Top.Mail.Ru

«Мы хочам пашыраць наша супрацоўніцтва»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца з афіцыйным візітам у Рэспубліцы Інданезія


Праграмай візіту запланаваны перагаворы з Прэзідэнтам Інданезіі Прабова Субіянта ў вузкім і пашыраным складах. Асаблівы акцэнт будзе зроблены на перспектывах развіцця адносін у гандлёва-эканамічнай і інвестыцыйнай сферах, па лініі гуманітарнага супрацоўніцтва. Чакаецца, што па выніках перагавораў будзе падпісаны шэраг міжнародных дакументаў. Галоўны з іх — дарожная карта развіцця ключавых кірункаў супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Інданезіяй на 2026–2030 гады. 

У Джакарце кіраўніка дзяржавы сустрэлі з нацыянальным каларытам: інданезійская музыка, танцы, рота ганаровай варты, матацыклетны эскорт — усё на найвышэйшым узроўні. З незвычайнага — пралёт ваенных самалётаў у гонар прыбыцця Аляксандра Лукашэнкі. Гэтыя ж знішчальнікі ВПС Інданезіі суправаджалі самалёт Прэзідэнта на падлёце да Джакарты.  


«Калі мы нешта можам для вас зрабіць — мы вас чакаем у Беларусі» 

1 ліпеня Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з членамі ўрада Інданезіі, на якой былі абмеркаваны пытанні рэалізацыі найважнейшых сумесных інвестыцыйных праектаў. У сустрэчы з інданезійскага боку прынялі ўдзел міністр інвестыцый, кіраўнік Інвестыцыйнага каардынацыйнага савета, гендырэктар Суверэннага фонду дабрабыту Інданезіі «Данантара» Расан Перкаса Руслані, міністр сельскай гаспадаркі, кіраўнік Нацыянальнага агенцтва па харчаванні «Бапанас» Аідзі Амран Сулайман, генеральны дырэктар і прэзідэнт-дырэктар дзяржаўнай нафтагазавай карпарацыі «Пертаміна» Сайман Алаізіус Манціры.
Дарэчы, напярэдадні ў Джакарце завяршыўся беларуска-інданезійскі бізнес-форум, на якім падпісаны кантракты на 76 мільёнаў долараў.  

«Паважаныя сябры, думаю, вы ўжо многія пытанні да гэтай сустрэчы абмеркавалі, — адзначыў у пачатку перагавораў беларускі лідар. — Тым не менш, магчыма, узніклі пэўныя пытанні, якія трэба будзе вырашыць без цяганіны. Я да гэтага гатовы. Ведаю, што і ў галіне сельскай гаспадаркі, паставак і сумеснай вытворчасці медыцынскіх, ветэрынарных прэпаратаў, прадуктаў харчавання вы абмяркоўвалі тэмы».  


Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларускі бок мае намер пашыраць супрацоўніцтва з Інданезіяй. «Я хачу, каб вы ведалі: калі мы нешта можам для вас зрабіць — калі ласка, мы вас чакаем у Беларусі, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Паглядзіце нашы вытворчыя кампаніі, нашы прадпрыемствы. Калі вас нешта зацікавіць, лічыце, што гэта ўсё рэалізуемае. У нас закрытых тэм у супрацоўніцтве з Інданезіяй няма. Наадварот, мы хочам пашыраць наша супрацоўніцтва. Таму давайце будзем дамаўляцца».  

«Без усялякай цяганіны і затрымак» 

Па словах Прэзідэнта, калі інданезійскі бок захоча інвеставаць у пэўныя прадпрыемствы, беларусы разгледзяць любыя іх прапановы. «Узаемна хацелі б, каб без усялякай цяганіны і затрымак (вырашаліся пытанні. — „Зв.“), калі мы будзем ствараць тут прадпрыемствы па сумеснай вытворчасці тавараў, якія цікавяць вас, — удакладніў ён. — Магчымы любыя кірункі супрацоўніцтва. Вы толькі гаварыце, што трэба».  

Каб вызначыцца з магчымасцямі Беларусі, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў інданезійскаму боку паглядзець, на што здольная наша краіна.  

«Вы добра ведаеце, што нашы магчымасці — гэта перш за ўсё беларускія тэхналогіі, якія каранямі сыходзяць у часы Савецкага Саюза, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Таксама ведаеце, што гэта была адна з самых развітых краін свету. Мы гэтыя тэхналогіі захавалі і ў многім мадэрнізавалі прадпрыемствы, якія працуюць па гэтых тэхналогіях. І самае галоўнае, я ведаю мэты, да якіх вы імкняцеся. На шляху да гэтых мэт мы можам быць вам карысныя з нашымі тэхналогіямі».  


У сваю чаргу міністр інвестыцый Расан Перкаса Руслані адзначыў, што Прэзідэнт Інданезіі Прабова Субіянта даў указанні ўмацоўваць і развіваць адносіны з Беларуссю ва ўсіх магчымых сферах. 

Паводле прэс-службы Прэзідэнта.

Даслоўна 

Віктар КАРАНКЕВІЧ: «Асноўная задача — уцягнуць максімальна вялікую колькасць партнёраў у рэалізацыю гэтых праектаў» 

У размове з журналістамі намеснік Прэм’ер-міністра Віктар КАРАНКЕВІЧ расказаў, што на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі з членамі ўрада Інданезіі закраналіся розныя сферы і кірункі дзейнасці: пачынаючы ад сферы сельскай гаспадаркі і паставак прадуктаў харчавання да паглыбленай прамысловай кааперацыі. 

Размова ідзе аб пастаўках з Беларусі тэхнікі для механізацыі сельскай гаспадаркі. Будзе прымяняцца комплексны падыход, які прадугледжвае стварэнне сэрвісных цэнтраў па абслугоўванні тэхнікі, навучанне персаналу, а далей і стварэнне зборачных вытворчасцяў. «Зборачных вытворчасцяў не толькі адносна сельскагаспадарчай тэхнікі, але і ў іншых сферах, — канкрэтызаваў віцэ-прэм’ер. — Гэта і грузавая, і кар’ерная тэхніка». 

Па словах Віктара Каранкевіча, падчас сустрэчы таксама закраналіся пытанні, якія датычацца сферы аховы здароўя, вытворчасці медыцынскіх і ветэрынарных прэпаратаў як на тэрыторыі Беларусі, так і ў Інданезіі. «Асноўная задача — уцягнуць максімальна вялікую колькасць партнёраў у рэалізацыю гэтых праектаў», — сказаў віцэ-прэм’ер.

Расан Перкаса РУСЛАНІ: «Прэзідэнт Беларусі прапанаваў не толькі шляхі па паляпшэнні эканомікі нашай краіны, але і чалавечага капіталу Інданезіі»  

Міністр інвестыцый Інданезіі, кіраўнік Інвестыцыйнага каардынацыйнага савета, гендырэктар Суверэннага фонду дабрабыту Інданезіі «Данантара» Расан Перкаса РУСЛАНІ ўказаў на вельмі адкрыты і даверлівы характар сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.  

«Абмеркавалі з беларускім бокам пытанні далейшага ўмацавання ўзаемадзеяння, — канкрэтызаваў ён. — Прэзідэнт Беларусі ў вельмі адкрытай і даверлівай манеры прадставіў сваё бачанне таго, як зрабіць супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі ўзаемавыгадным і якім чынам нашы эканомікі і нашы намаганні маглі б дапаўняць адна адну. Мы вельмі ўдзячны Прэзідэнту за тое, што ён прапанаваў не толькі шляхі па паляпшэнні эканомікі нашай краіны, але і чалавечага капіталу Інданезіі. Бо для нас адным з ключавых з’яўляецца пытанне, якім чынам мы можам выкарыстоўваць нашы чалавечыя рэсурсы, як зрабіць іх больш канкурэнтаздольнымі».


Сайман Алаізіус МАНЦІРЫ: «Акрамя тэхналогій, таксама вельмі важная падрыхтоўка кадраў» 

Кіраўнік дзяржаўнай нафтагазавай карпарацыі «Пертаміна» Інданезіі Сайман Алаізіус МАНЦІРЫ адзначыў, што для яго было вялікім гонарам прыняць удзел у сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі. 

Ён расказаў, што на сустрэчы абмяркоўвалася, як задзейнічаць патэнцыял, які існуе, у развіцці двухбаковага супрацоўніцтва. «Акрамя тэхналогій, таксама вельмі важная падрыхтоўка кадраў, — лічыць Сайман Алаізіус Манціры. — Мы адзначылі важнасць для нас развіцця чалавечых рэсурсаў. Таму мы хацелі б бачыць моцнае супрацоўніцтва ў сферах тэхналогій і іх перадачы, а таксама ў падрыхтоўцы нашых людзей у Інданезіі». 

Аідзі Амран СУЛАЙМАН: «Хачу ўзмацніць двухбаковае супрацоўніцтва з Беларуссю» 

Міністр сельскай гаспадаркі Інданезіі Аідзі Амран СУЛАЙМАН расказаў, што ў Інданезіі рэалізуюцца задачы па пашырэнні сельгасвытворчасці. У раслінаводстве гэта, напрыклад, апрацоўка рысу. З беларускім бокам абмяркоўваюцца пытанні пастаўкі неабходнай для гэтага тэхнікі. 

«Наша задача — павялічыць прадукцыйнасць і знізіць выдаткі. Таму я хачу ўзмацніць двухбаковае супрацоўніцтва з Беларуссю», — заявіў міністр.


У тэму 

Максім РЫЖАНКОЎ: «Адносіны з Інданезіяй маюць комплексны характар» 

Як адзначыў у размове з журналістамі міністр замежных спраў Беларусі Максім РЫЖАНКОЎ, нашай краіне вельмі цікава супрацоўніцтва з Інданезіяй па многіх прычынах.  

«Першае — гэта дастаткова сур’ёзны міжнародны ігрок з ВУП, які расце, і ўплывам на сусветныя працэсы, — сказаў аб Інданезіі кіраўнік знешнепалітычнага ведамства. — Супрацоўніцтва на міжнароднай арэне, узаемная падтрымка — гэта адна тэма. Другое — гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Тут усё развіваецца па тым плане, які мы намецілі з нашымі інданезійскімі сябрамі. Ужо па выніках 2025 года наш тавараабарот разам з паслугамі перасягнуў 600 млн долараў Сёлета пазітыўная дынаміка захоўваецца з пераважным ростам нашага экспарту». 

Максім Рыжанкоў адзначыў, што разам з пастаўкамі калію пачынаюць развівацца і іншыя кірункі ў гандлі, якія вельмі запатрабаваны для Інданезіі. «Гэта пастаўкі прадуктаў харчавання, сухога малака, сыроваткі, — удакладніў ён. — Пастаўкі або зборкі нашай тэхнікі ў гэтай краіне, вельмі патрэбнай у тым ліку ў здабываючай прамысловасці і для механізацыі сельскай гаспадаркі. Гэта перанос пэўных тэхналогій сельскагаспадарчага профілю ў гэту краіну». 

Абмяркоўваецца таксама супрацоўніцтва ў адукацыйнай сферы — навучанне ў Беларусі інданезійскіх спецыялістаў па розных профілях, уключаючы сельскую гаспадарку, медыцыну, інжынерныя спецыяльнасці. У сваю чаргу, беларускаму боку цікавыя пастаўкі з Інданезіі розных тавараў. У іх ліку — каўчук, морапрадукты, какава-бабы, пальмавы і какосавы алей, асобныя пазіцыі ў частцы апаратуры і тэхнікі, што вырабляецца ў гэтай краіне. 

«Адным словам, гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва мае ўзаемавыгадны характар, — падкрэсліў Максім Рыжанкоў. — Мы пастаўляем тое, што патрэбна Інданезіі, і тое, чаго тут няма, і наадварот». 

Міністр замежных спраў пазітыўна ацаніў вынікі беларуска-інданезійскага бізнес-форуму, які прайшоў напярэдадні ў Джакарце. Па выніках бізнес-форуму былі заключаны кантракты на дзясяткі мільёнаў долараў. «І гэта не мяжа, — акцэнтаваў увагу кіраўнік МЗС Беларусі. — Думаю, у найбліжэйшы час мы яшчэ падцягнемся па многіх кірунках. Мяне больш за ўсё радуе, што сярод гэтых праектаў ёсць і праекты прамысловай зборкі нашай тэхнікі, лакалізацыі некаторых вытворчасцяў. Гэта робіць наш гандаль больш устойлівым». 

У складзе дэлегацыі, якая суправаджае Прэзідэнта ў ходзе афіцыйнага візіту ў Інданезію, — шэраг кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў. Усе яны напярэдадні візіту правялі сустрэчы і перагаворы са сваімі інданезійскімі калегамі, прадстаўнікамі вытворчага і гандлёвага сектараў. Намечаны да падпісання адпаведныя пагадненні аб супрацоўніцтве. 

Максім Рыжанкоў расказаў, што ў цяперашні час з Інданезіяй абмяркоўваецца магчымасць увядзення бязвізавага рэжыму і запуску прамых авіязносін. Інданезійскі бок плануе адкрыць у Мінску сваё дыпламатычнае прадстаўніцтва. 

На парадку дня — і супрацоўніцтва ў сферы культуры. «Дамовіліся, што ў бліжэйшы час намецім крокі па правядзенні Дзён культуры адпаведна ў Беларусі і Інданезіі, — дадаў міністр замежных спраў. — Будзе падпісаны адпаведны мемарандум». 

Максім Рыжанкоў падкрэсліў, што адносіны з Інданезіяй маюць комплексны характар. «Упэўнены, што сустрэча лідараў дзвюх краін надасць не проста імпульс, а адкрые новыя магчымасці для супрацоўніцтва, — сказаў ён. — У рамках візіту на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў зацвярджаецца дарожная карта нашага супрацоўніцтва, у якой дэталёва прапісаны ўсе кірункі супрацоўніцтва: ад гуманітарнага да гандлёва-эканамічнага». 

Раман РАМАНОЎСКІ: «Патэнцыял супрацоўніцтва вельмі высокі» 

Па словах Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Інданезіі Рамана РАМАНОЎСКАГА, Беларусь і Інданезія знаходзяцца ў розных геаграфічных рэгіёнах, краіны падзяляюць тысячы кіламетраў, але пунктаў судакранання значна больш, чым можа здацца на першы погляд. «Эканомікі Беларусі і Інданезіі ў многім узаемадапаўняльныя, а патэнцыял супрацоўніцтва вельмі высокі, — канстатаваў ён. — Па сутнасці, нашы краіны толькі пачынаюць адкрываць адна адну».  

Паводле яго слоў, Беларусь цікавая Інданезіі як высокатэхналагічная краіна, якая гатова прапанаваць свае кампетэнцыі па шэрагу кірункаў. Напрыклад, у сферы харчовай бяспекі. 

«Насельніцтва Інданезіі імкліва расце, і Беларусь гатова пастаўляць на інданезійскі рынак шырокі спектр прадуктаў харчавання, якія адпавядаюць халяльным патрабаванням, — заўважыў Раман Раманоўскі. — Наша краіна вырабляе сельскагаспадарчую тэхніку, якая можа дапамагчы Інданезіі ў працэсе механізацыі сельскай гаспадаркі. Гэтай сферы кіраўніцтвам краіны ўдзяляецца павышаная ўвага». 

Сур’ёзны патэнцыял крыецца ў развіцці прамысловай кааперацыі, стварэнні зборачных вытворчасцяў беларускай тэхнікі. «Гэта поўнасцю ўпісваецца ў палітыку індустрыялізацыі, якую праводзяць інданезійскія ўлады», — сказаў кіраўнік беларускай дыпмісіі. 

Беларускія ВНУ адкрыты для супрацоўніцтва ў сферы падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў для мадэрнізацыі інданезійскай эканомікі. Прычым размова ідзе не толькі аб тэхнічных спецыяльнасцях, але і аб навучанні медыцынскага персаналу. 

«У сваю чаргу, Інданезія нам цікавая тым, што гэта найбуйнейшая краіна Паўднёва-Усходняй Азіі, пункт уваходу на шырокі рынак Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі, — канстатаваў Раман Раманоўскі. — Яна валодае, з аднаго боку, ёмістым унутраным рынкам, а з іншага — з’яўляецца адным з вядучых сусветных вытворцаў запатрабаваных у Беларусі тавараў». 

Пасол дадаў, што дадатковыя перспектывы адкрыюцца перад бізнес-супольнасцямі дзвюх краін пасля фарміравання зоны свабоднага гандлю паміж Інданезіяй і краінамі Еўразійскага эканамічнага саюза за кошт зніжэння мытных пошлін і ўстаранення нетарыфных бар’ераў у гандлі.

Міхаіл МЯТЛІКАЎ: «З боку інданезійскіх партнёраў ёсць высокая цікавасць» 

Як расказаў старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіл МЯТЛІКАЎ, на беларуска-інданезійскім бізнес-форуме, які напярэдадні прайшоў у Джакарце, падпісана каля двух дзясяткаў розных двухбаковых дакументаў. На бізнес-форум прыбыла вялікая беларуская дэлегацыя з прадстаўнікамі многіх сектараў эканомікі, уключаючы машынабудаванне, нафтахімічную прамысловасць, прыборабудаванне, інфармацыйныя тэхналогіі, вытворчасць прадуктаў харчавання, біятэхналогіі і фармацэўтыку, адукацыю, лагістыку, гандаль, сектар страхавых паслуг. 

Па словах Міхаіла Мятлікава, інданезійскаму боку цікава наша тэхніка. «Гэта ў першую чаргу БЕЛАЗы, — канкрэтызаваў ён. — Цяпер ідзе работа па іншых нашых машынабудаўнічых прадпрыемствах».  


Што датычыцца прадуктаў харчавання, то на пляцоўцы бізнес-форуму была арганізавана дэгустацыя разнастайных беларускіх прадуктаў харчавання: ад марожанага і шакаладу да сыроў і мясных вырабаў. 

Асабліва Інданезія зацікаўлена ў беларускай малочнай прадукцыі, бо гэта краіна толькі прыкладна на чвэрць самастойна забяспечвае свае патрэбнасці ў гэтым відзе харчавання. Размова аб закупках перш за ўсё сухога малака і сыроваткі, але ёсць планы сур’ёзна пашырыць існуючую наменклатуру тавараў, пастаўляць у тым ліку гатовыя прадукты. Старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты падкрэсліў, што з боку інданезійскіх партнёраў ёсць высокая цікавасць, а козыр беларускай прадукцыі — гэта якасць. 

Міхаіл Мятлікаў праінфармаваў, што 21–24 ліпеня гэтага года ў Джакарце ўпершыню будзе прадстаўлена нацыянальная экспазіцыя Беларусі, арганізаваная ў рамках буйной 20-й міжнароднай выстаўкі індустрыі гасціннасці, прадуктаў харчавання і напіткаў Food & Hospitality Indonesia (FHI) 2026. Беларускія вытворцы і прадстаўнікі сферы паслуг і тэхналогій прадставяць сваю прадукцыю для пашырэння прысутнасці на рынку Паўднёва-Усходняй Азіі.  

Паводле БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю