Вёска Тамашоўка — малая радзіма першага беларускага касманаўта Пятра Клімука — вядома сваім музеем касманаўтыкі далёка за межамі раёна. Унікальная калекцыя, якая налічвае ўжо больш за 2 тысячы экспанатаў, сабраных за 48 гадоў існавання музея, уключае ў сябе сапраўдныя дакументы, фатаграфіі, асабістыя рэчы і нават школьную парту, за якой сядзеў наш вядомы суайчыннік.
Як адзначыў дырэктар сярэдняй школы в. Тамашоўка імя П. І. Клімука Яўген ГРЫГОР’ЕЎ, на базе якой і размешчаны музей касманаўтыкі, у апошні час паток наведвальнікаў значна ўзрос, дасягаючы ў сярэднім ад 3 да 5 тысяч чалавек штогод. І геаграфія шырокая: апроч жыхароў Беларусі і Расіі, тут пабывалі турысты з Кітая, Германіі, Індыі, Бельгіі і іншых краін. Папулярнасці музея спрыяе як сарафаннае радыё, так і самастойнае планаванне наведвальнікамі маршруту з пошукам інфармацыі ў інтэрнэце. Крыху больш за год таму тут была створана новая частка пастаяннай экспазіцыі «Касмічная Беларусь», якая расказвае аб дасягненнях краіны ў галіне навукі і тэхналогій, прадпрыемствах касмічнай галіны і беларускіх касмічных апаратах. Цэнтральнае месца ў ёй займаюць асобы Пятра Клімука, Уладзіміра Кавалёнка, Алега Навіцкага і Марыны Васілеўскай.

З набыццём музеем новага статусу навучэнцаў і педагогаў школы павіншаваў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр ПАРХОМЧЫК, паведамляе БелТА. Ён перадаў у дар установе каштоўныя кнігі і карціну, заклікаў школьнікаў добра вучыцца і клапаціцца пра сваю фізічную форму: «Наш Прэзідэнт сказаў, што Марына Васілеўская не апошні беларускі касманаўт, які заваюе космас. Верагодна, сярод прысутных тут у кагосьці ёсць такое жаданне. Таму трэба старацца як мага лепш вучыцца, быць фізічна развітым. Такія палёты — вялікае напружанне, і не кожны чалавек у стане вытрымаць яго. Калі нехта задумаўся, будзем падтрымліваць. І, магчыма, праз нейкі час яшчэ адзін касманаўт з Тамашоўкі заваюе космас».
Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА