Беларусь, наладжваючы супрацоўніцтва з краінамі далёкай дугі, прапануе не толькі тавары, але і тэхналогіі, сумесныя вытворчасці, а таксама фінансавыя механізмы. Нашы эксперты — аб тым, чым Беларусі цікавыя такія краіны, як М’янма і Аман.
Галоўны стымул — эканамічная зацікаўленасць
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Алег Дзячэнка нагадаў тэзіс Кіраўніка нашай дзяржавы, адрасаваны ўсёй сусветнай супольнасці аб тым, што «Беларусь выступае за сумленны і адкрыты дыялог па важных міжнародных пытаннях і дэманструе гэта ў сваёй палітыцы».

— Прыкладам такой міралюбнай палітыкі з’яўляецца развіццё адносін Беларусі з дзяржавамі далёкай дугі на аснове строгага аналізу канкрэтнай міжнароднай абстаноўкі ў адпаведнасці з адзінай знешнепалітычнай стратэгіяй і нацыянальнымі інтарэсамі, — падкрэслівае парламентарый.
Ён звяртае ўвагу на тое, што ў гэтых умовах асаблівае значэнне набывае супрацоўніцтва нашай краіны з М’янмай і тут галоўным стымулам з’яўляецца эканамічная зацікаўленасць:
— Рост узаемавыгадных гандлёва-эканамічных адносін і фарміраванне доўгатэрміновых эканамічных сувязяў выклікаюць узаемную зацікаўленасць у стабільным развіцці, спрыяюць павазе законных інтарэсаў адно аднаго. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніцтвам М’янмы падкрэсліў, што беларускі бок гатовы забяспечыць дружалюбную нам краіну ўсім неабходным для яе існавання, уключаючы пастаўкі сельскагаспадарчай тэхнікі, харчавання і медыкаментаў.
Дэпутат канстатаваў: Беларусь зацікаўлена ў развіцці гандлёва-эканамічных сувязяў з М’янмай, роўна як і з іншымі краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі, і ніхто не мае права папракаць нашу краіну ў пашырэнні гэтага ўзаемадзеяння.
— Больш за тое, наша краіна гатовая падзяліцца перадавым вопытам палітычнага будаўніцтва, у тым ліку ў сферы парламентарызму, — дапаўняе суразмоўца і прыводзіць прыклад. — У Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь створана рабочая група па супрацоўніцтве з Парламентам Рэспублікі Саюз М’янма, члены якой гатовыя да ажыццяўлення назірання за парламенцкімі выбарамі ў гэтай краіне.
На яго думку, абмен візітамі на вышэйшым дзяржаўным узроўні, асабістыя кантакты паміж нацыянальнымі лідарамі Беларусі і М’янмы, узаемныя паездкі ўрадавых дэлегацый і кіраўнікоў рэальнага сектара эканомікі, правядзенне сумесных дзелавых форумаў і многае іншае спрыяюць умацаванню дружалюбных адносін паміж нашымі краінамі і народамі.
«Мы вучымся працаваць там, дзе нас чакаюць і ў нас маюць патрэбу»
У сваю чаргу старшыня Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Аляксандр Хіжняк у эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё», каменціруючы рабочы візіт Кіраўніка дзяржавы ў М’янму і Аман, патлумачыў, якую цікавасць для Беларусі ўяўляюць краіны далёкай дугі:

