Старшыня КДБ Іван Тэртэль па выніках нарады расказаў журналістам, якія пытанні вынесены на парадак дня беларуска-амерыканскага дыялогу. «Я хацеў бы падкрэсліць, што некаторыя аспекты ў перагаворным працэсе (так прынята) да пары да часу павінны заставацца закрытымі, каб бакі знайшлі кансенсус па спрэчных пытаннях, прыйшлі да адзінага меркавання. Я не адкрыю вялікага сакрэту, калі скажу, што з амерыканскім бокам ідзе сур’ёзнае абмеркаванне пытанняў на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. Нашы амерыканскія партнёры прызнаюць, што мы, знаходзячыся ў гэтым рэгіёне, і наш кіраўнік дзяржавы, ведаючы абстаноўку, можам уносіць сур’ёзны ўклад у стабілізацыю сітуацыі», — удакладніў ён.
Старшыня КДБ патлумачыў, што не можа раскрыць усе аспекты, паколькі ў перагаворным працэсе павінна быць прастора для манеўру. «Мы настроены на дыялог, на пошук узаемапрымальных рашэнняў з улікам нашых нацыянальных інтарэсаў. Мы выпрацавалі свае прапановы, сваю перагаворную пазіцыю. Па шэрагу пытанняў мы ўжо прыйшлі да кансэнсусу з амерыканскім бокам. Але неабходна нашым партнёрам разумець, што ёсць нашы нацыянальныя інтарэсы, якія мы заўсёды будзем улічваць, і гэтаксама, як амерыканцы, прымяняць практычны, рацыянальны падыход у тым ліку да перагаворнага працэсу. Выключна з улікам нашых нацыянальных інтарэсаў», — удакладніў старшыня КДБ. Паводле яго слоў, улічваючы тое, што ў гэты працэс паглыблены кіраўнік дзяржавы і ёсць разуменне пазіцыі прэзідэнта ЗША, ёсць усе шанцы на дасягненне прарыву ў адносінах з ЗША. Беларускі бок да гэтага адкрыты.
Па словах Івана Тэртэля, грунтоўная беларуска-амерыканская размова вядзецца па ўкраінскай тэматыцы. І яна ўжо прынесла істотную карысць для стабілізацыі сітуацыі ў рэгіёне. «Я хацеў бы адзначыць, што сітуацыя ва Украіне развіваецца па эскалацыйнай спіралі. Мы пакуль не бачым, што намаганні, якія робяцца, вядуць да завяршэння канфлікту. Наш Прэзідэнт вельмі паглыблены ў парадак дня і асабіста перажывае з гэтай прычыны, ён разумее, што адбываецца на самай справе. Таму пазіцыя нашай краіны, нашага Прэзідэнта заключаецца ў тым, што мы можам зрабіць свой унёсак, мы разумеем і ўкраінскі, і расійскі бок, мы маглі б знайсці кансэнсус у дадзенай вельмі складанай сітуацыі. Адносна гэтага ідзе актыўны дыялог з амерыканскім бокам. Нашы саюзніцкія адносіны з Расіяй, нашы блізкія адносіны з Украінай дазваляюць казаць, што трэба было б паспрабаваць вырашыць названую праблему з улікам нашага разумення гэтай гісторыі», — расказаў Іван Тэртэль.
Абмяркоўваюцца і адносіны з нашымі суседзямі — Польшчай і Прыбалтыкай. «Не будзе вялікай тайнай тое, што ў нас ёсць каналы зносін з нашымі партнёрамі. Дыялог вядзецца, у тым ліку і па лініі спецслужбаў. Разуменне паміж намі паволі наладжваецца. Мы абмяркоўваем вострыя пытанні і дзесьці выходзім на разуменне ўзаемных інтарэсаў. Наш узаемны інтарэс — гэта стабільная сітуацыя ў рэгіёне, гэта эканоміка, якая працуе, занятасць людзей, спакойнае жыццё нашых грамадзян з перспектывай на будучыню. Пазіцыя Прэзідэнта вядомая — суседзяў не выбіраюць, тым больш мы заўсёды з павагай ставіліся да суседзяў, якімі б яны ні былі. Мы ніколі не ўмешваліся ў справы суседзяў, заўсёды былі настроены на кампраміс», — адзначыў Іван Тэртэль. Ён расказаў, што на нарадзе была актуалізавана пазіцыя Беларусі і па дыялогу з амерыканскім бокам, і ў адносінах з суседзямі і партнёрамі, уключаючы Францыю і Германію. «Пазіцыя выпрацаваная, яна заснаваная на павазе да інтарэсаў нашых суседзяў і партнёраў з арыенцірам на нашы нацыянальныя інтарэсы і на тое, што нашы партнёры гэтак жа павінны ўлічваць нашы інтарэсы. Настрой і пазіцыя кіраўніка дзяржавы нязменная — адносіны не на канфрантацыю, а, наадварот, на карысць нашых народаў. Кіраўніком дзяржавы пастаўлены пэўныя задачы», — адзначыў кіраўнік КДБ. Ён расказаў, што ў службовых асоб розныя меркаванні на гэты конт, таму дыскусія была вострая. Але ў выніку адзіная пазіцыя выпрацавана і на ёй будзе заснавана далейшая работа.
«Мы кіруемся толькі нацыянальнымі інтарэсамі ў дачыненні да адносін з усімі краінамі, з якімі мы ўзаемадзейнічаем. Гэта аб’ектыўная рэальнасць, такі свет. Абмяркоўваецца і бяспека, эканоміка», — рэзюмаваў Іван Тэртэль. Ён падкрэсліў, што ў ЗША ёсць пэўная эканамічная цікавасць да Беларусі, напрыклад, па пытаннях нашага ўкладу ў забеспячэнне харчовай бяспекі. Эканоміка застаецца ў аснове ўсяго, і гэта пытанне таксама на парадку дня беларуска-амерыканскага дыялогу.
Валерыя СЦЯЦКО