Музычную дарогу маюць намер зрабіць на пад’ездзе да нацыянальнага парка «Белавежская пушча». Пра гэта паведамілі БелТА ў РУП «Брэстаўтадар».
Гаворка ідзе пра ўчастак рэспубліканскай дарогі Р83, які размешчаны перад аграгарадком Камянюкі Камянецкага раёна. Па праекце працягласць музычнай дарогі складзе каля 700 м. На палатно на паласе руху ў бок нацпарка нанясуць халодны пластык. Пры праездзе па ім транспарту вадзіцелі і пасажыры змогуць пачуць «запаведны напеў» знакамітай песні «Песняроў» «Белавежская пушча». Пра набліжэнне да незвычайнага дарожнага аб’екта будзе папярэджваць інфармацыйны знак.
«Музычную дарогу зрабіў у Гомельскай вобласці „Гомельаўтадар“. Мы вырашылі: а чаму б нам не зрабіць „Белавежскую пушчу“? Праект, вядома, цікавы. Праз сваю спецыфіку дзейнасці падкрэсліваем асаблівасць і прывабнасць Брэсцкай вобласці, яе турыстычны патэнцыял. Плануем усё зрабіць, арыенціровачна, да 10 чэрвеня», — расказалі ў «Брэстаўтадары».
У цэлым у гэтым годзе ў Брэсцкай вобласці намечана выканаць бягучы рамонт каля 260 км рэспубліканскіх дарог. З надыходам спрыяльных умоў надвор’я спецыялісты ўзяліся за работу. «Чатыры аб’екты пакуль увялі ў эксплуатацыю. Работы праводзяцца комплексна», — адзначылі ў «Брэстаўтадары». У прыватнасці, у арганізацыі сёлета набылі дзве новыя разметачныя машыны для работы на рэспубліканскіх дарогах на тэрыторыі вобласці.