Выступленне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на Міжнародным патрыятычным форуме Саюзнай дзяржавы «Вялікая спадчына — агульная будучыня» у Валгаградзе было вельмі шчырым і пранікнёным, эмацыйным і надзённым, «трапіла ў нерв», як адзначаць пасля эксперты. Не патэтычныя фразы аб значнасці Перамогі і неабходнасці яе захоўваць гучалі з вуснаў беларускага лідара. Аляксандр Лукашэнка з высокай трыбуны гаварыў на ўвесь свет (а за форумам, з улікам яго ўдзельнікаў, несумненна, сачылі і на Захадзе) аб тым, аб чым мы гаварыць да нядаўняга часу не лічылі патрэбным, а яны — нашчадкі нацыстаў, вельмі хацелі забыцца і што хацелі б выкрасліць з гісторыі. У зусім не ўрачыстай прамове — жудасныя факты злачынстваў нелюдзяў, калектыўнага звера, якому 80 гадоў назад савецкі салдат зламаў хрыбет. І папярэджанне: калі будзем маўчаць — іх нашчадкі, якія падымаюць галаву пры маўклівай згодзе, а то і патуранні заходніх эліт, паднімуцца ва ўвесь рост, затопчуць нашу памяць, забяруць яе ў нашых дзяцей. І тады гісторыя можа паўтарыцца. «Як толькі забудземся шлях да Хатыні, Сталінграда, Брэсцкай крэпасці, усё вернецца зноў, імгненна, нават не заўважым. Таму мы павінны, зубамі ўчапіўшыся, трымацца за гэту гістарычную памяць», — гэтыя словы Прэзідэнта — наказ кожнаму з нас, бо мы ўсе — унукі і праўнукі тых дваіх, што выжылі, калі трэці загінуў...
«Мы жывём, пакуль помнім». Словы на мемарыяле спаленай фашыстамі вёскі Ала мы напісалі для сябе і для сваіх нашчадкаў. Простая ісціна, якую ў сваёй прамове яшчэ раз нагадаў Прэзідэнт, якая, калі хочам быць на гэтай зямлі, павінна перадавацца з пакалення ў пакаленне. Аб гэтым разважаюць і эксперты, якія прысутнічалі на форуме ў Валгаградзе і слухалі прамову Прэзідэнта.
Выступленне Аляксандра Лукашэнкі закранае сваёй адкрытасцю і адсутнасцю якога-небудзь пафасу, лічыць член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, генеральны дырэктар Гомельскага гандлёва-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Фармацыя» Людміла Сапега.
— Па сутнасці, наш Прэзідэнт адкрыта заявіў аб тым, што сёння нам, спадчыннікам пераможцаў, супрацьстаяць нашчадкі тых, супраць каго савецкі народ ваяваў 80 гадоў таму. Гэта дзяды і прадзеды сучасных еўрапейцаў прынеслі на нашу зямлю гора, смерць і незлічоныя пакуты. Пра што Аляксандр Лукашэнка таксама згадаў у сваёй ёй прамове, адначасова нагадаўшы: гераічныя і трагічныя ўрокі Вялікай Айчыннай вайны павінны служыць вечнай перасцярогай ад паўтарэння памылак мінулага.
Сенатар падкрэслівае: скажэнне гістарычнай праўды недапушчальна, у адваротным выпадку па ўсёй Еўропе хутка стануць размахваць сцягамі дывізій СС і ставіць помнікі фашысцкім катам:
— Так, як гэта робіцца цяпер на Украіне і ў прыбалтыйскіх дзяржавах. Магчымым гэта стала таму, што нашым ідэалагічным праціўнікам удалося перафарматаваць свядомасць тамтэйшай моладзі. На нейкім этапе яны і да нашай падабраліся ўшчыльную. Пад выглядам аб’ектыўнасці і альтэрнатыўнай гісторыі імкнучыся не проста апраўдаць, а гераізаваць крывавыя злачынствы, учыненыя на нашай зямлі гітлераўцамі і іх добраахвотнымі памагатым. Як з краін цяперашняга ЕС, так і з ліку нашых здраднікаў.
Людміла Сапега звяртае ўвагу на тое, што не выпадкова Аляксандр Лукашэнка канстатаваў: цяпер ідзе вайна за розумы і галовы нашых людзей:
— І інакш, як падрыхтоўкай да гарачай фазы чарговай сусветнай бойні, барацьбу на ідэалагічным фронце разглядаць нельга. Прайграць у ёй мы не маем права. І калі 83 гады таму для гераічных абаронцаў Сталінграда не было зямлі за Волгай, то сёння мы, іх нашчадкі, не маем права ні на ёту паступіцца сваёй гістарычнай памяццю. Як сказаў Прэзідэнт, мы будзем зубамі трымацца за яе. Дзеля будучыні нашых дзяцей унукаў, дзеля таго, каб больш ніколі на зямлі не паўтарыліся жахі Хатыні, Алы, Азарыч, Чырвонага Берага...
Выступленне Прэзідэнта ў Валгаградзе нікога не пакінула абыякавым, падкрэслівае намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Алег Дзячэнка:
— Для нас, беларусаў, якія страцілі кожнага трэцяга ў гады ваеннага ліхалецця, словы Кіраўніка нашай дзяржавы аб захаванні гістарычнай памяці і абароне гістарычнай праўды аб Вялікай Айчыннай вайне асабліва важныя.
Ён нагадаў, што кожная сям’я страціла родных і блізкіх у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і боль ад страты да гэтага часу перадаецца з пакалення ў пакаленне:
Парламентарый канстатуе: беларусы свята ўшаноўваюць памяць аб усіх, хто аб’яднаўся дзеля выратавання свету ад «карычневай чумы» і стаў у шэрагі непрымірымых змагароў з чалавеканенавісніцкай нацысцкай ідэалогіяй, хто смела кінуў выклік ваеннай машыне аб’яднанай Еўропы.
— Наш Прэзідэнт магістральна пазначыў дзяржаўную лінію на прымнажэнне гістарычнай памяці, сказаўшы літаральна наступнае: «У Беларусі мы актыўна прасоўваем у грамадстве разуменне таго, што памяць аб Вялікай Перамозе — гэта частка нацыянальнай ідэі. Мы стараемся рабіць усё, каб нашы дзеці памяталі, што гэтай перамогай мы моцна звязаны рускім народам, усімі народамі былога Савецкага Саюза», — акцэнтуе ўвагу Алег Дзячэнка.
Разам з тым, сёння на Захадзе можна назіраць абсалютна іншыя тэндэнцыі:
— Нашчадкі фашысцкіх нелюдзяў пры адкрытым патуранні палітычнага кіраўніцтва шэрагу еўрапейскіх краін руйнуюць манументы, абеліскі і мемарыялы, устаноўленыя савецкім воінам-вызваліцелям, апаганьваюць месцы пахаванняў, вядуць прапаганду неанацызму і рэваншызму, займаюцца перапісваннем гісторыі. Прычым гэта не проста нейкія асобныя эксцэсы з боку маргіналаў з праварадыкальных колаў, а арганізаваная палітыка тых кіруючых сіл, якія люта ненавідзяць славянскі свет і па-ранейшаму імкнуцца «Дранг нах Остэн». Па-іншаму і не назавеш гэтае агрэсіўнае пашырэнне Паўночнаатлантычнага ваенна-палітычнага альянсу, якое адбываецца ў парушэнне ўсіх дамоўленасцяў і нормаў міжнароднага права.
Парламентарый робіць выснову:
— У гэтым заключаецца ўся сутнасць няўдзячнага Захаду, які свядома ўпаў у стан гістарычнай дэменцыі і аддаўшы забыццю жахі мінулай вайны, стаў на слізкі шлях развязвання новых «халодных» і «гарачых» кровапралітных войнаў на еўрапейскім кантыненце.
— Кіраўнік дзяржавы у сваім выступленні падкрэсліў нашу агульную гістарычную памяць, подзвіг брацкіх народаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Народаў, якія разам прайшлі скрозь найцяжэйшыя выпрабаванні, адстаялі сваю незалежнасць і будучыню, — сказала ў каментарыі «Звяздзе» член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, дырэктар Бярозаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Таццяна Ігнацюк.
— Аляксандр Рыгоравіч мае рацыю: разам мы — наймагутнейшая сіла, якую немагчыма зламаць, — перакананая сенатар. — Яго заклік да паглыблення інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы, развіцця эканамічных, культурных і абаронных праектаў не проста словы, а выразны арыенцір для ўсіх органаў улады. Бо менавіта праз супрацоўніцтва мы забяспечваем стабільнасць і росквіт нашых грамадзян. Сёння па-асабліваму гучыць акцэнт Прэзідэнта аб абароне праўды аб Вялікай Перамозе і супрацьдзеянні спробам перапісаць гісторыю. Гэта пытанне нашай нацыянальнай ідэнтычнасці і бяспекі.
Таццяна Ігнацюк упэўнена, што мы ідзём верным курсам, і, прытрымліваючыся запаветаў нашых продкаў, захаваем і прымножым дасягненні.
— Як падкрэсліў Прэзідэнт, нас ніколі не перамогуць, пакуль мы адзіныя! —сказала сенатар.
Член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Шпакоўскі ў сваім тэлеграм-канале «Шпакоўскі. Па сутнасці», каментуючы моцнае выступленне кіраўніка дзяржавы на форуме ў Валгаградзе, адзначае, што заходнія палітычныя эліты спрабуюць сцерці памяць пра Вялікую Перамогу
Палітолаг акцэнтуе ўвагу на паняцці «саюзнікі»:
— Тыя, хто захаваў святую памяць аб Вялікай Перамозе. І пытанне не толькі ў тым, што хрыбет гідры нацызму зламаў менавіта савецкі народ.
Ён канстатуе: не менш важным з’яўляецца той факт, што менавіта Савецкі Саюз падвергнуўся дагэтуль нябачанай ваеннай агрэсіі, стаў аб’ектам палітыкі генацыду, саўдзельнікамі якой сталі палітычныя эліты і народы многіх краін Захаду.
— Гэты факт яны спрабуюць упарта сцерці і забыцца. Але існаванне Брэсцкай крэпасці, Хатыні, Мамаева кургана, Ржэўскага мемарыяла савецкаму салдату не дазваляюць ім гэта зрабіць, — падкрэсліў Аляксандр Шпакоўскі.
— Забыцца пра ахвяры вайны, пра пакуты савецкага народа — значыць здрадзіць памяці тых, хто пацярпеў і аддаў свае жыцці за мірную будучыню. Памяць аб Вялікай Перамозе — гэта наш святы абавязак, наша гістарычная адказнасць перад будучымі пакаленнямі, — адзначыла член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, дырэктар Маладзечанскай спецыяльнай школы-інтэрната Наталля Глінская.
— Сёння свядомая і наўмысная фальсіфікацыя Вялікай Айчыннай вайны і Другой сусветнай вайны ў цэлым, гістарычных перамог савецкага народа і Чырвонай Арміі значна ўзрасла, — перакананая суразмоўца. — Мэта відавочная — адабраць у нас Вялікую Перамогу, аддаць забыццю тыя зверствы і злачынствы, якія чынілі гітлераўцы. Мы сутыкаемся не з абстрактнымі тэарэтычнымі спрэчкамі, а з рэальнымі дзеяннямі, накіраванымі на перагляд вынікаў вайны. Гэта дэгераізацыя подзвігаў нашых продкаў, спробы прынізіць іх ролю ў разгроме фашызму, а замест гэтага ўзвялічванне здраднікаў Радзімы — уласаўцаў, бандэраўцаў, прыбалтыйскіх калабарацыяністаў. Гэтыя дзеянні накіраваны на тое, каб перапісаць саму гісторыю, сказіць яе сэнс і высновы. Гэта проста спроба не толькі перапісаць падручнікі, а мэтанакіраванае ўкараненне ілжывых установак у грамадскую свядомасць.
Сенатар падкрэслівае: спыніць фашызм — наша задача сёння:
— Мы павінны перадаваць праўдзівыя веды пра падзеі вайны маладому пакаленню як духоўную спадчыну, здабытую нашымі продкамі праз пакуты, гераізм і няскоранасць. Гэта спадчына — неад’емная частка нашай культуры, якая фарміруе каштоўнасныя арыенціры і выхоўвае пачуццё патрыятызму.
Сенатар звяртае ўвагу на той факт, што ўдзел прэзідэнтаў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнкі Уладзіміра Пуціна надаў патрыятычнаму форуму ў Валгаградзе не проста афіцыйны статус, а глыбокі сімвалізм і выключную значнасць:
— Гэта пацвярджае наяўнасць цесных і даверных сувязяў паміж дзвюма краінамі, а таксама іх гатоўнасць сумесна вырашаць надзённыя праблемы і будаваць агульную будучыню, заснаваную на моцным падмурку ўзаемаразумення і павагі да агульнай гісторыі.
Абарона памяці аб вайне — гэта наймагутнейшы стрымліваючы фактар супраць адраджэння нацызму, лічыць Вадзім Гігін, член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў. На яго думку, адраджэнне нацызму — гэта адна з самых вялікіх небяспек, якія ёсць зараз, бо ён не проста падняў галаву, у шэрагу краін ён расквітнеў, на вялікі жаль. «І зараз, калі Расія і Беларусь пацвярджаюць і сведчаць гэту праўду сапраўдную аб Вялікай Айчыннай вайне, мы паказваем подзвіг нашых продкаў, жахі, якія звязаны з гітлерызмам, каб гэта была прышчэпка для будучыні, супраць адраджэння гэтых чалавеканенавісніцкіх ідэй», — заўважыў Вадзім Гігін.
Падзяліўся дэпутат і ўражаннем ад выступлення Прэзідэнта: «Наш кіраўнік дзяржавы гаварыў аб тых пагрозах і выкліках, якія існуюць сёння, аб тым, як фактычна нашчадкі Трэцяга рэйха, тых людзей, якія ваявалі супраць нас, спрабуюць сказіць нашу памяць. Гэта прамова трапляе менавіта ў той нерв, з якім выступалі ўсе ўдзельнікі Форуму. На Сталінградскай зямлі, на Мамаевым кургане адчуванне агульнасці нашых лёсаў абвострана, як ніколі. Прэзідэнт гаварыў, што гэта наша Перамога. І наш абавязак — адстойваць памяць для таго, каб захаваць пераемнасць і самае галоўнае — захаваць мір»
Вадзім Гігін падкрэсліў, што гэта не проста размовы — гэта праграма дзеянняў, накіраваная ў будучыню: «Мы дамовіліся аб правядзенні наступнага форуму, аб стварэнні камісіі па захаванні гістарычнай памяці пра Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі. Усё гэта, безумоўна, будзе зроблена. Таму што адзінства лёсаў патрабуе ад нас узгодненай гістарычнай палітыкі, накіраванай на тое, каб мы перадавалі з пакалення ў пакаленне памяць аб Вялікай Перамозе. Так і будзе!»
Па словах намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Вячаслава ДАНІЛОВІЧА, выступленне беларускага Прэзідэнта падчас патрыятычнага форуму ў Валгаградзе было вельмі эмацыйным, насычаным і з гістарычнага, і з ідэалагічнага пункту гледжання. «У чарговы раз Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што памяць аб Вялікай Айчыннай вайне, трагедыі і гераізме тых падзей з’яўляецца цэментуючай асновай для нашага грамадства, — удакладніў ён. — Больш таго, кіраўнік дзяржавы нагадаў народную мудрасць аб тым, што народ, які не ведае сваёй гісторыі, не мае будучыні. І калі мы, не дай Бог, з вамі страцім нашу гістарычную памяць, калі мы або нашы нашчадкі пераўтворацца ў Іванаў, якія не памятаюць роду, тады фактычна ніякай будучыні ні ў нашай дзяржавы, ні ў нашага грамадства, народа не будзе. Таму наш святы абавязак — захоўваць памяць аб трагедыі і гераізме нашых продкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны».
Парламентарый падкрэсліў, што мы не павінны баяцца перадаваць памяць аб трагедыі беларускага народа, гераізме нашых продкаў у перыяд ваеннага ліхалецця маладому пакаленню. «Ураджэнцы Беларусі ваявалі фактычна на ўсіх франтах Вялікай Айчыннай вайны, — сказаў дэпутат. — Прэзідэнт узгадаў Аляксандра Вашчанку, які паўтарыў подзвіг Матросава, назваў іншыя імёны. Гісторыя — гэта заўсёды персаналіі. Па-іншаму не бывае. Мы не павінны трансліраваць сухія гістарычныя факты, а падаваць іх эмацыйна — менавіта так, як зрабіў кіраўнік нашай дзяржавы ў сваім выступленні ў горадзе-героі Валгаградзе»
Вячаслаў Даніловіч звярнуў увагу на тое, што пасылы, агучаныя Прэзідэнтам на патрыятычным форуме, пераклікаюцца з падпісанай ім жа Дырэктывай № 12. «Гэты дакумент вельмі дакладна паказвае, што ніякая ідэалогія без апоры на гістарычнае мінулае выбудоўвацца не можа, — канстатаваў дэпутат. — Асаблівую каштоўнасць для нас набываюць падзеі Вялікай Айчыннай вайны, бо калі б не Перамога ў ёй, не было б ні беларускага народа, ні беларускай дзяржаўнасці».
Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Алена Стальбоўская з гутарцы з карэспандэнтам zviazda.by пракаментавала магутнае выступленне прэзідэнта на міжнародным патрыятычным форуме ў Валгаградзе.
Сенатар звяртае ўвагу на тое, што сёння мы з’яўляемся сведкамі беспрэцэдэнтнага ціску на Саюзную дзяржаву, што ажыццяўляецца з дапамогай развязанай Захадам інфармацыйнай вайны:
— Мэтай гэтай вайны з’яўляецца падрыў нашых сапраўдных каштоўнасцяў, скажэнне гісторыі і паслабленне суверэнітэту. Асаблівую трывогу выклікае той факт, што гэтая вайна вядзецца перш за ўсё за розумы і сэрцы людзей, моладзі.
Алена Стальбоўская падкрэслівае: гісторыя вучыць, што скажэнне праўды і маніпуляцыя грамадскай думкай з’яўляюцца вернымі прадвеснікамі рэгіянальных, а ў наступстве — і маштабных канфліктаў:
— Менавіта таму ключавая задача для нас цяпер — адстойванне гістарычнай праўды. Як адзначыў наш Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ў сваім выступленні на міжнародным патрыятычным форуме Саюзнай дзяржавы: «Мы — спадчыннікі вялікага пакалення — герояў-пераможцаў. Гэты статус да многага абавязвае».
Сенатар пераканана: мы абавязаны абараняць наша агульнае мінулае ад перапісвання і фальсіфікацый, якія выкарыстоўваюцца для распальвання варожасці і стварэння штучных падстаў для канфрантацыі:
— Нельга недаацэньваць агрэсіўнае пранікненне Заходняй ідэалогіі ў нашы інфармацыйную і культурную прасторы.
На яе думку, перапісванне гісторыі, насаджэнне чужых нам каштоўнасцяў, прапаганда дэструктыўных мадэляў паводзін, маніпуляванне грамадскай думкай — усё гэта элементы стратэгіі, накіраванай на паслабленне нашай нацыянальнай ідэнтычнасці і падрыў адзінства Саюзнай дзяржавы.
— Як адзначыў наш Прэзідэнт, вайна за розумы людзей, іх галовы ўжо пачалася, а наступны этап — гарачая фаза вайны і гэта суровая рэальнасць сучаснага свету. Таму наша сіла — у адзінстве, у веданні сваёй гісторыі, у вернасці традыцыйным каштоўнасцям і ва ўменні крытычна ацэньваць інфармацыю, якая паступае звонку, — перакананая Алена Стальбоўская. — І пасыл Кіраўніка дзяржавы як заўсёды канкрэтны: «для абароны гістарычнай памяці трэба рабіць яшчэ больш. Ніколі нельга расслабляцца»
Яна нагадвае, што сёння пракуратура Беларусі расследуе жахлівыя факты генацыду беларускага народа, выкрывае новыя факты злачынстваў часоў Вялікай Айчыннай вайны савецкага народа і агучвае іх.
— І калі сёння ў прыбалтыйскіх краінах і ва Украіне моладзь размахвае сцягамі дывізій СС, ставіць помнікі фашысцкім катам і ўсё гэта з маўклівай згоды астатняга Захаду, мы маўчаць не павінны, і вядома ж не будзем, — падкрэслівае сенатар.
На яе думку, захаванне міру, абарона гістарычнай праўды і супрацьдзеянне дэструктыўнай ідэалогіі — гэта не кароткатэрміновая кампанія, а бесперапынны працэс:
— Ён патрабуе ад кожнага грамадзяніна ўсведамлення сваёй адказнасці за будучыню, за захаванне нашай гісторыі і культуры, за перадачу гэтых каштоўнасцяў будучым пакаленням. І ў рамках Саюзнай дзяржавы, разам, плячом да пляча, мы зможам адстаяць нашы ідэалы і забяспечыць мірную і квітнеючую будучыню для нашых народаў. І як сказаў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка: «Разам мы — наймагутнейшая сіла. І нас ніколі не перамагчы!».
Па словах старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Генадзя ЛЕПЯШКО, на жаль, памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны мае патрэбу ў абароне. «Мы — нашчадкі Вялікай Перамогі, мы гэтым ганарымся і гучна пра гэта заяўляем, — падкрэсліў дэпутат, каментуючы выступленне Прэзідэнта Беларусі ў Валгаградзе. — Таму калі мы бачым, што нашчадкі фашыстаў спрабуюць узняць галаву, робім усё неабходнае для таго, каб расказаць праўду. Наша моц — у праўдзе. У нашых руках ёсць магутная зброя — праўда, з якой мы разам з краінамі былога Савецкага Саюза пераможам».
Па словах парламентарыя, уражваюць тыя факты, аб якіх казаў Прэзідэнт, маючы на ўвазе работу Генеральнай пракуратуры, калі адкрываюцца новыя і новыя зверствы, якія ўчыняліся фашыстамі на нашай зямлі. «І правільна сказаў кіраўнік дзяржавы, што, трансліруючы гэту інфармацыю ў масы, аб псіхіцы не трэба задумвацца, — канстатаваў Генадзь Лепяшко. — Трэба гэтыя факты паказваць для таго, каб нашы дзеці ўжо з маленства разумелі, што нясе ў сабе фашызм, нацызм».
Памяць пра герояў Вялікай Айчыннай вайны не павінна растварыцца ў часе. Такое меркаванне ў гутарцы з карэспандэнтам zviazda.by выказала член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, старшыня Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Тамара КРАСОЎСКАЯ.
— Наш свяшчэнны абавязак — захаваць і перадаць нашчадкам праўду пра вялікі подзвіг нашага народа, пра бяспрыкладную мужнасць і самаахвяраванне мільёнаў людзей, якія цаной сваіх жыццяў адстаялі свабоду і незалежнасць Радзімы, — пераканана суразмоўца. — Памяць пра герояў Вялікай Айчыннай вайны не павінна растварыцца ў часе. Забыццё было б здрадай у адносінах да загінуўшых герояў, непавагай да гісторыі сваёй краіны. Калі мы дазволім гэтаму здарыцца, то рызыкуем страціць найважнейшую частку сваёй ідэнтычнасці, маральныя арыенціры і каштоўнасці, якія аб’ядноўваюць беларусаў.
Сенатар акцэнтуе ўвагу на тым, што нашаму народу неабходна выстаяць і ў цяперашняй інфармацыйнай вайне, усяляк супрацьстаяць спробам фальсіфікацыі гісторыі:
— Гэта сапраўды важна для прадухілення рэальнай «гарачай» вайны.
На яе думку, супрацьдзеянне скажэнню гістарычнай праўды — гэта барацьба за захаванне міру:
— Беларусы павінны актыўна развенчваць міфы і прапагандысцкія штампы. Для гэтага неабходна рэалізоўваць яшчэ больш асветніцкіх і патрыятычных праектаў, даносіць да падрастаючага пакалення ісціну пра вайну.
Тамара Красоўская дадае: гатоўнасць даць рашучы адпор любым спробам фальсіфікацыі — гэта пытанне нацыянальнай бяспекі і захавання міру:
— Бо той, хто кантралюе мінулае, кіруе сучаснасцю і будучыняй.
На заканчэнне яна выказала ўпэўненасць, што мудрасць, адзінства і стойкасць беларускага народа дапамогуць выстаяць у інфармацыйным проціборстве і захаваць праўду аб Вялікай Перамозе:
— Гэта будзе найлепшай данінай памяці героям і надзейнай заслонай ад новай вайны.
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Алег РАМАНАЎ лічыць, што выступленне кіраўніка дзяржавы на форуме ў Валгаградзе з’яўляецца адным з найбольш моцных выступленняў беларускага лідара на гістарычную тэматыку. «Прагучала праграмнае выступленне нашага Прэзідэнта, якое датычыцца значэння Вялікай Перамогі ў нашай культуры, ідэалогіі, нацыянальнай ідэі, — перакананы дэпутат. — Прэзідэнт выказаў думку аб тым, што Вялікая Перамога стала часткай нацыянальнай ідэі беларускага народа. Кіраўнік дзяржавы часта казаў аб тым, што наша нацыянальная ідэя, наша ідэалогія не павінна быць кабінетнай, што яна не павінна нараджацца толькі ў розумах тэарэтыкаў, а павінна нараджацца ў глыбіні народнага жыцця, быць плёнам культуры і народнай творчасці. Тыя адносіны да Вялікай Перамогі, якія ёсць у нашага народа, у поўнай меры адпавядаюць гэтаму прынцыпу».
