Top.Mail.Ru

«Музыка ў музеі» працягвае радаваць слухачоў

Музыка барока, якая прыйшла да нас у XVII стагоддзі з Еўропы, у Беларусі апошнім часам даволі часта гучыць не толькі ў вялікіх канцэртных залах, але і на больш сціплых пляцоўках. Пазнаёміцца з творамі той эпохі можна ў сценах літаратурных музеяў, у прыватнасці, Купалаўскага. 


Вядома, што гэты стыль вабіць наяўнасцю дынамічнага кантрасту і складаных элементаў, прызначаных для адлюстравання раскошы, грандыёзнасці і ўрачыстасці, каб выклікаць у слухача і здзіўленне, і пачуццё глыбокай павагі, такія творы даюць магчымасць іх выканаўцам, асабліва моладзі, удасканаліць сваё майстэрства. Так, у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы канцэртную праграму «Музыка Барока» прадставілі выкладчыкі і студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Між тым прысвяцілі імпрэзу 120-годдзю пачатку творчай дзейнасці Янкі Купалы. Наогул жа мерапрыемства прайшло ў рамках культурна-асветніцкага праекта «Музыка ў музеі», які ладзіцца Купалавым домам і Акадэміяй музыкі. 

Для канцэрта стваральнікі падабралі музычныя творы замежных кампазітараў. Адкрыў праграму Антоніа Вівальдзі — адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў эпохі барока. Прагучалі яго Канцэрты для мандаліны з аркестарам до мажор (саліравала Ангеліна Карчэўская) і соль мажор у трох частках (яго выканалі Ангеліна Карчэўская, Аляксандра Палавінкіна і Назар Малышаў). Прадстаўлены слухачу былі таксама Саната мі мінор для дзвюх мандалін Даменіка Скарлаці (у выкананні Ангеліны Карчэўскай і Аляксандры Палавінкінай) і Канцэрт у трох частках для клавесіна з аркестрам Жана-Філіпа Рамо (саліравала Наталля Сазановіч у суправаджэнні камернага складу аркестра рускіх народных інструментаў). Кіравала і дырыжыравала гэтым вечарам Эльвіра Тахірава. 

Дарэчы, арганізатары цесна звязваюць музыку барока і творчасць Янкі Купалы. Яны падкрэсліваюць, што ў паэзіі і драматургіі класіка таксама можна знайсці рысы, характэрныя для барока. Гаворка пра яркую вобразнасць, эмацыянальнасць, народныя матывы і багацце выразных сродкаў. Асабліва гэта адчуваецца ў драматычных творах, напоўненых яркімі метафарамі, сімваламі і кантрастамі. З дапамогай іх аўтар выказваў свае думкі, звернутыя да высокіх ідэй, нацыянальнага гонару, свабоды і духоўнага адраджэння народа... 

Яўгенія ШЫЦЬКА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю