Урачысты сход да 80-годдзя Вялікай Перамогі аб’яднаў усіх неабыякавых да сваёй гераічнай і трагічнай гісторыі людзей. Было бачна па настроі: для ўсіх з іх Дзень Перамогі — найважнейшае свята, якое не адняць, не падмяніць.
А яшчэ яно такое блізкае кожнаму і таму, што практычна няма ніводнай беларускай сям’і, якую б не закранула ваеннае ліхалецце. Сваімі асабістымі гісторыямі, якія з’яўляюцца фундаментам іх уласнай памяці, часціцай усенароднага подзвігу яны падзяліліся з нашымі карэспандэнтамі.
Анатоль ЖАРЫКАЎ, дзіця вайны, палкоўнік у адстаўцы:

— У гады вайны я знаходзіўся ў дзіцячым доме ў Казахстане. У Беларусь вярнуўся ў 1944 годзе, калі вызвалілі Магілёўскую вобласць. 9 Мая — гэта святы дзень. Над галавой — мірнае неба, жывём без аглядкі. Хоць цяпер і няпростая абстаноўка, будзем спадзявацца, што ў выпадку чаго наша армія адстаіць нашу незалежнасць. Кожны год прысутнічаю на парадзе і бачу, як наша тэхніка ўдасканальваецца, узмацняецца: так што вораг нам не страшны, мы пераможам. І моладзь да гэтага заклікаем: быць сапраўднымі патрыётамі сваёй Радзімы. Разам з моладдзю арганізоўваем у школах урокі мужнасці. Заседжвацца не даюць.
Кацярына ДУЛАВА, генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі:

— Дзень Перамогі — гэта свята-памяць. Ëн павінен застацца той падзеяй, якая найважнейшая ў жыцці кожнага. А што было б, калі б не? У нашай сям’і заўсёды захоўвалася памяць аб продках, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне, я выхоўвалася на ёй. Два браты майго бацькі, мае два дзядзькі, былі ўдзельнікамі вайны. Адзін з іх загінуў у Літве, другі — у фінскай вайне. Усё гэта жывое. Бацька расказваў мне, што ён назіраў, як гэта развівалася і як потым аднаўлялася жыццё. Каштоўнасць таго, што ўзнікае потым, не параўнальная ні з чым. Я расказваю аб гэтым сваім дзецям. Бацька майго мужа — інвалід Вялікай Айчыннай вайны. Пры абароне Ленінграда ён застаўся без рукі, але гэта не перашкодзіла яму дасягнуць пасля вайны вышынь. Андрэй Васільевіч Дулаў — заснавальнік кафедры крыміналістыкі БДУ. З такой воляй, такім характарам чалавек, які бачыў боль, пакуты. Мы імкнуліся выхоўваць у дзецях гэтае тонкае разуменне, што гэта не банальныя факты гісторыі, а гэта памяць сям’і, якая адбылася дзякуючы таму, што дзядуля быў такім, што гэта памяць той краіны, дзе ты жывеш.
Уладзімір КАРАНІК, намеснік прэм’ер-міністра:

— Родныя дзядзькі маіх бацькоў былі дзеючымі ваеннаслужачымі на момант пачатку Вялікай Айчыннай вайны. На жаль, ні адзін, ні другі з фронту не вярнуліся. Трагедыя беларускага народа — загінулы кожны трэці. І заўсёды Дзень Перамогі — найвялікшае свята для нас, радасць са слязамі на вачах, як спяваецца ў вядомай песні. З аднаго боку, мы радуемся, што пакаленне пераможцаў змагла зламаць хрыбет фашызму і адстаяць права беларускага народа жыць на сваёй зямлі. З другога боку, мы разумеем, што беларускі народ заплаціў страшную цану. Мы смуткуем як па тых, хто загінуў на палях бітваў, так і па мірных жыхарах, якія былі па-зверску знішчаны акупантамі. Дзень Перамогі — фактычна аснова нашай дзяржаўнасці. Не было б гэтага свята, не было б і сучаснай, такой любімай намі Беларусі.
Валерый МАЛАШКА, старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў:

— У Беларусі, як і ў Расіі, няма такой сям’і, дзе б ні славіўся свой герой. Вельмі важна, што мы сёння не проста памятаем нашых герояў, а перадаём гэту памяць з пакалення ў пакаленне. Як кажа наш Прэзідэнт: калі не ведаеш, што рабіць, паглядзі ў падручнік свайго ўласнага жыцця. Адзін мой дзед паваяваў літаральна тры месяцы і склаў галаву пад Ленінградам. Другі дзед у 1939 годзе пачынаў служыць у Чырвонай Арміі, скончыўшы Саратаўскае ваеннае вучылішча. На жаль, у першыя дні вайны трапіў у палон. У 1943 годзе збег і працягваў змагацца з ворагам у складзе партызанскага атрада. На шчасце, нарадзіў дзяцей і разам з бабуляй аднаўляў народную гаспадарку. Гэтыя гісторыі вельмі важныя для маіх дзяцей, унучак, бо гэта гісторыя той краіны, у якой мы жывём. Гэта тыя ўрокі, якія мы павінны выцягваць у тым ліку з уласнага жыцця, для таго, каб гэтыя жахі больш ніколі не паўтарыліся, і той фашызм, які сёння падняў галаву ў Еўропе і, на жаль, у нашай роднай Украіне, быў знішчаны разам з каранямі.
Сяргей АНДРЭЕЎ, намеснік старшыні Гомельскага гарвыканкама:

— Мой дзядуля, Сцяпан Іванавіч Касьянаў, змагаўся з ворагам на гомельскай зямлі: з’яўляўся камісарам партызанскага атрада «Бальшавік», удзельнічаў у шматлікіх аперацыях. Дзядуля маёй жонкі ваяваў у складзе 2-й гвардзейскай танкавай Тацыанскай дывізіі, якая вызваляла Мінск. Мы памятаем подзвіг сваіх продкаў і будзем перадаваць яго новым пакаленням сваёй сям’і. Мы захоўваем узнагароды нашых дзядоў. Па традыцыі кожнае 9 Мая мы едзем на месцы пахаванняў сваіх гераічных продкаў, каб ушанаваць іх памяць. А ўвечары бяром у рукі іх узнагароды, разглядваем фотаздымкі дзядоў. Дзень Перамогі — святы дзень для нашай сям’і.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання Лілія АНАНІЧ:

— Кожная беларуская сям’я мае ў сваёй хаце трагічную і гераічную старонку. Трагедыя ў нашай сям’і здарылася, калі маю бабулю спалілі немцы ў вёсцы Дунаі Лагойскага раёна. Гераічная старонка звязана з маім бацькам, які ў 17 гадоў пайшоў у партызаны. Дзень Перамогі — гэта заўсёды памяць пра сям’ю, мінулае, шкадаванне, што не ўсё распыталі ў таты. Вялікі гонар, што наша краіна так годна нясе гэту памяць. З болем успрымаю тое, што робіцца на Захадзе, дзе бандэраўцы ўдзельнічаюць у шэсцях, прысвечанай гэтай даце. Можна толькі ўявіць, як было б балюча тым, хто з гэтай Перамогай прыйшоў у Берлін. Але нашы продкі ведаюць, што мы — годныя нашчадкі, яны бачаць, што краіна, якую яны ўжо пакінулі, ўмацавалася за гады незалежнасці пад кіраўніцтвам Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. У мяне дагэтуль захоўваюцца трохвугольнікі-паштоўкі, якія, калі бацька быў жывы, Прэзідэнт дасылаў на кожныя Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці. Гэта духоўны скарб нашай сям’і.
Андрэй ШВЕД, генеральны пракурор:

— Сёння мы як ніколі павінны з’яднацца, як сказаў Прэзідэнт, сціснуўшы зубы, зрабіць усё магчымае для таго, каб памяць аб тых страшных падзеях, уроках Другой сусветнай вайны перадавалася наступным пакаленням. Варта крыху забыць — усё паўторыцца зноў. Вайна закранула і маю сям’ю. Дзядуля маёй жонкі гераічна ваяваў у партызанах, а затым — у дзеючай арміі, мае баявыя ўзнагароды. Мой родны дзядуля прайшоў такі ж шлях: партызаніў, затым ваяваў да 1948 года на франтах Вялікай Айчыннай вайны, затым у Прыбалтыцы. Таму, вядома, мы ганарымся і памятаем, але самае галоўнае, што нашы дзеці і ўнукі павінны не толькі ведаць іх у твар, а і ведаць пра іх подзвіг.
Таццяна ІМШАНЕЦКАЯ, загадчыца кафедры афтальмалогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта:

— Дзень Перамогі — святы дзень для маёй сям’і. Мой бацька, Аляксандр Аляксандравіч Імшанецкі, закончыў Першы Маскоўскі медыцынскі ўніверсітэт у 1943 годзе. Падчас вучобы працаваў на хуткай дапамозе ў Маскве, затым яго разам з аднакурснікамі адправілі пад Сталінград, у выніку няшмат хлопцаў з выпуску дажылі да Перамогі. Бацьку пашчасціла: ён выжыў і ўсё жыццё ён быў ваенным урачом. Быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ΙΙ ступені. Брат маёй мамы загінуў пад Ленінградам. Нашы бацькі былі вельмі сціплыя, таму асабліва не расказвалі пра вайну: сваімі аповедамі імкнуліся не засмучаць блізкіх, берагчы мір, які заваявалі. 9 Мая заўсёды было святам, якое адзначала ўся сям’я, калі ўзгадвалі ўсіх, хто не дажыў да гэтага святога дня. Гэта было вельмі сціплае і цярплівае пакаленне, якое дало зарад на ўсё жыццё.
Міхаіл МЯСНІКОВІЧ, дзяржаўны і грамадскі дзеяч, доктар эканамічных навук:

— Вялікая Айчынная вайна прынесла вельмі вялікія страты: чалавечыя, матэрыяльныя. І калі мы кажам аб тым, што гэта памяць вечная, гэта не толькі даніна павагі таму, што было зроблена ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. Гэта элемент фарміравання патрыятызму ў нашай краіне. Чалавечая памяць так уладкавана, што забываюцца пэўныя даты, прозвішчы. Таму мы павінны быць жывым прыкладам, як трэба захоўваць памяць, мацаваць адзінства нацыі, ганарыцца тым, што мы выстаялі ў цяжкі час выпрабаванняў. Цяпер усё трэба зрабіць для таго, каб новыя пакаленні не страцілі гэтыя каштоўнасці, якія былі заваяваны коштам многіх-многіх жыццяў. Мой бацька прайшоў Вялікую Айчынную вайну. Нядаўна, калі быў у Музеі Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі, знайшоў яго ў спісах, і мне было вельмі прыемна, што ўвекачаны імёны Вялікай Айчыннай вайны, якія прайшлі — хто менш, хто больш — гэтыя 1400 з лішнім ваенных дзён.
Віктар ПЛЯСКАЧ, член Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы, гандлі і будаўніцтве Палаты прадстаўнікоў:

— У маёй жонкі ваявалі і цётка, і дзядзька, які быў ваенным лётчыкам. Нягледзячы на чатыры раненні, прайшоў усю вайну. Пасля Перамогі жыў у Ваўкавыску і вельмі радаваўся, што мы жывём у такой краіне, як Савецкі Саюз. Тыя людзі былі нешматслоўныя, але па міміцы твару, скупой слязе, якую можна было ўбачыць у гэтыя святыя дні, было зразумела, якой дарагой цаной далася Перамога.
Таццяна ПАПОК, настаўніца па класе вакалу Клецкай дзіцячай школы мастацтваў:

— Мае два дзядулі ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне. Адзін з іх загінуў, другі быў паранены, дачакаўся Перамогі і пайшоў з жыцця практычна ў 90 гадоў. 9 Мая для яго было асаблівым днём. Ëн апранаў свой пінжак, увешаны ўзнагародамі, і ўдзельнічаў у шматлікіх мітынгах, іншых мерапрыемствах. Я часта пыталася ў дзеда Рыгора пра вайну, ён расказваў, але, вядома, пра жахі, якія давялося перажыць, маўчаў. Больш расказваў аб паўсядзённых рэчах: на вайне і песні спявалі. Дзень Перамогі — знакавая падзея для кожнага беларуса. Мы павінны даносіць важнасць гэтага дня да нашай моладзі. На днях мы з маёй вучаніцай спявалі песню «Званы Хатыні», яна так праніклася гэтым творам, што расплакалася. Гэта нармальная рэакцыя. Я ёй патлумачыла, чаму важна ўспамінаць пра тыя падзеі.
Мікалай БАРЫСЕНКА, кіраўнік грамадскага аб’яднання «Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб «Вікру»:

— У майго дзядулі было сямёра родных братоў. Пяцёра з іх не вярнуліся з фронту. Месца гібелі толькі аднаго з іх удалося ўстанавіць. Сам дзядуля дапамагаў партызанам-«грышынцам» (атрада імя Грышына. — «Зв».), немцы яго падстрэлілі — ён страціў нагу. Я бачыў, як бабуля, мама спрабавалі знайсці сваіх родных, што згінулі на вайне, але беспаспяхова — ніякіх слядоў. Магчыма, мне гэта перадалося, таму я стаў займацца пошукавай дзейнасцю. Напэўна, сказалася і тое, што і вырас я ў баявым — Чавускім — раёне. Раней свята Перамогі мы не асабліва святкавалі, трымалі яго на адлегласці. Ведалі, колькі мільёнаў людзей знікла без вестак. Толькі ў Беларусі, я ўжо не кажу пра маштаб Савецкага Саюза. Мы лічылі гэты парадны пераможны звон не зусім дарэчным. Не да святкавання было: трэба было больш салдат знайсці, раскруціць невядомыя старонкі гісторыі. Цяпер мы да гэтага адносімся па-іншаму, паглядзеўшы на аб’яднаную Еўропу, што яны вытвараюць, на Штаты. Цяпер для нас Перамога — гэта найперш не даць сказіць яе вынікі, памяць аб тых падзеях. Мы — пакаленні, якія выраслі на гэтай вайне, і калі мы апусцім рукі — грош нам цана.
Руслан ЧАРНЕЦКІ, міністр культуры:

— Абодва мае дзяды загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны. А таму мае бацькі — і маці, і бацька — выраслі сіротамі. Для мяне, маёй сям’і, як і для любога беларуса, гэта асабістая трагедыя. Самае жудаснае, што з усіх ахвяр той вайны (кожнага трэцяга беларуса, трох мільёнаў чалавек) два мільёны — гэта толькі мірнае насельніцтва. Мае дзядулі — у ліку вялікай колькасці людзей, якія зрабілі ўсё для таго, каб у нас было мірнае неба над галавой. І мы проста абавязаны захоўваць памяць аб тых падзеях, перадаваць яе сваім дзецям, унукам.
Фота Лізаветы ГОЛАД