Top.Mail.Ru

Музычная спадчына Фрэнка Сінатры прагучала ў Белдзяржфілармоніі

Сумесны канцэрт ансамбля салістаў «Класік-Авангард» (мастацкі кіраўнік і дырыжор — Людміла Каліноўская), джазавага квінтэта Арка Аўруцкага і вакаліста Дзмітрыя Наскова прайшоў у Вялікай канцэртнай зале Белдзяржфілармоніі.


У рамках «Мінскай вясны» музыканты прадставілі праграму «Фрэнк Сінатра са струннымі. Найлепшае». 

Гэтым вечарам гучалі, праўда, самыя папулярныя рамантычныя кампазіцыі амерыканскага спевака. Аранжыроўкі напісаў Арк Аўруцкі спецыяльна да вясновага туру. 

Між тым вёў рэй маскоўскі вакаліст Дзмітрый Наскоў, з аўтарскай песні якога і пачалася творчая сустрэча. Ён выступае як выканаўца джазавых стандартаў і арыгінальных песень, кампазітар, стваральнік фанаграм для зорак расійскай эстрады і аўтар музыкі да расійскіх блокбастараў. Першы прызёр конкурсу тэлеканала «ТНТ» «Ярчэй зорак». 

Спецыфіка праграмы дазваляе стваральнікам эксперыментаваць з яе прэзентацыяй нават у філарманічных залах. Так, разважаючы падчас канцэрта пра біяграфію і музычную спадчыну Фрэнка Сінатры і распавядаючы пра ўласны творчы лёс, Дзмітрый Наскоў імкнецца весці дыялог са слухачамі. У сваіх прамовах паміж выкананнем кампазіцый шмат увагі ўдзяляе гумару: ён, безумоўна, дапамагае наладзіць кантакт з публікай (прынамсі, з найбольш разняволенай яе часткай) і адчуць, наколькі прыхільна яна ставіцца да таго, што адбываецца на сцэне. 

Квінтэт Арка Аўруцкага і Дзмітрый Наскоў даўно выступаюць разам, аднак джазавы канцэрт у суправаджэнні струнных — гэта зусім іншы выканальніцкі і слухацкі вопыт. Таму поспех гэтага праекта, безумоўна, шмат у чым залежаў ад мастацкага кіраўніка і дырыжора «Класік-Авангард» Людмілы Каліноўскай, якая заўсёды клапоціцца аб тым, каб змест канцэртаў выклікаў цікавасць публікі. Дарэчы, расійскія і беларускія музыканты выступаюць разам не ўпершыню, і нават на канцэрце «Фрэнк Сінатра са струннымі. Найлепшае» прысутнічалі аматары творчасці гэтых калектываў, якія ўжо завітвалі на папярэднія сумесныя выступленні. Мяркуем, супрацоўніцтва працягнецца. 

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю