У Нацыянальным гiсторыка-культурным музеi-запаведнiку «Нясвiж» зараз праходзiць выстаўка жывапiсу i графiкi «Дакрануцца да невядомага», якая прысвечана 120-гадоваму юбiлею беларускага мастака Мiхаiла Сеўрука. У экспазiцыю ўвайшлi творы з фондаў музея-запаведнiка: графiчныя лiсты, выкананыя ў розных тэхнiках эстампа, — лiтаграфii, афорта, лiнагравюры, ксiлаграфii i сухой iголкi, а таксама ёсць унiкальная графiка алоўкам, жывапiс алеем, акварэллю i гуашшу.
Крыху пра аўтара. Зямны i творчы шлях мастака пачаўся ў Варшаве, аднак пасля вучобы ў Вiленскiм унiверсiтэце пераязджае ў 1939 годзе ў Нясвiж, дзе ён, уласна, пражыў усё жыццё i прысвяцiў яму ўсю сваю творчасць.
Адзначым, што Мiхаiл Сеўрук адносiцца да плеяды савецкiх мастакоў-рэалiстаў, прыхiльнiкаў класiчнай школы жывапiсу, у традыцыях якой была работа з натуры i вернасць жыццёвай праўдзе. Таму працэс стварэння сюжэтна-апавядальных карцiн, кампазiцыйных партрэтаў, пастановачных нацюрмортаў i тэматычных пейзажаў абавязкова ўключаў этап напiсання папярэднiх эскiзаў i хуткiх эцюдаў, якiя пасля ўваходзiлi ў склад канчатковай кампазiцыi i часам нават у нязменным выглядзе.
Гэтыя натурныя эцюды як першакрынiцы часта напоўнены больш яркай энергетыкай, маляўнiчай сакавiтасцю i вобразнай выразнасцю, чым iх наступны варыянт, адлюстраваны ў карцiне. Не выпадкова некаторыя эцюды высока цэняцца знаўцамi мастацтва як цалкам завершаныя творы.
Менавiта з такiх жывых i непасрэдных падрыхтоўчых эцюдаў i эскiзаў, якiя ўяўляюць сабой працоўны матэрыял мастака, i складаецца калекцыя работ Мiхаiла Сеўрука, прадстаўленая на выставе ў музеi-запаведнiку «Нясвiж».
— Мы iмкнулiся данесцi да нашых наведвальнiкаў галоўнае — гэта тое, якiм улюбёным поглядам аўтар глядзiць на родныя прасторы, сваiх сучаснiкаў, у гэтым i ёсць адна з граняў патрыятызму — любоў да сваёй Радзiмы, якая раскрываецца нават у пасрэдных на першы погляд дэталях. Ставячы сабе гэта мэтай ў тым лiку, мы вярнулi ў Беларусь у мiнулым годзе больш за 50 работ майстра. Менавiта з iх сфармiравана цяперашняя выстава, якая экспануецца ўпершыню, — распавёў дырэктар музея-запаведнiка «Нясвiж» Дзмiтрый Яшчанка.
Цiкавым для наведвальнiкаў стане i той факт, што разам з аўтарскiмi творамi на выставе прадстаўлены асабiстыя дакументы мастака: пасведчанне аб нараджэннi 1905 года, прызначэнне на працу выкладчыкам малявання ў школу Нясвiжа 1944 года i арыгiнал 1962 года накiравання мастака ў калгасы раёна для збору матэрыялаў з мэтай напiсання партрэтаў перадавiкоў вытворчасцi. Усё гэта — сведчаннi эпохi, у якую жыў i працаваў аўтар.
Як выдатны партрэтыст мастак атрымлiваў заказы на напiсанне партрэтаў лепшых прадстаўнiкоў працоўнага народа. Але мноства работ ён ствараў для душы, для творчай рэалiзацыi, для захавання вобразаў сучаснiкаў, якiя выклiкалi шчырую асабiстую сiмпатыю.
Сярод шырокай партрэтнай галерэi Мiхаiла Сеўрука на выставе прадстаўлены маляўнiчы «Партрэт пляменнiка Сяргея», выкананы ў тэхнiцы пастэлi «Партрэт хлопчыка», чароўны алоўкавы партрэт «Дзяўчынка», адзiн з лепшых вобразаў, якi напiсаны сангiнай, «Партрэт Лялi» i мноства iншых, якiя сведчаць аб таленце мастака i яго майстэрстве.
У завяршэнне адзначым, вядомы жывапiсец, педагог Мiхаiл Сеўрук у жыццi быў сцiплым, iнтэлiгентным чалавекам. Яго iмя непарыўна звязана з Нясвiжам. Ён доўгi час быў адзiным прафесiйным мастаком, якi пражываў у гэтым горадзе, цяпер — гiстарычнай жамчужыне Беларусi.
Дзе можна пазнаёмiцца з творамi майстра? Выстаўка яго творчай спадчыны ў гонар 120-гадовага юбiлею арганiзавана ў малой выставачнай зале палацава-паркавага ансамбля «Нясвiж», на тэрыторыi якога Мiхаiл Сеўрук чэрпаў натхненне i напiсаў шмат сваiх твораў.
— З нашага боку — гэта высакародная данiна памяцi выдатнаму мастаку i высокая ступень павагi да знакамiтага дзеяча выяўленчага мастацтва нашай краiны, — падсумаваў Дзмiтрый Яшчанка.