадае БелТА.
Брэсцкая вобласць была ўтворана 4 снежня 1939 года. На яе сцягу намаляваны зубр, які з’яўляецца адным з сімвалаў Беларусі. Пяць гадоў таму ў аблвыканкаме ўзнікла ідэя стварыць музей у гонар велічнага волата. Першай у калекцыі стала фігурка зубра з суцэльнага кавалка ліпы. Яе перадалі работнікі Брэсцкай фабрыкі сувеніраў. Ініцыятыву падхапілі. На дадзены момант сабрана каля 250 экспанатаў. Большая частка з іх падорана кіраўніцтву і жыхарам Брэстчыны прадстаўнікамі іншых рэгіёнаў нашай краіны, замежных дэлегацый, прадпрыемствамі, навучальнымі ўстановамі. Некаторыя статуэткі шукалі мэтанакіравана.

Фігуркі зуброў выкананы з самых розных матэрыялаў. Пераважная большасць з іх зроблена з дрэва — дуба, ліпы, бярозы, лістоўніцы, хвоі і іншых парод. У экспазіцыі можна ўбачыць зуброў са сталі, бронзы, фарфору і фаянсу, шкла, лёну і воўны, тканіны, саломы, керамікі, бурштыну, шакаладу і пластыліну. Самы мініяцюрны экспанат вышынёй каля 1 см.
Калекцыя папоўнілася эксклюзіўнымі статуэткамі, зробленымі рукамі таленавітых жыхароў усіх гарадоў і раёнаў Брэсцкай вобласці. Тэхнікі выкарыстаны самыя розныя. Напрыклад, зубр лунінецкіх умельцаў выкананы з моранага дуба, які дасталі з Палескіх балот, дзе праляжаў не адзін дзясятак стагоддзяў. Віртуозы з Лунінецкага раёна ўзяліся за яшчэ адзін цяжкі матэрыял у апрацоўцы. Яны ператварылі кап (нараст на бярозе) у фігурку чырванакніжнай жывёлы. Майстар са Столінскага раёна скульптуру зубра высеклі сякерай з драўлянай калодачкі. Сваю мініяцюрную версію ляснога волата зрабілі ў Іванаўскай школе бондарства. Маларыцкія мастачкі саламянага зубра апранулі ў касцюм традыцыйнага ўбору свайго раёна. Наймілым атрымаўся зубрык з пластыліну, якога зляпіла дзіця з Белаазёрска да абласных «Дажынак-2025».
Музей размясціўся на першым паверсе Брэсцкага аблвыканкама. «Гэта першы і пакуль адзіны музей зубра ў Рэспубліцы Беларусь. Выкананы ён у калекцыйным паказе. Тут прадстаўлены прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, але ўсе яны падпарадкаваныя адной тэме. Ні адзін малюнак не паўтараецца. Кожны з зуброў унікальны. Крыніцы паступлення — падарункі ручной работы, створаныя прамысловым спосабам. На мой погляд, самая галоўная асаблівасць гэтага музея ў тым, што праз мастацкую выяву аднаго толькі зубра мы можам гаварыць аб непаўторнасці нашага рэгіёна, яго прыроды, гісторыі, людзях, якія тут жывуць і працуюць, захоўваюць традыцыйную культуру і перадаюць наступным пакаленням», — адзначыў дырэктар Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея Аляксей Міцюкоў.
Брэсцкая вобласць за 86 гадоў перажыла розныя перыяды, дасягнула значных вынікаў. Важкі ўклад у развіццё рэгіёна зроблены і сёлета. «2025 год быў складаны, цікавы і самае галоўнае — ён быў абсалютна эфектыўны. Мы змаглі вельмі сур’ёзна дадаць у эканоміцы да ўзроўню мінулага года. Ужо думаем над работай у 2026-м. Амбіцыі кажуць пра тое, што не збіраемся спыняцца на дасягнутым. З улікам тых высокіх паказчыкаў, якіх дасягнулі ў бягучым годзе, ставім перад сабой задачу працаваць з пэўным эканамічным ростам», — рэзюмаваў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык.