Беларусь як ніхто зацікаўлена, каб Расія і Украіна заключылі доўгатэрміновы мір, заявіў палітолаг, дэпутат Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Вадзім Баравік, каменціруючы тэлефонную размову Прэзідэнтаў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, паведамляе БелТА.
«Вядома, нам прыемна, што расійскія партнёры ставяцца з павагай і падзякай да той дапамогі, якую мы аказваем у абмене ваеннапалоннымі, тое, што яны нам давяраюць. І Расія, і Украіна дэманструюць давер да беларускага боку, які можа забяспечыць якасна абмен ваеннапалоннымі. Ужо не першы раз мы гэта робім, усё праходзіць у адпаведнасці з дамоўленасцямі і бакі задаволены, — сказаў Вадзім Баравік. — Мы бачым, што Украіна і Расійская Федэрацыя, нягледзячы на пэўныя спекуляцыі ў сродках масавай інфармацыі, асабліва на Захадзе, знаходзяць шляхі да таго, каб усё ж дамаўляцца».
Перагаворы рухаюцца наперад і гэта важна, адзначыў палітолаг. «І тым сілам, якія зацікаўлены ў эскалацыі, не ўдаецца ў поўнай меры гэтага дабіцца, — падкрэсліў ён. — Беларусь у сваю чаргу неаднаразова падкрэслівала, што мы не хацелі б навязвацца як краіна, якая прадастаўляе пляцоўку для перагавораў. Мы паважліва ставімся да ўсіх партнёраў на міжнароднай арэне і разумеем, што і Украіна і Расія павінны самастойна гэтага партнёра выбіраць. Але аб’ектыўна мы зацікаўлены бок у тым, каб не проста прайшлі перамовы, а каб быў заключаны доўгатэрміновы мір. Я ўпэўнены, што няма такой краіны ў свеце, якая ў большай ступені магла б забясьпечыць гэты працэс. Мы — самы матываваны бок».
Мінскія пагадненні — таму пацвярджэнне. «Восем гадоў міру мы падарылі жыхарам гэтых рэгіёнаў. І зараз у Беларусі ёсць усе магчымасці для таго, каб стварыць умовы для найбольш камфортных перагавораў. І мы са свайго боку гатовы ўлічыць усе пажаданні бакоў. Але пры гэтым яшчэ раз варта падкрэсліць, што мы свае паслугі дакучліва не прапануем. Калі і Расія, і Украіна прыйдуць да высновы, што гэта мэтазгодна, мы гэта маем на ўвазе, мы гатовы да такога працэсу і ў нас для гэтага ўсе ўмовы ёсць», — удакладніў Вадзім Баравік.
Як паведамлялася раней, Прэзідэнт Расіі ў тэлефоннай размове падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за аказанае садзейнічанне і дапамогу ў арганізацыі працэсу абмену палоннымі — у развіццё дамоўленасцей, дасягнутых у Стамбуле. Пры гэтым Вадзім Баравік зазначыў, што аб тым, што паступіла падзяка Беларусі з боку Украіны, ён не чуў.
«Мы не дзелім людзей па прынцыпе нацыянальнасці або прыналежнасці да Расіі або Украіны. Мы ставімся як да нашага брацкага народа і да расіян, і да ўкраінцаў. Беларусь паводзіць сябе вельмі цывілізавана, адказна ў гэтым пытанні. Гэта датычыцца і пытанняў перамяшчэння асоб, якія знаходзіліся ў палоне, і іх харчавання. Беларусь па праве з’яўляецца краінай, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы. І ў плане стаўлення да ваеннапалонных, і да асоб, якія праз нашу краіну перамяшчаюцца ў якасці мігрантаў — мы неаднаразова дэманструем, што можам быць прыкладам для большасці краін свету. Мы паводзім сябе вельмі цывілізавана, паважліва», — дапоўніў Вадзім Баравік.