Па словах дэпутата, беларускі лідар справядліва сказаў аб тым, што гістарычныя веды — гэта не толькі веды аб мінулым, гэта веды і аб будучыні. «Калі мы будзем ведаць сваю гісторыю, памятаць аб Брэсце і Хатыні, Буйніцкім полі і Сталінградзе, блакадным Ленінградзе і Курску, подзвігу нашых войскаў пры ўзяцці Берліна, гэта будзе аказваць станоўчы ўплыў на развіццё беларускага грамадства», — падкрэсліў Алег Раманаў.
Парламентарый адзначыў, што Прэзідэнт вельмі дакладна сказаў аб суб’ектах нацысцкай ідэалогіі, тых, хто сёння стаіць на ілжывым баку гісторыі. «Гэта мы павінны ведаць для таго, каб разумець, як выбудоўваць адносіны з калектыўным Захадам і чаго ад яго можна чакаць, — патлумачыў Алег Раманаў. — Прэзідэнт агучыў вельмі важную думку аб тым, што нам трэба разумець і сапраўдны ўклад у Вялікую Перамогу нашых суседзяў. Гэта прыбалты, украінцы, палякі, якія ўчынялі акты генацыду на беларускай зямлі. Гэта не толькі памяць аб мінулым. Гэта разуменне таго, як з гэтымі народамі і іх палітыкамі можна і патрэбна працаваць на сучасным этапе».
Маральны абавязак кожнага — аберагаць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны ад хлусні і скажэнняў. Такое меркаванне ў гутарцы з карэспандэнтам zviazda.by выказаў член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр ГАРОШКІН.
— Выступленне Аляксандра Лукашэнкі на патрыятычным форуме Саюзнай дзяржавы «Вялікая спадчына — агульная будучыня» ў Валгаградзе было яркім і эмацыйна моцным, — падкрэслівае суразмоўца. — У сваёй прамове кіраўнік нашай дзяржавы падкрэсліў веліч мужнасці нашых продкаў, якія, нягледзячы на смяротную пагрозу, не адступілі і працягвалі барацьбу да поўнай перамогі. Менавіта іх стойкасць і рашучасць сталі залогам вызвалення нашай краіны і ўсяго свету ад фашысцкай пагрозы.
Яшчэ адзін важны тэзіс, на які звяртае ўвагу сенатар, — захаванне праўды:
— Прэзідэнт нагадаў аб задакументаваных зверствах фашысцкіх катаў падчас Вялікай Айчыннай вайны: аб немаўлятах, уздзетых на штыкі, аб звар’яцелых ад жаху маці, аб рэках пралітай крыві і слёз. У той час як у некаторых краінах цынічна спрабуюць абяліць злачынствы фашыстаў, мы не маем права маўчаць і абавязаны нагадваць пра тыя жахі, якія былі перажытыя мільёнамі людзей. Гэта ў чарговы раз падкрэслівае важнасць захавання гістарычнай памяці, неабходнасць непрымірымай барацьбы з любымі спробамі абялення і гераізацыі нацысцкіх злачынцаў.
Толькі разам мы можам супрацьстаяць любым пагрозам, падкрэслівае Аляксандр Гарошкін:
— І сёння, як ніколі, мы абавязаны разумець: свяшчэнная памяць аб Вялікай Перамозе — гэта не толькі глыбокая павага да мінулага, але і маральны абавязак кожнага з нас: абараняць праўду, аберагаць яе ад хлусні і скажэнняў.
Парламентарый канстатуе:
— Выступленне Кіраўніка дзяржавы — гэта напамін аб нашай кроўнай адказнасці за захаванне сапраўднай гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, за несмяротную славу нашых герояў. Мы павінны стаяць на варце праўды, каб нашы дзеці і ўнукі заўсёды памяталі, якой цаной была заваявана гэтая перамога, і шанавалі свет, адваяваны жыццямі іх дзядоў і прадзедаў.
Фота БелТА, sb.by.