Зноў на працягу двух месяцаў (з 1 красавіка да 31 мая) меламанаў будуць радаваць цікавымі прапановамі на фестывалі музыкі «Мінская вясна — 2025». У афішы — канцэртныя праграмы на самы розны густ. Месцы іх правядзення традыцыйныя — Вялікая канцэртная зала і Малая зала імя Р. Шырмы Беларускай дзяржаўнай філармоніі. І ў юбілейным 40-м музычным форуме чакаецца ўдзел вядучых калектываў і салістаў — славутых музыкантаў і адоранай моладзі з Беларусі і Расіі.
Як адзначаюць арганізатары, ключавой тэмай сёлетняга фестывалю стане 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Напрыклад, 17 красавіка пройдзе канцэрт «Музыка памяці» Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М. Я. Фінберга. А 23 красавіка адбудзецца прэм’ера праграмы «Жыві і помні» — праекта фальклорнага гурта «Купалінка» з удзелам артыстаў Драматычнага тэатра беларускай арміі.
Пазней, 3 мая, сваю праграму «Зорка Вялікай Перамогі» прадставіць Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М. І. Глінкі.
А вось 7 мая можна будзе пазнаёміцца са знакамітай праграмай Уладзіміра Мулявіна «Праз усю вайну», якую падрыхтаваў Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча. У сваю чаргу Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, Узорна-паказальны аркестр Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Аркестр духавых інструментаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Духавы аркестр Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі запрашаюць усіх 8 мая на «Святочны парад аркестраў».
Старт фестывальным канцэртам у Вялікай зале 5 красавіка дасць праграма «Музыка кіно» Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча. У гэты вечар на сцэне прагучаць мелодыі як з сусветнага кінематографа, так і саўндтрэкі айчыннай кінакласікі. А 10 красавіка ў рамках форуму адбудзецца сольны канцэрт вядучай салісткі гэтага ж калектыву, вядомай цымбалісткі, лаўрэата шматлікіх міжнародных конкурсаў Аксаны Хохал.
У праграме «Ад бурлеска да чардаша» яна прадставіць шырокі і складаны рэпертуар, дзе артыстка выканае творы найвышэйшай ступені віртуознасці як замежных, так і беларускіх, расійскіх кампазітараў.
Канцэрт «То ли ещё было...» 25 красавіка Народны аркестр імя І. Жыновіча прысвячае 85-годдзю выдатнага майстра песні, народнага артыста Беларусі, кампазітара Эдуарда Ханка. Песні мэтра савецкай эстрады прагучаць гэтым разам у выкананні салістаў калектыву Ігара Задарожнага, Анастасіі Рачыцкай, Аляксандра Журовіча, а таксама артыстаў прадзюсарскага цэнтра «Спамаш», узорнага тэатра эстраднай песні «Сябрынка» і іншых. А вось да Міжнароднага дня сям’і, 15 мая, Дзяржаўны камерны аркестр традыцыйна запрашае паслухаць «Іграюць нашы дзеці». 30 мая на свой аўтарскі вечар «Уваскрэсенне» запрашае беларускі кампазітар Мікіта Бельцюкоў. У ім возьмуць удзел маладая піяністка і арганістка Марыя Бельцюкова і навучэнцы Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Ева Волкава і Сафія Валова. Завяршальныя акорды музычнага форуму пачуем на канцэрце «Дыялог пакаленняў» у выкананні Сімфанічнага аркестра Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі ў Вялікай зале філармоніі. Традыцыйна фестываль «Мінская вясна» падрыхтаваў шмат яркіх падзей і цікавых спатканняў з музыкай, якія спадабаюцца меламанам. Таму знаёмцеся з праграмай і плануйце ўласныя маршруты спаткання з любімымі артыстамі і творамі.