— Мы заўсёды павінны шукаць альтэрнатыву. Кіраўнік дзяржавы неаднаразова казаў, што трэба ісці туды, дзе нас чакаюць і дзе мы можам прапанаваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва. Краіны далёкай дугі, як правіла, знаходзяцца ў кропцы старту росту, нягледзячы на магчымыя складанасці ў іх эканамічнай сітуацыі.
Аляксандр Хіжняк падзяліўся меркаваннем, чым Беларусь можа прыцягнуць краіны далёкай дугі:
— Беларусь — краіна з сур’ёзнай пазіцыяй на міжнароднай арэне, мы не сагнуліся пад санкцыйным ціскам, заўсёды маем свой пункт гледжання. Думаю, што гэта прыцягвае іншыя краіны і М’янма не стала выключэннем.
Гаворачы аб гасцінным прыёме, аказаным нашаму Прэзідэнту ў М’янме, кіраўнік партыі адзначыў:
— Беларусам прадэманстравалі: мы адкрытыя да дыялогу, чакаем вас, гатовыя абмяркоўваць не толькі прамыя пастаўкі. Лічу, самы важны аспект — гэта сумесныя праекты. Адкрыццё зборачных вытворчасцяў будзе запатрабаваным. Сёння мала прапанаваць свае тавары — не ў гэтым у першую чаргу маюць патрэбу краіны. Усе хочуць атрымаць тэхналогіі, кампетэнцыі, магчымасць разам зарабляць, і ўсё гэта ў нас ёсць. Мы прапануем не толькі тавары, але і тэхналогіі, сумесныя вытворчасці, а гэта занятасць мясцовых грамадзян.
Аляксандр Хіжняк дадаў, што вопыт падобнай работы дазваляе Беларусі рэалізоўваць свае маркетынгавыя падыходы і стратэгіі па абслугоўванні тэхнікі:
— Мы вучымся працаваць там, дзе нас чакаюць і ў нас маюць патрэбу.
Госць праграмы падкрэсліў, што рэсурсная база М’янмы цікавая і больш буйным гульцам на сусветным рынку:
— Аднак адна справа — здабываць і пастаўляць сыравіну, іншая — перапрацаваць яе, павялічыць дабаўленую вартасць, вырабіць прадукт больш высокага ўзроўню альбо канчатковы прадукт і зарабіць на гэтым разам. Прэзідэнт кажа: «Мы навучым вашых людзей, дапаможам сфарміраваць сістэму адукацыі».
Па словах кіраўніка партыі, кааперацыя з больш багатымі краінамі, такімі як Аман, дазваляе выходзіць на знешнія рынкі, выкарыстоўваючы сур’ёзныя фінансавыя механізмы і інструменты:
— Беларусь заўсёды актыўна выкарыстоўвала фінансавыя механізмы, вельмі шмат інфраструктуры ў краіне пабудавана дзякуючы ім. Лічу, што гэтыя перагаворы адкрываюць у тым ліку інвестыцыйныя перспектывы. Выхад на знешнія рынкі з выкарыстаннем інвестыцый Амана і іншых краін дасць нам новыя магчымасці. Сёння мала нешта прапаноўваць, трэба прапаноўваць і фінансавыя рашэнні — як і за кошт чаго гэта рабіць.
Ёсць важкія зачыны
Узаемадзеянне дзвюх краін апошнім часам значна актывізавалася, у тым ліку дзякуючы абмену візітамі, якія адбыліся раней. Цяперашні прыезд Прэзідэнта Беларусі ў Аман дасць магчымасць прадметна абмеркаваць практычныя пункты ў развіццё раней дасягнутых дамоўленасцяў і рэалізацыі сумесных праектаў у розных сферах.
Старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра паліталогіі Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Аляксандр Маркевіч у эфіры тэлеканала СТБ патлумачыў:

— Аман выступае сур’ёзным інвестыцыйным партнёрам Рэспублікі Беларусь. І тыя дамоўленасці па будаўніцтве прадпрыемства лесаперапрацоўкі, якія ў нас ёсць, яны патрабуюць абмеркавання канкрэтыкі. Гэта адзін момант. Другі момант — гэта тое, што ў нас сур'ёзнае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з Аманам у плане таго, што некалькі свабодных эканамічных зон ёсць у Амане. І мы разглядалі магчымасць стварэння там, у тым ліку ў першую чаргу хабаў па рэалізацыі беларускай тэхнікі, прамысловай тэхнікі. І таксама разглядалі магчымасць стварэння зборачных прадпрыемстваў у Амане з той мэтай, каб на ўвесь рэгіён Персідскага заліва можна было рэалізоўваць гэту прадукцыю. У нас, вядома ж, ёсць і турыстычная сфера.
Дарэчы, Беларусь і Аман заключылі пагадненне аб узаемнай адмене віз. Міжурадавае пагадненне было ў пакеце дакументаў, тэкстамі якіх бакі абмяняліся ў прысутнасці лідараў дзвюх краін па выніках перагавораў, якія прайшлі ў кастрычніку 2025 года ў Мінску. Тады ж было заяўлена, што Аман выдзяляе Беларусі зямлю пад стварэнне турыстычнага кластара.