Хрэнін аб вучэннях АДКБ, якія прайшлі ў Беларусі.
У Віцебскім раёне адбылося закрыццё сумеснага вучэння з Калектыўнымі сіламі аператыўнага рэагавання Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), паведамляе БелТА.

У завяршальны дзень вучэнняў на палігоне «Лосвіда» адбылася практычная адпрацоўка тактычных эпізодаў па вядзенні баявых і спецыяльных дзеянняў створанай групоўкай калектыўных сіл. Для ліквідацыі ўмоўнага незаконнага ўзброенага фармавання (НУФ) была створана батальённая тактычная група. Былі разыграны тры эпізоды — блакіраванне лагера НУФ з разведкай і нанясеннем паражэння ўмоўнаму праціўніку, штурм лагера, а таксама эвакуацыя і папаўненне запасаў матэрыяльных сродкаў. Падчас адпрацоўкі гэтых тактычных эпізодаў выкарыстоўваліся штурмавая авіяцыя, а таксама беспілотныя лятальныя апараты — для разведкі і знішчэння ўмоўнага саперніка.
Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін адзначыў, што ў цэлым мэта вучэнняў дасягнута, хаця падводзіць вынікі яшчэ рана. «Мы правялі на адзіным аператыўным фоне тры вучэнні — „Узаемадзеянне“, „Пошук“ і „Эшалон“. Нягледзячы на тое, што кожнае з гэтых вучэнняў мела сваю тэму, аператыўны фон ствараўся адзіны. У аснову задумы мы заклалі адзін з магчымых варыянтаў развіцця абстаноўкі ва ўсходне-еўрапейскай зоне адказнасці АДКБ. Гэта калі верагодны праціўнік не змог дабіцца мэт па змене канстытуцыйнага ладу і змены ўлады шляхам правакавання ўзброенага канфлікту і перайшоў да актыўнай фазы спецыяльнай аперацыі, адначасова завяршаючы падрыхтоўку ваеннай сілы да задзейнічання ў гэтым рэгіёне. На такім аператыўным фоне органы кіравання, войскі выконвалі задачы па пошуку і знішчэнні разведвальных груп, незаконных узброеных фарміраванняў, забяспечвалі перагрупіроўку на нашу тэрыторыю рэгіянальнай групоўкі ваенных сіл, а таксама ўдзельнічалі ў сумеснай аперацыі па стабілізацыі абстаноўкі.

Вынікі падводзіць рана, нам трэба яшчэ глыбока прааналізаваць, што ў нас атрымалася, якія ёсць праблемныя пытанні, але глабальна магу сказаць, што мэта вучэнняў дасягнута», — расказаў журналістам кіраўнік абароннага ведамства Беларусі.
Таксама Віктар Хрэнін падкрэсліў, што вучэнні сталі добрай практыкай і для кіраўніцкай структуры. «Самае галоўнае, што органы кіравання атрымалі практыку падрыхтоўкі і кіравання войскамі, а кантынгент АДКБ, а гэта больш як 2 тыс. чалавек, на гэтым аператыўным фоне выконваў задачы», — сказаў ён.

Гаворачы аб аператыўнай сумяшчальнасці кантынгентаў, міністр абароны адзначыў, што прадэманстраваны высокі ўзровень зладжанасці. «Аператыўная сумяшчальнасць кантынгентаў знаходзіцца на вельмі высокім узроўні, але існуе патэнцыял для далейшага павышэння і паляпшэння гэтай сумяшчальнасці», — сказаў Віктар Хрэнін.
Ён дадаў, што ў такога ўзаемадзеяння ёсць трывалая аснова — такія вучэнні пачалі праводзіцца з 2009 года на тэрыторыі краін АДКБ, а ў Беларусі яны праходзяць ужо 13-ы раз.

Кіраўнік Мінабароны таксама заявіў, што цяперашняе пакаленне пераняло ў спадчыну ад прадзедаў інтэрнацыянальную дружбу і ўзаемаразуменне народаў, якія жылі калісьці ў адзінай краіне. «Вельмі важна, што мы не страцілі гэтую пераемнасць, і яна падтрымліваецца, прадаўжаецца ўжо маладым пакаленнем», — сказаў Віктар Хрэнін.
«Традыцыйна ўсе сумесныя вучэнні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь праводзяцца на самым высокім узроўні, якасна, і я, безумоўна, упэўнены, што гэтыя вучэнні таксама лягуць у аснову далейшага развіцця Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы», — падкрэсліў генеральны сакратар АДКБ Імангалі Тасмагамбетў.
У вучэннях, якія праходзілі ў Віцебскай вобласці, бралі ўдзел кантынгенты Калектыўных сіл АДКБ Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан, Кыргызскай Рэспублікі, Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Таджыкістан.