Сустрэча праходзіць у адзіны дзень інфармавання і прысвечана тэме «Традыцыйныя каштоўнасці беларусаў: сям’я, грамадства, дзяржава».
«Калі мы пачынаем гаварыць пра традыцыйныя, нам зразумелыя і натуральныя каштоўнасці здаровай сям’і, шматдзетнай сям’і, працягу нашага роду, нашай нацыі, у галовах моладзі часам узнікае пэўная сумятня, таму што сацыяльныя сеткі і заходняя культура ў цэлым нясуць моладзі крыху іншыя арыенціры. На жаль, гэта вар’яцтва цяпер там развіваецца з нейкай каласальнай сілай», — заявіў Уладзімір Пярцоў.
Ён выказаў меркаванне, што сустрэчы вочы ў вочы патрэбны для таго, каб паўплываць на гэта, пераканаць, паставіць моладзь на правільныя рэйкі — на нашы асновы, захаваць наш беларускі ўклад.
«Трэба не толькі сваім маналогам, простай мовай, але і адказамі на нязручныя пытанні, на вось гэтыя супярэчнасці, якія ў галовах дзяцей, на жаль, цяпер сфарміраваліся пад уздзеяннем сацсетак, пераконваць, што жыццё працягваецца, і род працягваецца, і прырода, і рэлігія — усё задумана так, каб на нашай зямлі мы жылі паводле сваіх асноў», — падкрэсліў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.
Уладзімір Пярцоў нагадаў, што падчас апошніх войнаў мы страцілі вялікую колькасць нашых грамадзян, патэнцыял. Паводле падлікаў навукоўцаў, калі б не Вялікая Айчынная вайна, у Беларусі жыло б больш за 16 млн чалавек. Усе эканамічныя нішы былі б запоўнены. Шмат таленавітых людзей нарадзілася б на свет.
«Мы не можам дазволіць спыніць наш род, мы не можам сабе дазволіць паддацца на ўсю тую гнюснасць і гадасць, „нетрадыцыйшчыну“, якая ідзе з заходніх сродкаў масавай камунікацыі. Таму будзем сустракацца, камунікаваць, будзем уласным прыкладам, пераканаўчымі фактамі, доказамі фарміраваць у дзяцей і моладзі той самы адзіна правільны светапогляд і стаўленне да пытанняў сям’і, мацярынства, бацькоўства, здаровай сям’і. Казаць і пра тыя складанасці, з якімі можа сутыкнуцца маладая сям’я, што цяпер, на жаль, нярэдка становіцца падставай для разводаў, што дрэнна», — такім меркаваннем падзяліўся першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.
Уладзімір Пярцоў адзначыў, што падчас сустрэчы гатовы адказаць на ўсе пытанні, якія хочуць задаць удзельнікі.
Здаровыя прыярытэты
Здароўе жанчын і дзяцей — аснова якасці жыцця грамадства і ключавы прыярытэт дзяржаўнай палітыкі, заявіў міністр аховы здароўя Аляксандр ХАДЖАЕЎ на сустрэчы з калектывам Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бальніцы.
Паводле яго слоў, сістэма аховы здароўя ўносіць значны ўклад у дабрабыт грамадства, каб у сем’ях нараджаліся здаровыя дзеці і ўсе атрымлівалі неабходную медыцынскую дапамогу:
— Асаблівая ўвага ўдзяляецца ахове мацярынства і дзяцінства. У Беларусі ў гэтым кірунку дасягнуты значныя паказчыкі, якія прызнаюцца на міжнароднай арэне.
— Мы маем усе магчымасці, каб суправаджаць іх і рабіць жыццё больш якасным і эфектыўным, — дадаў Аляксандр Хаджаеў.
Прыярытэту па ахове мацярынства і дзяцінства дзяржава прытрымліваецца паслядоўна, рэалізуючы пяцігадовыя праграмы. Дзяржпраграма «Здароўе нацыі» на 2026–2030 гады нацэлена на раннюю прафілактыку, лічбавую медыцыну і мадэрнізацыю медыцынскіх устаноў.
— Задача, якая пастаўлена кіраўніком дзяржавы перад сістэмай аховы здароўя, — каб даступнасць і якасць медыцынскай дапамогі ў невялікіх раёнах захоўваліся на вельмі высокім узроўні, — адзначыў міністр.
Ключавы элемент
Аб тым, што сям’я з’яўляецца адным з ключавых элементаў нацыянальнай бяспекі Беларусі, расказаў на сустрэчы з калектывам вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Птушкафабрыка Аршанская» міністр працы і сацыяльнай абароны Андрэй ЛАБОВІЧ:
— У Беларусі свята шануюць традыцыйныя каштоўнасці свайго народа, сярод якіх — шчаслівая сям’я. Менавіта на ёй будуецца фундамент нашай сучаснай дзяржавы. Яна нямала робіць для павышэння нараджальнасці, абароны мацярынства і дзяцінства.
Для бацькоў прадугледжаны пэўныя гарантыі ў сферы працоўных адносін, пенсіённага забеспячэння, а таксама адчувальная падтрымка пры нараджэнні і выхаванні дзяцей, у жыллёвым будаўніцтве, нагадаў ён.
Паводле нашых карэспандэнтаў і БелТА