Больш за сто гадоў прайшло з таго часу, калі адзін Мастак стварыў карціну «Закаханыя над горадам» — пра сябе самога і жанчыну, якая ў 1915 годзе стала яго жонкай. Іх шлюб быў заключаны ў Віцебску, але такое адчуванне, што на нябёсах: амаль 30 гадоў яна была для яго той адзінай, без якой немагчымае жыццё. І больш за сто гадоў іх каханне натхняе людзей і творцаў па ўсім свеце. Гэта засведчыў перформанс, што адбыўся 13 лютага ў адной з крэатыўных прастораў сталіцы.
«Марк Шагал: сусвет кахання» — такую праграму прадставіў заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь «Музычная капэла «Санорус». Праграма, у якой спалучыліся слова, жывапіс і музыка. Гісторыя, якую вырашылі распавесці прыгожа і яскрава як таго заслужыў творца і галоўная муза яго жыцця. У перформансе сышліся розныя сродкі выразнасці — мастацкія і драматычныя, якія ўзмацняла музыка ў выкананні хору і аркестра. А яшчэ аказалася, што прызрыста-нябёсную рамантыку здольны дадаць дзіўны інструмент тэрменвокс — трэба ведаць яго гучанне, каб зразумець, напрыклад, як можа кранаць знакамітая «Ave Maria» Шуберта, калі да харавога выканання далучаецца гэты інструмент, нібыта голас анёлаў. Але цікава ў праграме не толькі такое фантастычнае спалучэнне розных відаў мастацтваў, але і сам падбор музычных твораў, якія нібыта ілюстраваў пэўныя этапы жыцця майстра, які жыў у многіх краінах і скарыў свет. Таму разам з творамі сусветных класікаў, такіх, як Бах, Моцарт ці Сен-Санс у праграму ўключылі музыку беларускіх кампазітараў. Памятаеце верш Петруся Броўкі «Пахне чабор»? Так, каханне набыло выяўленне ў версіі для хора, якую стварыў кампазітар Вячаслаў Пяцко. А яшчэ гучалі творы Аляксандра Літвіноўскага з цыкла «Тоўсты сшытак» і музычныя «Партрэты», створаныя кампазітарам Галінай Гарэлавай. Галоўны дырыжор капэлы «Санорус» Вячаслаў Ларын выступіў яшчэ і як кампазітар — з рамантычным творам «Зорка» на верш Рыгора Барадуліна...
Вядома, неба і зоркі Віцебска Шагал насіў з сабою ўсё сваё доўгае жыццё. Так, у ім было некалькі жанчын — але толькі пасля заўчаснай смерці Бэлы, якую ён перажываў вельмі пакутліва. І гатовы быў прызнавацца ёй у каханні нават пасля, каб засведчыць, што яно вечнае. І вось пра гэтую жанчыну, якая нарадзілася 135 гадоў таму, памятае ўвесь свет дзякуючы яго карцінам, вершам і словам. Яна стала яго жонкай, нягледзячы на незадаволенасць бацькоў і насуперак логіцы таго часу: Бася Розэнфельд паходзіла з заможнай сям’і ювеліра, а Мовша Шагал быў бядняк, ды яшчэ мастак, то бок чалавекам з сумнеўнымі даходамі...
У кнізе «Маё жыццё» Марк Шагал пісаў: «... Яна маўчыць, я таксама. Яна глядзіць — о, яе вочы! — я таксама. Быццам бы мы даўным-даўно знаёмыя, і яна ведае пра мяне ўсё: маё дзяцінства, маё цяперашняе жыццё і што сам мной будзе; быццам бы заўсёды назірала за мной, была недзе побач, хоць я бачыў яе ўпершыню. І я зразумеў: гэта мая жонка. На бледным твары ззяюць вочы. Вялікія, высокія, чорныя! Гэта мае вочы, мая душа».
Звычайна пра яе гавораць выключна як пра каханую жонку мастака, але Бася-Берта-Бэла (імя мянялася ў адпаведнасці з месцам пражывання) была адукаванай і мэтанакіраванай асобай, яна скончыла гісторыка-філасофскі факультэт Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсаў. А яшчэ наведвала акцёрскія курсы студыі Станіслаўскага — марыла пра сцэну. Спрабавала пісаць і нават супрацоўнічала з газетамі — пазней яна рэалізуе гэты талент у сваіх кнігах «Агні, якія гараць» і «Першая сустрэча». Кнігі Бэлы ўбачаць свет пасля яе смерці дзякуючы Марку Шагалу і іх дачцэ Ідзе. Сярод яе успамінаў ёсць і гаворка пра тое, як мастак «прымусіў» іх «узляцець»: «Ты кідаешся да палатна, якое дрыжыць пад тваёй рукой. Абмакваеш пэндзлі. Хвошча чырвоны, сіні, белы, чорны. Уцягваеш мяне у колазварот фарбаў. І раптоўна ты адрываешся ад зямлі і цягнеш мяне за сабой»...
Вядома каля трох тысяч карцін, малюнкаў і накідаў Шагала, дзе ёсць вобраз жанчыны, якая ляціць, і гэта без уліку партрэтаў каханай. Цяпер яны жывуць не толькі ў музеях ці прыватных калекцыях, але могуць быць згаданыя ў сучасных праектах і прасторах (падобных D-HAB), і не адзін раз. Бо гэта выдатная магчымасць паразмаўляць з моладдзю пра тое, як мы вырашаем у сваім жыцці праблему выбару — прафесіі і чалавека, які гатовы падзяліць увесь твой шлях, якім бы ён ні быў.