Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікае краіны Еўразійскага эканамічнага саюза захоўваць прыхільнасць да агульнага рынку, значную частку якога складае расійскі рынак. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з кіраўнікамі ўрадавых дэлегацый, якія ўдзельнічаюць у пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета, перадае БелТА.
«Не губляйце тое, што ёсць. Не спяшайцеся ад гэтага адыходзіць. Нідзе, паверце мне, нас не чакаюць», — заклікаў кіраўнік дзяржавы.
Гаворачы пра Беларусь, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што краіна яшчэ з савецкіх часоў захавала і развіла многія галіны. «Мы многае ўмеем. І ўсё гэта з савецкіх часоў. У нас не самая магутная эканоміка, але тэхналогіі, якімі мы валодаем, большай частцы краін у свеце сёння патрэбны», — сказаў беларускі лідар.
«Мы не адсякалі карані з тых часоў, калі закладваліся асновы нашай эканомікі. Таму сёе-тое ў нас атрымалася і ў машынабудаванні, і ў будаўніцтве ніякіх праблем няма — мы вырабляем усё неабходнае: ад цэменту і цэглы да найноўшых тэхналогій. І сельская гаспадарка. У гэтым годзе мы плануем, што прададзім сельгаспрадукцыю на $10 млрд. Для Беларусі гэта добрыя аб’ёмы», — заявіў Прэзідэнт.