Top.Mail.Ru

«Мы катэгарычна супраць умяшальніцтва ва ўнутраныя справы суверэнных і незалежных дзяржаў»

Наталля Качанава правяла сустрэчы з дэлегацыямі міжнародных назіральнікаў.


«Жадаем, каб суверэнітэт Беларусі заставаўся непарушным»

Падчас сустрэчы з дэлегацыяй Панаафрыканскага парламента, прадстаўнікі якога ўпершыню прымаюць удзел у назіранні за выбарамі ў нашай краіне, Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава выказала ўдзячнасць за прынятае запрашэнне ўдзельнічаць у назіранні за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 

«З Панаафрыканскім парламентам у нас складваюцца канструктыўныя, добрыя ўзаемаадносіны, — звярнула ўвагу спікер. — Мы рады, што дынамізм гэтаму надаў падпісаны ў 2024 годзе Мемарандум аб узаемапаразуменні, які дазволіў нам быць назіральнікамі ў Панаафрыканскім парламенце». 

Па словах Старшыні Савета Рэспублікі, Беларусь нацэлена на канструктыўнае супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі. «Мы гатовы з вамі супрацоўнічаць абсалютна па ўсіх кірунках, — удакладніла Наталля Качанава. — Наш Прэзідэнт надае сур’ёзнае значэнне супрацоўніцтву з краінамі Афрыкі». 

Спікер звярнула ўвагу, што прэзідэцкія выбары ў нашай краіне праходзяць у вельмі няпростай палітычнай абстаноўцы. «Каля нашых паўднёвых граніц праходзіць ваенная спецыяльная аперацыя, на заходніх нашых граніцах натаўскія войскі сцягваюць свае сілы, праводзяць вучэнні, — канкрэтызавала яна. — Мы катэгарычна супраць умяшальніцтва ва ўнутраныя справы суверэнных і незалежных дзяржаў. Ведаю, такой пазіцыі прытрымліваюцца і нашых калегі ў краінах Афрыкі. Недапушчальна ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы любой суверэннай дзяржавы».

Наталля Качанава нагадала, што Беларусь — гэта міралюбівая краіна, якая выступае за вырашэнне любых канфліктаў толькі мірным шляхам. «Але мы сёння дакладна ўсведамляем, што аднапалярны свет сыходзіць, на змену прыходзіць шматпалярны свет, — дадала яна. — Дзяржавы хочуць жыць па сваіх традыцыях, кожная — на сваёй зямлі».

Наталля Качанава падкрэсліла, што выбары ў любой краіне — гэта знакавая палітычная падзея. «Выбары ў нашай краіне праходзяць у адпаведнасці з нашым дзеючым заканадаўствам, — канстатавала яна. — Вы самі зможаце пераканацца, што ў нас адкрытая сістэма. Вы ўбачыце, што людзі з вялікай адказнасцю за будучыню сваёй краіны, за будучыню свайго народа прымаюць свядомае рашэнне. У нас тайнае галасаванне. Мы бачым сур’ёзную актыўнасць нашых людзей, якія прыходзяць на выбарчыя ўчасткі, каб аддаць свой голас за мір, росквіт і будучыню сваёй нашай краіны». 

Спікер выказала спадзяванне, што міжнародныя назіральнікі з Панаафрыканскага парламента дадуць аб’ектыўную і непрадузятую ацэнку электральнай падзеі ў Беларусі. 

У завяршэнні сустрэчы Наталля Качанава паведаміла, што сёлета на міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» адзін з канцэртных дзён будзе прысвечаны афрыканскай культуры, што, па словах спікера, стане важным крокам па ўмацаванні сяброўства паміж Беларуссю і афрыканскім кантынентам. «З нашага боку мы зробім усё магчымае, каб шчыльна і плённа супрацоўнічаць з краінамі Афрыкі на карысць нашых народаў і нашых краін», — рэзюмавала яна. 

Старшыня Нацыянальнага савета правінцый Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Марыя Рэфілвэ Мцвені-Ціпане падзякавала за магчымасць удзельнічаць за назіраннем у прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. «Для ўсіх краін вельмі важная стабільнасць, — падкрэсліла яна. — Гэта важнае пытанне для нас. Мы шчыра жадаем стабільнасці і Беларусі. Нягледзячы на тое, што ў кожнай з нашых краін няпростая абстаноўка, мы не змаглі не прыняць вашу прапанову наведаць краіну, бо мы вельмі паважаем тыя гістарычныя і палітычныя ўзаемаадносіны, якія паміж намі існуюць. Мы бачым у вашай асобе нашых стратэгічных партнёраў — партнёраў, з якімі мы разам змагаліся за вызваленне Афрыкі».

Старшыня Нацыянальнага савета правінцый Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі звярнула ўвагу, што задача дэлегацыі Панаафрыканскага парламента — не дыктаваць парадак для для беларусаў, а садзейнічаць тым дэмакратычным практыкам, якія ўстанавіліся ў Беларусі. «Мы хочам, каб суверэнітэт Беларусі заставаўся непарушным, каб, абапіраючыся на гэты аўтарытэт, мы маглі абараняць тыя дасягненні, якія ў вас ёсць, і супраціўляцца неправамерным знешнім ўмяшальніцтвам з мэтай паўплываць на вашу палітыку, вашу пазіцыю, — падкрэсліла член дэлегацыі Панаафрыканскага парламента. — Менавіта вы, беларусы, ведаеце, што найбольш эфектыўна для вас. Таму мы хацелі б, каб Беларусь абаранялася ад неправамерных уплываў з-за мяжы». 

«Палітычную сістэму любой суверэннай дзяржавы вызначае толькі народ»

На сустрэчы з групай міжнародных назіральнікаў ад Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што і для Беларусі, і для Расіі вельмі важная шчырая і аб’ектыўная ацэнка палітычных падзей, якія адбываюцца ў абедзвюх краінах. Наталля Качанава ўдакладніла, што найбольш прадстаўнічая місія міжнародных назіральнікаў на прэзідэнцкіх выбарах — ад МПА СНД. 

Спікер падкрэсліла, што Прэзідэнт — гэта той чалавек у краіне, за якім ідзе народ, чалавек, які вызначае асноўныя вектары развіцця дзяржавы. «Таму гэта важная падзея ў жыцці нашай краіны, і я ўпэўнена, што вы дадзіце аб’ектыўную ацэнку працэсам, якія адбываюцца», — адзначыла яна. 

Наталля Качанава звярнула ўвагу, што бягучая электаральная кампанія праходзіць у няпростых геапалітычных умовах. «Мы разумеем, што ёсць нядобразычліўцы, якія хочуць паўплываць на выбары ў нашай краіне, — удакладніла Старшыня Савета Рэспублікі. — Аднак народ дакладна разумее, што зроблена за гэтыя гады пад кіраўніцтвам нашага Прэзідэнта». 

У завяршэнні сустрэчы Наталля Качанава акцэнтавала ўвагу на тым, што кожная краіна праводзіць выбары для свайго народа. «Мы прыйшлі да гэтых выбараў з добрымі паказчыкамі, — удакладніла яна. — Вядома, людзі зрабілі высновы пасля 2020 года. Мы бачым: народ дакладна разумее, што мы маглі страціць тады. Людзі зрабілі высновы. Тым больш, ёсць з чым параўноўваць».

Намеснік Старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі Канстанцін Касачоў, які ўзначальвае дэлегацыю ад МПА СНД, выказаў удзячнасць за створаныя ўмовы падчас назірання за выбарамі. «Мы цудоўна разумеем значэнне гэтых выбараў не толькі для Рэспублікі Беларусь, а і для ўсёй нашай Садружнасці, — падкрэсліў ён. — Нашым апанентам гэта Садружнасць не падабаецца, шукаюць слабыя звёны. Без усялякага сумнення, Беларусь — гэта моцнае звяно. Гэта тая дзяржава, якая ўпэўнена ідзе выбраным шляхам і якая абсалютна суверэнная».

Кажучы аб беларуска-расійскім супрацоўніцтве, каардынатар місіі ад МПА СНД падкрэсліў, што і ў Беларусі, і ў Расіі — безумоўнае разуменне значымасці суверэнітэту. «У нас абсалютнае раўнапраўе, —акцэнтаваў увагу ён. — Мы абсалютна суверэнныя ў нашым узаемадзеяннічанні і супрацоўніцтве. Роўнасць і суверэнітэт — тое, што робіць наш больш моцнымі». 

Канстанцін Касачоў звярнуў увагу, што на этапе станаўлення суверэнных дзяржаў на постсавецкай прасторы ўпусцілі важнасць інстытута міжнароднага назірання за выбарамі. «А нашы геапалітычныя апаненты з самага пачатку зразумелі, што гэта самы прамы шлях да таго, каб улазіць у нашы ўнутраныя справы, — патлумачыў ён. — Яны пайшлі па шляху ацэнкі не толькі таго, як арганізуюцца выбары, а і таго, як выглядае палітычнай сістэма, што яны не маюць права рабіць ні пры якіх абставінах. Палітычную сістэму любой суверэннай дзяржавы вызначае толькі народ. Па маім глыбокім перакананні, місія назірання заключаецца ў тым, каб ацаніць адпаведнасць арганізацыі выбараў дзеючаму нацыянальнаму заканадаўству». 

Па словах каардынатара міжнароднай місіі назіральнікаў ад МПА СНД, высокая яўка на датэрміновым галасаванні на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі сведчыць аб тым, што людзі разумеюць значымасць гэтых выбараў і ў іх ёсць усе магчымасці, каб прыняць у іх удзел. 

«Для Беларусі важна забяспечыць сваю бяспеку і суверэнітэт»

Падчас сустрэчы з групай міжнародных назіральнікаў ад Парламенцкай Асамблеі АДКБ і па двухбаковай міжпарламенцкай лініі Наталля Качанава выказала ўдзячнасць за прынятае рашэнне ўдзельнічаць ў назіранні за выбарамі ў Беларусі і выказала спадзяванне на аб’ектыўную ацэнку найважнейшай электаральнай падзеі.

«Мы бачым, што турбулентнасць і нестабільнасць, якія ёсць у цэлым у свеце, выклікае незадаволенасць многіх, — канстатавала спікер. — І тое, што адбываецца сёння на нашай планеце, не можа нас не турбаваць. Мы, як краіны — удзельніцы Парламенцкай Асамблеі АДКБ разумеем, як важныя мір і згода. Для любой краіны гэта важна. У іншым выпадку няма сэнсу далейшага развіцця».

Як падкрэсліла каардынатар групы міжнародных назіральнікаў ад Парламенцкай Асамблеі АДКБ, намеснік Старшыні Дзяржаўнай Думы Федэральнага Сходу Расійскай федэрацыі Вікторыя Абрамчанка, місія арыентавана на прынцып неўмяшальніцтва ў выбары. «Наша задача — кантраляваць адпаведнасць выбарчага заканадаўства і працэсу «на зямлі», — канкрэтызавала яна. 

Каардынатар місіі падзялілася меркаваннем ад знаёмства з прадвыбарнымі праграмамі кандадытаў на пост Прэзідэнта. «У праграмах усіх кандадатаў ёсць адна аб’ядноўваючая думка — для Беларусі важна забяспечыць сваю бяспеку і суверэнітэт, — адзначыла Вікторыя Абрамчанка. — Гэта чырвонай ніткай праходзіць у праграмах усіх кандыдатаў. І другая думка: усё — вакол чалавека, чалавек — галоўная каштоўнасць рэспублікі. Гэта адзначаюць усе кандыдаты ад палітычных партый. Гэта сведчыць аб сталасці народа і гатоўнасці грамадства галасаваць за незалежнасць, суверэнітэт, моцную Беларусь».

Каарданатар місіі ад ПА АДКб таксама звярнула ўвагу на тое, што ўсе кандыдаты ў Прэзідэнты ўказваюць на ўзрослую ролю Цэнтрвыбаркама нашай краіны, аператыўнасць яго рэагавання на любыя пытанні, якія ўзнікаюць. «Яшчэ адзін момант, які адзначаюць людзі, — актывізавалася ў адносінах да 2020 года роля СМІ, — канкрэтызавала Вікторыя Абрамчанка. — СМІ цяпер сапраўды даюць аб’ектыўную ацэнку выбарчаму працэсу, што вельмі важна». 

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю