А сярод іх — і нашы песні, слухаць якія не надакучыла, нягледзячы на тое, што некаторыя з іх створаны больш за 50 гадоў таму. А дзе гісторыя настолькі ўдала спалучаецца з папулярнай музыкай, як не ў Міры?
Праект «Музычны тэатр у Мірскім замку» стаў традыцыяй і праводзіцца штогод з 2018 года. Выступленні артыстаў каля сцен старажытнага замка сталі адной з чаканых і прыгожых летніх тэатральных традыцый, упадабаных публікай, бо вядомыя артысты выступаюць пад жывы аркестр на фоне велічных муроў замка XVІ стагоддзя.
Падзеямі летняга сезона 2026 года стануць два вечары, напоўненыя хітовай музыкай, якая яднае пакаленні. Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр запрашае на першую сустрэчу 26 чэрвеня ў 21.00. Прадставяць новы варыянт маштабнага «Музычнага шоу ў стылі Сан-Рэма». Гэта будзе настальгічнае музычнае падарожжа, якое аб’яднае лірычныя балады і яркія танцавальныя шлягеры, вядомыя ўсяму свету. Вяртанне любімай праграмы адбываецца з яшчэ большай колькасцю песень з рэпертуару такіх вядомых італьянскіх выканаўцаў і калектываў, як Адрыяна Чэлентана, Тота Кутунья, Рыкарда Фольі, Альбана і Раміна Пауэр, Пупа, Аляксандр Сафіна, гурт «Rіcchі e Poverі». Гэта тыя зоркі, што ззялі на знакамітым італьянскім фестывалі, але іх слава пайшла далёка за межы адной краіны. Хваля іх папулярнасці перасягнула межы СССР, сонечныя і эмацыянальныя італьянскія матывы давалі савецкім людзям адчуванне свята і настройвалі на пазітыўны лад, прычым нават і рамантычныя балады. Хто ў нас не ведае, што такое «amore» па-італьянску? Здаецца, ведаюць усе, нават прадстаўнікі маладога пакалення, якія чулі гэтыя песні ў глыбокім дзяцінстве...
Песні пра каханне — удзячная тэма для стварэння летняга рамантычнага настрою. Ён будзе панаваць у Міры і ў суботу, 27 чэрвеня. Тэатр прапануе яшчэ адну праграму папулярных песень «Любіце, пакуль любіцца». Назву ёй даў папулярны савецкі шлягер, любімыя песні з тых часоў дагэтуль кранаюць меладызмам і эмацыянальнасцю. Калісьці яны зрабілі папулярнымі Юрыя Антонава, Вячаслава Дабрыніна, Жану Агузараву, Ігара Крутога, Аркадзя Укупніка... А цяпер іх выканаюць артысты Музычнага тэатра Беларусі, галасы якіх мы можам ведаць па спектаклях. Але эстрада дазваляе раскрыцца інакш, а добрая песня каштоўная тым, што даходзіць да сэрца. Гэта цудоўна ведалі Уладзімір Мулявін з «Песнярамі», нездарма іх спевы на беларускай мове пакарылі не толькі СССР, але і іншыя краіны свету. Частка праграмы Музычнага тэатра складаецца з твораў нашага легендарнага калектыву. Не толькі ў год 85-годдзя Мулявіна яны гучаць, а яшчэ і таму, што гэта вялікая і яркая старонка беларускай музыкі.
Ларыса ЦІМОШЫК